Цягні, Джымі, воз…

На самай ускраіне раёна па жвіроўцы з Хвашчова ў Зямцы павольна рухаўся воз, гружаны арганікай. Ён настолькі гарманічна ўпісваўся ў заліты сонцам вясковы краявід, што міжволі спыніліся. Для выгляду спыталі, хто цяпер жыве ў Хвашчове, бо сапраўды ехалі туды, каб сабраць інфармацыю пра вёску.

 Слова за словам, і возчык, не тоячыся, распавёў пра сябе.

 Анатоль Ладзік. 48 год. З Зямцоў. Хадзіў праведаць сябра Леаніда Ладзі­ка ў Хвашчова. Той па­дзяліўся арганікай і даў каня Джымі для яе перавозкі.

 У Зямцах Анатоль жыве з маці. У іх сотак з 10 агарода, парнік. Арганіка будзе вельмі дарэчы, бо без яе культуры не хочуць радзіць.

 Пацікавіліся, чаму мужчына жыве ў аддаленай вёсцы без сям’і. Анатоль паведаміў, што працаваў на Мінскім аўтазаводзе слесарам па рамонце абсталявання ў ліцейным цэху коўкага чыгуну. Атрымаў трэцюю групу інваліднасці. Мог бы пайсці на лягчэйшую працу, аднак пачала хварэць маці, таму на час лячэння часта перасялялася ў Лепель да дачкі, каб было бліжэй да бальніцы. Гаспадарка заставалася без нагляду. З-за гэтага і пакінуў Анатоль сталіцу. А тут ні маладзіц, ні працы. Цэнтр сельскай гаспадаркі знахо­дзіцца за трыдзевяць зямель — у Камені. Жывуць на дзве пенсіі — маці па старасці і яго па інваліднасці. Не шыкуюць, а сціпла жыць можна.

 — Кола спусціла — каню цяжка!

 — Што зробіш! Дзе яго здабудзеш у такой глухмені? А Джымі сапраўды цяжка, бо стары ён. Шкада жывёліну.

 — Як называецца вось гэта возера?

 — Урада. А ў Хвашчове ўбачыце Чорную Ураду.

 Анатоль сапраўды дапамог нам — падрабязна распавёў аб нешматлікіх жыхарах Хвашчова. Далей рушылі ўжо з неабходнай папярэдняй інфармацыяй.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымку: Анатоль Ладзік і конь Джымі.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.