Возера Мышкаўскае

Ёсць азёры вялікія і сярэднія, вядомыя шырокаму колу насельніцтва ці рыбаловаў-аматараў. Ёсць і зусім мізэрныя вадаёмы, пра існаванне якіх ведаюць толькі жыхары навакольных населеных пунктаў. Схаваліся такія ў лясной глухмені ці балотным драбналессі. Бедныя на рыбныя запасы, радуюць яны рэдкіх падарожнікаў сваімі нерушнасцю і маляўнічасцю. Падобныя азерцы так і называюцца ляснымі або балотнымі.

Аднак ёсць і іншыя, размешчаныя выключна сярод палявой прасторы. Толькі чамусьці палявымі іх не клічуць. Пра адзін з такіх вадаёмаў і вяду гутарку.
Сярэдзіна зімы крыху азмрочвае настрой апошняй завеяй. Дні са тры мяло, нагнала сумёты. Мароз не дае асфальту цалкам вызваліцца ад наледзі і снегавой кашы. Таму ехаць па ім на двухколавым матацыкле небяспечна і страшна. Два кіламетры ад горада да вялікапоўсвіжскіх могілак пераадолеў з цяжкасцю. За імі лагчыну сярод узвышаных палёў заняло парослае чаротавым лесам балота. У ім хаваецца возера Мышкаўскае.
Назва вадаёма большасці лепяльчан нічога не скажа — сам даведаўся яе толькі з дзясятак год таму назад ад былога начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Касьянчыка. А ўжо сёлета агледзеў на карце ХІХ стагоддзя іншую назву — Сасноўскае.
Відавочна, што ў даўніну Мышкаўскае-Сасноўскае займала ўсю глыбокую катлавіну сярод гарыстых палёў. З цягам часу яго краі адступалі пад націскам зямлі, што насоўвалася з касагораў, прыводнай расліннасці. Новаўтвораны бераг чым далей наступаў на возера, тым рабіўся ўсё болей хісткім, багністым.
Некалькі разоў мне даводзілася быць на возеры. Аднойчы летам звёў мяне кум Віталік Грыдзюшка павудзіць карасёў на Мышкаўскім. Сам ён шмат іх прыносіў адтуль штораніцы. Я ж, як заўсёды, амаль нічога тады не навудзіў. Віталік зрабіў выснову, што дзень выдаўся няўдалы. Гадоў з пяць таму назад сядзелі з вудамі на Мышкаўскім з сынам — клёву не бачылі.
Пакуляўшыся некалькі соцень метраў па замаскіраваных снегам паглыбленнях між барознамі, наўздагад усунуўся ў чарот і адразу натрапіў на пратаптаную ўлетку рыбаловамі сцежку. Пад белай коўдрай — вада, але лёд трывалы. Такім чынам выйшаў на бераг. На ім умерзла ў лёд прымітыўная лаўка. На ледзяным панцыры вадаёма таксама праглядваюцца прысыпаныя снегам лужыны.
Прабрацца да возера ўлетку можна толькі па запоўненых вадой рэдкіх, прыкметна пратаптаных сцежках. Аднак гэта не азначае, што па іх можна бесперашкодна дабрацца да берага. Падводная паверхня сцежак да таго багністая, што, не ведаючы броду, можна назаўсёды апынуцца ў падземным чорным царстве Балотніка. Неяк жонка майго кума, які вудзіў на Мышкаўскім карасёў, па пільнай справе пайшла да яго з сабакам Прынцам. Дзесьці пасярэдзіне сцежкі жанчына трапіла ў замаскіраванае вадой акно. Багна пачала засмоктваць яе. Стала крычаць. Прынц жа толькі бегаў вакол ды лізаў твар гаспадыні. Ухапіцца за сябе не даваўся. Пачуў жончын крык кум, кінуў вуду ды памчаўся на дапамогу. Выцягнуў небараку з твані…
Самы бераг зарос лазой. Калі ўжо прабярэшся па багне да яе, то можна нават сесці на пакладзеную на карэнішчы дошку і спакойна вудзіць рыбу. Праўда, калі верыць расповядам рыбаловаў, Вадзянік можа адарваць ад твані куст з табой і пераправіць яго да іншага берага, дзе няма выйсця на сушу.
Налічыў 79 крокаў ушырку і 145 — удоўж возера. На сярэдзіне сякерай прасякаю палонку. Апускаю ў водную тоўшчу шнур з грузам. Яго ледзь хапае — глыбіня атрымліваецца 6,4 метра. Глыбока!
На самым высокім беразе ўзведзены комплекс простых збудаванняў, прызначаных для абслугоўвання газаправоду. Воддаль бачныя некалькі дахаў вялікапоўсвіжскіх двухпавярховікаў. Аглядаю наваколлі. Некалькі невялікіх хваін растуць на значнай адлегласці адна ад другой. Адкуль тады пайшла старадаўняя назва — Сасноўскае? Хіба ў даўніну тут шумеў бор…
Між іншым Мышкаўскае-Сасноўскае магло загінуць. На самым стромым яго беразе ў багатыя 80-я ўзвялі сістэму ачышчальных збудаванняў Вялікага Поўсвіжа. На шчасце возера іх так і не запусцілі. Цяпер пабудоў не бачна — мусіць, разабралі.
Пад суцэльным лёдам жыццё ў возеры не спынілася. З лепельскага боку на самым водным урэзку збудаваў сабе жытло бабёр са спілаванага ўзбярэжнага хмызу. Праўда, свежай дзейнасці звярка не ўбачыў. Снегавую неруш вакол хаткі разбуралі толькі сляды лісы ці сабакі. Бабёр на лёд не вылазіў. Не бачна было і палонкі. Але ж не чуў, каб гэтыя жывёліны, нібы мядзведзі, засыналі на зіму. Значыць, жыве звер за тоўстымі сценамі свайго збудавання, а сталуецца восеньскімі падводнымі запасамі кары дрэў. Карасёў не есць, бо вегетарыянец.
На здымку: бабровая хатка на Мышкаўскім.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.