23 июля текущего года на должность начальника отдела по образованию райисполкома назначен Анатолий Карпицкий

img_0361 23 ліпеня бягучага года на пасаду начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама прызначаны Анатоль Карпіцкі. Педагагічнай дзейнасці Анатоль Міхайлавіч прысвяціў амаль трыццаць год, з іх апошнія пятнаццаць кіраваў установамі адукацыі “Слабадская дзіцячы сад-сярэдняя школа Лепельскага раёна” і “Поўсвіжская базавая школа Лепельскага раёна”. Чалавеку актыўнаму, мэтанакіраванаму і творчаму, Анатолю Міхайлавічу за час работы ў галіне адукацыі ўдалося зрабіць нямала. Больш падрабязна аб гэтым пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з Анатолем Карпіцкім.

— Анатоль Міхайлавіч, вядома, у вас за плячыма — багаты прафесійны вопыт, шмат карысных напрацовак, якія вы ахвотна перадаяце маладому пакаленню. Як жа пачынаўся ваш працоўны шлях?
— Усё пачалося 23 лютага 1984 года. Я вучыўся ў дзясятым класе Ленінскай сярэдняй школы Горацкага раёна Магілёўскай вобласці і быў салістам вакальна-інструментальнага ансамбля, які меў вялікую папулярнасць у раёне. Па просьбе дырэктара мясцовага клуба і з дазволу адміністрацыі школы мы з удзельнікамі ансамбля ігралі на танцавальных вечарах для моладзі. На адным з вечароў я пазнаёміўся з дзяўчынай, якая аказалася родам з Лепельскага раёна і вучылася ў Горацкім педагагічным вучылішчы. Адразу зразумеў, што пакахаў яе на ўсё жыццё. Гэта была мая будучая жонка Жанна Дзмітрыеўна, з якой ідзём па жыцці больш за трыццаць год. Для таго, каб быць бліжэй да сваёй каханай, пасля заканчэння школы я вырашыў паступаць у Віцебскі педагагічны інстытут імя Кірава. Так і атрымалася. Паспяхова здаў уступныя экзамены і стаў студэнтам хіміка-біялагічнага факультэта Віцебскага педінстытута. Пасля першага курса мяне прызвалі ў армію. Выканаўшы свой грамадскі абавязак, аднавіўся на другім курсе інстытута і стварыў сваю сям’ю. У матэрыяльным плане прыходзілася нялёгка. Разам з вучобай на стацыянары трэба было забяспечваць сям’ю, таму пасля заканчэння трэцяга курса вырашыў працягваць вучобу завочна і пайсці працаваць. Так, у 1989 годзе мы з жонкай прыехалі на Лепельшчыну. Уладкаваліся працаваць у Забароўскую сярэднюю школу. Я быў настаўнікам біялогіі і хіміі, а Жанна — настаўніцай пачатковых класаў.
Менавіта ў гэтай школе я атрымаў добрую прафесійную загартоўку, набыў педагагічнае майстэрства. Акрамя асноўнай работы актыўна займаўся творчасцю. У свой час у музычнай школе навучыўся ігры на гітары, за некалькі тыдняў засвоіў ігру на баяне, і гэтыя навыкі выкарыстоўваў у рабоце. Разам з вучнямі мы спявалі на канцэртах, удзельнічалі ў многіх мерапрыемствах, якія праводзіліся сярод школ раёна. На ўсё жыццё запомніліся гульні Клуба вясёлых і знаходлівых. Разам з працаўнікамі калгаса імя Тэльмана, іншымі работнікамі гаспадаркі мы стварылі каманду “Падлешчыкі”. Каманда была так названа таму, што старшынёй калгаса ў той час быў Алег Ляшчынскі. Ён не толькі ўмела кіраваў гаспадаркай, а і захапляўся творчасцю, актыўна падтрымліваў нашы ідэі. Для шматлікіх рэпетыцый, выступленняў нам заўсёды выдзяляўся транспарт. Гульні КВЗ у той час у раёне былі асабліва папулярныя. Каб пабачыць выступленні сельскіх гумарыстаў, заўсёды збіралася шмат гледачоў. І колькі ж станоўчых эмоцый і ў артыстаў, і ў гасцей было ў час узнагароджання! Вельмі запомніўся момант, калі Мікалай Місюра, які на той час быў старшынёй райвыканкама, урачыста ўручыў нашай камандзе за перамогу ў раённым конкурсе КВЗ каштоўны прыз — відэамагнітафон.
