Новае аблічча старой мэблі

З чаго пачынаць сваю справу? Гэтым пытаннем задаюцца многія, хто вырашыў пусціцца “на вольны хлеб”. Для кагосьці гэта пара цяжкіх і пакутных роздумаў, а хтосьці вырашае яе мімаходзь, рашэнне нібы з’яўляецца само сабой. Прыблізна так было і ў Васіля Карабаня яшчэ ў пачатку 90-ых гадоў, калі пачаліся праблемы на заводзе шасцерань, дзе ён адпрацаваў заточнікам 13 гадоў.
Ездзіў на заробкі ў Маскву і Падмаскоўе, у асноўным па будаўнічых спецыяльнасцях.

У той час завод шасцерань часта і падоўгу прастойваў, рабочых ахвотна адпраўлялі ў неаплачваемыя водпускі, таму вольнага часу было багата.
— У Падмаскоўі тады не была наладжана вытворчасць гатовых вырабаў з драўніны, найперш тых жа самых вокнаў і дзвярэй, — успамінае зараз Васіль Сцяпанавіч. — Бывала, што і я на легкавушцы з прычэпам вазіў гатовыя вокны з Лепеля на свой аб’ект. А неяк аднойчы ўдалося мне пабываць на мэблевай фабрыцы, на свае вочы пабачыць вытворчасць, унікнуць у некаторыя нюансы.
Недзе ў сярэдзіне 90-ых Васілю Карабаню надакучыла матляцца паміж Лепелем і Масквой, і ўзнікла ідэя распачаць уласную справу. Чалавек вагаўся паміж дрэваапрацоўкай, вытворчасцю піламатэрыялаў і вырабам, рамонтам мэблі. Выйсце падказаў выпадак. Спатрэбілася Васілю ва ўласным доме адрамантаваць мэблю, памяняць абіўку. Што ж, рукі ўмелыя, тым больш, што і бачыў, як мэбля робіцца — узяўся за справу. Атрымалася ўдала. Зайшлі сябры, знаёмыя, убачылі працу, заказалі сабе. Вось так і вызначыўся Васіль Карабань з бізнэсам. Праз гады мужчына толькі яшчэ і яшчэ ўпэўніваўся ў правільнасці зробленага выбару.
— Рамонт мэблі на пачатковым этапе патрабуе адносна няшмат стартавых сродкаў, — тлумачыць прадпрымальнік, — вось стаяць дзве прамысловыя швейныя машынкі яшчэ савецкай вытворчасці, яны і зараз няблага працуюць. Некалькі прамысловых прафесійных пнеўматычных стэплераў, кампрэсар для іх прываду — вось збольшага і ўсё. А для дрэваапрацоўкі патрабуюцца нашмат даражэйшыя станкі, нават калі яны былыя ў карыстанні.
З 1997-га года Васіль Карабань працаваў як індывідуальны прадпрымальнік, а з 2008-га перааформіўся ва ўнітарнае прадпрыемства “РамБытМэбля”.
— Некаторыя адрозненні, плюсы і мінусы ў новай форме адчуваюцца, — кажа суразмоўца. — Колькасць наёмных работнікаў, якіх можна набіраць, узрасла, а вось агульны аб’ём падаткаў — не надта. Выкарыстоўваем спрошчаную сістэму выплаты падаткаў, што дазваляе да мінімуму скараціць абарот дакументаў і не трымаць пастаянна працуючага бухгалтара. Вядома, перыядычна звяртаюся да прафесійнага бухгалтара, каб ён пераправерыў маю дакументацыю, выправіў памылкі.
Праблема — цякучасць кадраў — не абмінула, аднак ужо некалькі гадоў трымаецца пастаянны рабочы касцяк. Побач з начальнікам працуюць Людміла Шляжко, Андрэй Рэмізаў, Аляксандр Яршоў. Работнікі свайго кіраўніка часцей называюць проста Сцяпанавічам.
* * *
Тканіны для мэблі патрабуюцца спецыяльныя, такія ў краме не купіш, толькі на спецыялізаваных фірмах. Вось і даводзіцца рэгулярна ездзіць па іх, а таксама па паралон у Мінск. Там, напрыклад, ААТ “Мэблевыя тканіны” прапануе прадукцыю вядучых вытворцаў ЗША, Канады, Бельгіі. Апошнія тры — пяць гадоў якасць свайго тавару падцягнулі да сусветнага ўзроўню Турцыя і Кітай. Спажыўцы ў свеце насыціліся няякаснай прадукцыяй і згодны плаціць большыя грошы, але за тавар, які будзе служыць доўга, выглядаць годна, багата. На стэндах у майстэрні Васіля Карабаня сотні ўзораў тканін і нават скуры, якімі па заказе самых запатрабавальных кліентаў можна аздобіць іх мэблю.
— Васіль Сцяпанавіч, чуў, што ў бізнэсе дзейнічае такое правіла: 80 працэнтаў прабытку прыносяць 20 працэнтаў кліентаў, якія з’яўляюцца пастаяннымі. Наколькі правамоцнае гэта сцвярджэнне ў дачыненні да “РэмБытМэблі”?
— У пэўным сэнсе так, хаця па рамонт мэблі звяртаюцца не так часта, як, скажам, за пакупкай харчавання ці за палівам. Скажу, аднак, што ў апошні год у нас заказаў істотна паболела, лепяльчане заказваюць перабіўку новай тканінай, змену дызайну і г. д. Заказы распісаны больш як на месяц наперад. Працуем не толькі з грамадзянамі, а і з арганізацыямі, да нас рэгулярна звяртаюцца “Жамчужына”, псіхбальніца, райбальніца, шыем чахлы для аўтобусаў АТП-14.
— Атрымліваецца, вы займаецеся выключна рамонтам і рэканструкцыяй былой у карыстанні мэблі? А не спрабавалі заняцца яе вырабам?
— Для таго, каб займацца вырабам мэблі, трэба набыць дрэваапрацоўчае абсталяванне, рэгулярна закупляць драўніну. А гэта, лічу, залішнія расходы і клопаты. Праўда, зрэдку мы займаемся вырабам асаблівай, эксклюзіўнай мэблі, напрыклад, уманціраваных у інтэр’ер канапаў. Або вось не так даўно адна лепельская пара заказала ў нас круглы ложак дыяметрам 2,7 метра! Падобныя заказы лічу вельмі цікавымі. А на днях будзем брацца ўвогуле за суперэксклюзіў. Адзін аўтааматар набыў сабе рэтрамашыну ГАЗ-21 “Волга” першых гадоў выпуску. У яе рычаг пераключэння перадач размешчаны на рулявой калонцы, а пярэдняе сядзенне — суцэльная канапа. Натуральна, што за гады эксплуатацыі ўся яе ўнутраная абіўка прыйшла ў нягоднасць. Мужчына звярнуўся да нас з просьбай дапамагчы памяняць абіўку крэслаў, столі, верха прыборнай панэлі, які ў арыгінале быў пакрыты тканінай.
Тут якраз прыехала маладая пара, ім запатрабаваліся паслугі майстэрні. Васіль Сцяпанавіч і Людміла Уладзіміраўна пераключылі на іх сваю ўвагу, а я, развітаўшыся, рушыў далей.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: вадзіцель Аляксандр Яршоў, сталяр Андрэй Рэмізаў, Васіль Карабань і Людміла Шляжко.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.