Свята матораў

У мінулым годзе на аэрадроме былі праведзены два драг-рэйсінгі — гонкі па роўным пакрыцці на 250 метраў. Спаборніцтвы выклікалі цікавасць лепяльчан, многія прыходзілі паглядзець і пабалець цэлымі сем’ямі. Сёлета ж па розных прычынах лета і пачатак восені прайшлі без упадабаных відовішчаў, і толькі ў другія выхадныя кастрыч¬ніка гонкі былі праведзены.
— За рознымі пільнымі справамі мы прашляпілі гоначны сезон, — прызнаецца Рыгор Куракоў, адзін з кампаньёнаў ТАА “ФарсажНіК” — асноўнага арганізатара спаборніцтваў.

— Нічога, пад закрыццё сезона пастараемся рэабілітавацца.
— Першапачаткова меркавалі драг правесці ў суботу восьмага кастрычніка. Мы патэлефанавалі і запрасілі акрамя лепельскіх гоншчыкаў яшчэ аматараў хуткасцяў з Віцебска, Полацка, Наваполацка, Оршы, нават Брэст адгукнуўся. Гонка абяцала быць відовішчнай, масавай, запамінальнай. Аднак тут у нашы планы самым каварным чынам умяшалася надвор’е, усе памятаюць, які ў той дзень дождж ліў, не сціхаючы. Давялося пераносіць мерапрыемства на ня¬дзелю. Калі з бліжэйшымі ўсё было больш-менш зразумела, яны прыехалі, то з брэсцкімі размова пакінула прыкрае ўражанне. Яны, аказваецца, да таго часу ўжо больш за дзвесце кіламетраў праехалі. Кажу ім: “Тут дождж ліе, траса мокрая, аварыю можна арганізаваць, а не гонку. Ды і гледачы ў такое надвор’е ся¬дзець па хатах будуць, ніхто не прыйдзе, для каго выступаць будзем?” Хлопцы аднесліся з разуменнем.
Уваходныя білеты каштавалі па дзесяць тысяч. Стартавы ўзнос удзельнікаў быў нават меншы, чым летась — 30 тысяч рублёў (у мінулым годзе — 35). Гледачоў сабралася няшмат, каля ста чалавек, напэўна, усё ж суботняя непагадзь зрабіла сваю дрэнную справу. Побач з гоначнай трасай яшчэ да пачатку заездаў вырасла армейская палатка, ад якой пацягнула прыемным водарам смажанага мяса. Аказалася, што гэта работнікі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Ляўковіч і Ко” з Заслонава прыехалі па просьбе Рыгора і Анатоля з “ФарсажНіКа”. Яны прапаноў¬валі гледачам і гоншчыкам акрамя традыцыйных пячэнняў-ліманадаў гарачыя чай, каву, смажаныя каўбаскі, нават дранікі. Словам, было чым сагрэцца ў золкае надвор’е.
Адной з “фішак” мінулагодняга драг-рэйсінга сталі заезды магістральных цягачоў. Таму сёлета было вырашана адкрыць свята гэтым відовішчным элементам. На старт вырулілі “Рэно” і “МАСК” з расійскімі нумарамі. Віталь і Валодзя, прадставіліся вадзіцелі. Яны едуць з грузам з цэнтральнай Расіі ў Еўропу, у Лепелі на стаянцы іх так званы сутачны адпачынак. Гэта значыць, што праз пэўны час руху шафёры-дальнабойшчыкі павінны стаць, даць адпачынак і тэхні¬цы, і сабе.
— Да нас падышлі арганізатары, папрасілі выступіць, народ пазабаўляць, — кажа Віталь, — а мы і не супраць. Адчапілі фуры, адключылі на час заездаў абмежавальнікі — і на старт! Думаю, заезд бу¬дзе цікавы, бо, хаця і розныя маркі машын, аднак маторы аднолькавыя што на маім “Рэно”, што на яго “МАСК”. Хаця ў мяне ён больш складаны, помпа-фарсунка стаіць, рэакцыі механізмаў больш замаруджаныя. Мяркую, Валодзя ў заездзе мяне абгоніць…
Так і адбылося, “МАСК” абагнаў “Рэно” з вялікай перавагай.
У мінулай гонцы клас LADA-1 быў прадстаўлены трыма аўтамабілямі ВАЗ, сёлета ж на трасу выехаў адзін, таму яго выставілі ў заезды разам з іншамаркамі. Вядома, ВАЗ “Фальксвагенам”, “Пежо”, “Рэно” і “Фіятам” сур’ёзнай канкурэнцыі скласці не мог.
З цікавасцю гледачы пазіралі на старую “Опель-Амегу” з Вялікага Поўсвіжа. Машына вялікая, меркавалі, хутка не разгоніцца. Якое ж было здзіўленне, калі “Амега” ўпэўнена абышла “Пежо-406”! Адным словам, здзіўлення ў той дзень хапала.
Сярод прафесіяналаў увесь п’едэстал гонару занялі прадстаўнікі Віцебска Аляксей Шандзюкоў на БМВ, Андрэй Шакала на “Міцубісі-Кольт” і Руслан Гарохаў на “Пежо-205”. Сярод аматараў лідзіраваў Дзмітрый Севярынаў на “Хондзе-Цывік”, другое месца заняў Аляксандр Ганчароў на “Пежо-205”, трэцяе дасталося Дзянісу Маладоўскаму, які ездзіў на “Нісане-Санні”. Усе трое таксама з Віцебска.
Акрамя ўласна гонак і высвятлення, чыя ж машына самая крутая, драг стаў пляцоўкай для сустрэч старых знаёмых, жывых размоў. І гледачы, і гоншчыкі сышліся ў адзінай думцы, што драг-рэйсінг — выдатнае завяршэнне летняга гоначнага сезона.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.