Надпісы на валунах

Апусцелыя вёскі прыцягваюць да сябе нейкімі таямнічасцю і загадкавасцю. Паклікалі на сваю ¬адзіную, скрозь ахутаную бэзавай зелянінай, вуліцу і Гарані, размешчаныя сярод поля за пару кіламетраў ад Баброва і за кіламетр ад шашы Мінск — Віцебск. Не дзіва, што вёска апусцела — каму хочацца жыць у мясцовасці, дзе ні вадаёма, ні лесу, ні нават лісцёвага гайку.
Можа калісьці і атачалі Гарані лясы, інакш з якіх меркаванняў выбралі месца для пасялення іх заснавальнікі.

Калі тое было, ніхто не ведае. Вядома толькі, што ў 1906 годзе ў вёсцы на дзевяці дварах жылі 64 жыхары, а ўжо ў 1924 годзе — 173. У пачатку 30-х гадоў існаваў калгас “Авангард”, дзейні¬чала кузня. У 1997 годзе налічвалася восем падворкаў і столькі ж жыхароў. Цяпер у Гаранях ніхто не жыве.
З пабудоў у Гаранях прыкоўваюць увагу дзве хаты — цалейшая, з вокнамі, забітымі дошкамі, і напаўразбураная, без бярвення паміж вокнамі, студня з агалоўкам на ўскрайку вуліцы. Але ёсць у былой вёсцы і адметнасць, якую немагчыма абысці маўчаннем.
Кідаюцца ў вочы два валуны каля напаўразбуранай хаты. Надпісы белай фарбай на іх сцвярджаюць: “в. Гарані” і “Тут нарадзілася Вера Маргевіч”. Хто такая Вера Маргевіч, здаецца, ведае кожны жыхар Лепельшчыны — падпольшчыца, якой прысвечана мемарыяльная дошка на раённым Доме культуры, яе імя носіць вуліца на Пясчанцы. Зацікавіла, хто ўшанаваў родную хату адважнай патрыёткі.
На лаўца, як сцвярджае народная мудрасць, і звер бяжыць. На кукурузным полі побач з Гаранямі сустрэлі трактарыста сельгаспрадпрыемства “Баброва” Міхаіла Хацько. Вось цуд! Гарані — яго родная вёска. Нарадзіўся ў ёй у 1961 годзе. Жыў праз дзве хаты за сядзібай Веры Маргевіч. Паведаміў, што ўвекавечыў месца яе нараджэння мясцовы фермер Аляксей Карусевіч — прывёз валуны. У Баброўскім сельвыканкаме яго задумку падтрымалі, Аляксей зрабіў надпісы.
Міхаіл Хацько пачаў загінаць пальцы, каб падлічыць, колькі хат было ў Гаранях пры яго жыцці там. Атрымалася 16. Магазіна ў вёсцы не было. Школы на яго памяці — таксама. Вучыцца хадзіў у Несіна.
Звычайна вёскі пусцеюць, калі маладыя жыхары іх пакідаюць, а старыя паміраюць. У Гарані праклалі меліяратары надзейную жвіроўку замест гразкага коннага прасёлка, зрэзалі навакольнае кустоўе на шмат кіламетраў. Моладзь жа, як і ўсюды, ад’язджала ў свет шукаць лягчэйшае жыццё, але следам за ёй пацягнуліся ў больш цывілізаваныя мясціны і сталыя вяскоўцы. Механізатар саўгаса “Баброва” Міхаіл Хацько перавёз бацькоўскую хату з Гараняў у Баброва. Да гэтага часу ў ёй жывуць 80-гадовы бацька Сямён Міхайлавіч і 73-гадовая маці Ніна Іосіфаўна. Прыкладна такім чынам перасяляліся і іншыя вяскоўцы. Апошняй пераехала да дзяцей у Віцебск Маня Бурлейка. Спачатку на лета вярталася на бацькаўшчыну, але неяк зімой злодзеі расцягнулі яе маёмасць, і ўжо гады са два Маня ў Гаранях не паказваецца.
Часам наведвае родную вёску Міхаіл Хацько. Рэдкай вольнай хвілінай любіць пахадзіць сцежкамі дзяцінства, прайсціся былой вуліцай, узгадаць найбольш цікавыя фрагменты бесклапотнага басаногага маленства.
Вось і мы выпадкова заві¬талі ў Гарані. І адкрыццё для сябе зрабілі — памятныя валуны (дагэтуль нават не здагадваліся, што Вера Маргевіч нарадзілася тут). Значыць, бясконца доўга будзе захоўваць памяць аб вёсцы Гарані ў хуткім часе ўрочышча з аднайменнай назвай. Пакуль жа па дакументах вёска існуе, паколькі ў ёй прапісана цяперашняя жыхарка аддзялення кругласутачнага ўтрымання састарэлых “Святліца” 93-гадовая Вольга Сянько і яе 67-гадовы сын Генадзь Сянько. Гэта іх хата найбольш ацалела ў Гаранях.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.