У памяці… вочы мокрыя

І зноў дарога ў Германію. Адно што на гэты раз — з вунь якім камфортам, на самалёце! Яно і добра, што на самалёце: хутка і без клапот. Васьмідзесяцігадовая бабуля Ніна не паспела “растрэсціся” па дарозе і расхвалявацца. Іначай бы прыглядалася да кожнага кусціка, да кожнай мясцінкі, што падасца знаёмай. Якой там знаёмай! Везлі ў сорак трэцім дзе на грузавіках, дзе ў вагонах-цялятніках. А як вызвалілі амерыканцы ў сорак пятым, з горам дабіраліся дадому.

Тады на дарогу не зважалі, хутчэй дадому хацелася. Ды хай яна спрахне — гэтая дарога да Германіі! І не хацела ляцець, ды родныя, знаёмыя ўгаварылі: з’ездзі, што ты губляеш? Усё — бясплатна, усё — за кошт нямецкага боку. Адно пісьмо-запрашэнне прыйшло, за ім другое, трэцяе. Рызыкнула. І сапраўды, што яна губляе, паехаўшы праз шэсцьдзясят з лішкам гадоў на спатканне са сваім суровым маленствам!

Здаецца, ёй ужо няма чаго губляць, бо самых дарагіх людзей страціла яшчэ ў вайну. А з астатнімі развіталася на далейшых жыццёвых сцежках. Прозвішча яе дзявочае было гучнае. Прама скажам, партызанскае — Дуброўская. Партызанскі і лёс напаткаў. Яе старэйшы брат Павел быў да вайны старшынёй калгаса. Зразумела, такіх фашысты не пашкадавалі б. А таму неўзабаве пасля таго, як з’явіліся ў акрузе партызаны, сышоў у атрад. А ўслед за ім у партызаны пайшла і старэйшая сястра з мужам. Астатніх жа, хто застаўся дома, нічога добрага чакаць не магло.
Фашысты ўвогуле лютавалі ў іх роднай вёсцы Чарэя. Спачатку расстралялі ўсіх яўрэяў. А затым надышла чарга расправы і з іншымі жыхарамі, асабліва з тымі, хто меў сувязь з партызанамі. Спачатку карнікі ўварваліся ў братаву хату, жонка яго паспела выскачыць і ўцячы, а хата запалала. А наступным днём “нанеслі візіт” і да іх. Ніна ўпэўнена, што сям’ю здала адна гадаўка, якая хавалася ў іх на гарышчы. Прыгрэлі на сваю бяду гадзюку.
Усіх у турму кінулі, акрамя аднаго з братоў, які на той час у суседнюю вёску паехаў. Пасля ён таксама партызаніў. З месяц, калі не болей, сядзелі ў засценку ў Чашніках, а затым перавялі ў Лепель. Галадалі. Дзякуй урачу Бакштаеву, які сябраваў з бацькам. Ён часам прыносіў у турму бацьку перадачы.
У лепельскай турме закатавалі ды расстралялі бацькоў. Дзе яны пахаваны, Ніна Кузьмінічна дакладна не ведае, кажа, нібыта пад Чарнаруччам у брацкай магіле. А яе ў канцы сакавіка сорак трэцяга года адправілі ў нямецкае рабства.
* * *
Самалёт прызямліўся ў Гамбургу. Эх, як хораша, як гасцінна сустрэлі іх немцы! Накрылі шыкоўны стол: садавіны, агародніны заморскай — еш не хачу! Частавалі каваю, усё распытвалі праз перакладчыка, а то і самі распавядалі, і ўвесь час вінаваціліся. Разумела бабуля Ніна, што гэта не тыя фашысты, якія чынілі расправы ў Чарэі, закатавалі ў Лепелі яе бацькоў, марылі голадам яе ў Гамбургу ў лагеры, а затым у баўэраў трымалі ў пакойчыку побач са свіннямі. Кармілі свіней куды як лепей. Дзве скібачкі хлеба дадуць парабкам — тоненькія, сонейка праз іх бачна…
А зараз во садавінай заморскай ды каваю іх дзеці, не, хутчэй, ужо ўнукі віну сваю гістарычную змываюць. Разумела Ніна Кузьмінічна, што гасцюе ў без віны вінаватых маладых людзей, якія і вайны той крывавай не ведаюць, і частуюць ад душы. І крыўды ды нянавісці, па праўдзе, да іх не мела. А есці чамусьці не хацелася і прыкра было на душы. Слухалі ўважліва, распытвалі, спачувалі, і толькі калі перакладчык давёў, што трапіла ў палон за сувязь з партызанамі, раптам сумеліся, сцішыліся, спахмурнелі. А што ж вы хацелі, шаноўныя, каб народ наш, як авечак, на заклад вялі, а мы і не супраціўляліся?!
Сем дзён жылі ў цудоўнай гасцініцы ў вёсцы Катэль. Аб’ездзілі ўвесь Гамбург — знаёміліся з яго славутымі мясцінамі. Бывалі ў школах, гутарылі з дзецьмі, ездзілі па цэрквах, былі ў ратушы. Праўда, той мясціны, дзе ў вайну размяшчаўся іх лагер, немцы не знайшлі. Ці не захацелі? А вось экскурсія да баўэра ў вёску адбылася.
* * *
І — вось дзіва — праз столькі гадоў Ніна прызнала тыя мясціны, дзе была ў рабстве. Дом, праўда, не захаваўся, згарэў, на яго месцы пабудаваны новы. І гаспадар неўзабаве пасля вайны памёр. Ён тады ўжо быў хворы, сам не працаваў. Услед за ім пайшла з жыцця і гаспадыня. Тая, бывала, шчыравала па гаспадарцы нароўні з парабкамі: кароў даіла, свіней карміла. Працавалі на плантацыі. Буракоў садзілі шмат. Восенню аднекуль сюды з’язджаліся сезонныя працаўнікі, дапамагалі сабіраць ураджай. Сям’я была вялікая: самі, дзеці, унукі. Парабкі жылі асобна, у той палавіне хаты, што межавала з гаспадарчым дваром. Яшчэ было цёмна, а гаспадыня ўжо грукала ў акно: “Ніна, уставай!” А ўставаць так не хацелася шаснаццацігадовай дзяўчынцы, якая шчасця ў жыцці яшчэ і не пабачыла. Гаспадарку трымалі вялікую, ды ўсё здавалі, нічога сабе не пакідалі, да грошай, відаць, зайздроснымі былі.
Па меры таго, як насоўваўся фронт, гаспадары ўсё лепей кармілі парабкаў. Адчувалі чэрці блізкае пекла. А ўжо як прыйшлі амерыканцы, то ўвогуле на стол апошняе выставілі, частавалі. Хітрыя!
* * *
У новым доме гаспадарыць Мары-Луіза. Ніна нечакана пазнала ўнучку колішняй сваёй гаспадыні. Тады, у вайну, яна была зусім маленькай.
Доўга размаўлялі дзве пажылыя жанчыны, усё распытвалі адна другую і плакалі. У саракавыя яны былі па абодва бакі вайны, якая зрабіла іх ворагамі. А сёння, калі на вуліцы іншае стагоддзе і нават тысячагоддзе, якая там варожасць! Сустрэліся дзве блізкія душы, якім хапіла чаго перажыць і ёсць што ўспомніць.
І паляцелі з Германіі ў Лепель, дзе зараз жыве Ніна Кузьмінічна Пшонка, віншавальныя паштоўкі. Яны, хоць і абуджаюць штораз шчымлівыя ўспаміны дзяцінства, аднак і радуюць чамусьці бабулю Ніну. У памяці вочы мокрыя, а душа лагодная.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Ніна Кузьмінічна Пшонка.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.