Разам з калегамі мы жылі яркімі і насычанымі буднямі. Прыемна, што мая работа была заўважана мясцовай уладай. У 1996 годзе маё імя было занесена на раённую Дошку гонару.
У 2003 годзе ад кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі мне паступіла прапанова ўзначаліць установу адукацыі “Слабадская дзіцячы сад-сярэдняя школа Лепельскага раёна”. Педагагічны калектыў школы складаўся з творчых і актыўных людзей, таму разам нам удалося ажыццявіць шмат цікавых ідэй. Калі я выступіў з ініцыятывай стварыць пры школе экалагічны музей, атрымаў падтрымку з боку аддзела адукацыі райвыканкама. На гэтыя мэты былі выдзелены неабходныя сродкі, і адкрыццё музея стала значнай падзеяй не толькі для школы, а і ўсяго раёна. Яго экспанаты — прадстаўнікі флоры і фаўны нашай краіны — выклікаюць цікавасць у дзяцей і дарослых.
Працуючы дырэктарам школы, я не развітваўся з музычнай творчасцю, па-ранейшаму ўдзельнічаў у многіх раённых мерапрыемствах. Прыемна, што мая работа зноў атрымала высокую адзнаку — у 2006 годзе я зноў патрапіў на раённую Дошку гонару.
Шмат творчых ідэй удалося ажыццявіць і ў час работы на пасадзе дырэктара Поўсвіжскай базавай школы.
— Мяркую, што многія з вашых колішніх вучняў таксама звязалі жыццё з настаўніцтвам?
— Так. Вельмі прыемна было даведацца, што мае колішнія вучні звязалі жыццё з педагогікай. Сярод іх — намеснік дырэктара Старалепельскай базавай школы Наталля Лобкіс. Першай настаўніцай Наталлі была мая жонка. Мае выпускнікі звязалі сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, медыцынай, працуюць у іншых сферах. Вельмі прыемна сустракацца з імі і даведвацца аб поспехах.
— Анатоль Міхайлавіч, напэўна, ажыццяўляць цікавыя ідэі лёгка і тады, калі побач з вамі — аднадумца-педагог. Раскажыце аб вашай сям’і.
— Безумоўна. Ва ўсіх справах, творчых пачатках мяне заўсёды падтрымліваюць родныя людзі. Маёй надзейнай дарадчыцай па жыцці стала жонка Жанна Дзмітрыеўна, якая амаль трыццаць год працуе ў сістэме адукацыі, з іх апошнія дзесяць — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы №1. Сын Міхаіл скончыў Магілёўскі інстытут харчавання і разам са сваёй сям’ёй жыве ў Мінску, займаецца індывідуальным прадпрымальніцтвам. Мае музычныя і творчыя здольнасці перадаліся дачушцы Алене, якая з дзяцінства цудоўна спявае, удзельнічала ў многіх раённых, абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсах, дзе атрымала шмат узнагарод. Сярод асабліва значных — першае месца ў I рэспубліканскім конкурсе юных вакалістаў “Звонкая раніца”. Алена скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Сацыяльнае праектаванне і камунікацыі” і зараз атрымлівае размеркаванне на работу. Будзе працаваць арганізатарам сацыяльных праектаў у “Альфа-Банку” г. Мінска. У студэнцкія гады Алена таксама не развітвалася з творчасцю — актыўна ўдзельнічала ў многіх мерапрыемствах, займалася грамадскай дзейнасцю. Сёлета ж яна паспяхова прайшла адборачны тур Нацыянальнага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь-2018” у г. Віцебску, толькі выйсці ў фінал ёй не пашчасціла.
На працягу ўсяго жыцця я вельмі ўдзячны сваім бацькам. Я быў малодшым, пятым сынам у вясковай сям’і, і ўсіх нас бацькі навучылі галоўнаму — быць адказнымі, працавітымі, сумленнымі і шчырымі людзьмі. Мой тата прайшоў нялёгкімі ваеннымі шляхамі. У час вайны быў паранены ў руку, атрымаў інваліднасць, але пасля вызвалення працаваў у гаспадарцы — быў конюхам, вартавым. Усіх сыноў навучыў нялёгкай працы на зямлі — касіць, араць і г.д. Нярэдка задумваюся аб тым, як цікава пераплятаецца лёс родных людзей. Пасля першага курса педінстытута я быў накіраваны на службу ў г. Выбарг Ленінградскай вобласці. Менавіта сюды ў 1939 годзе трапіў служыць мой бацька. Першага верасня 1939 года ён пайшоў на фронт — удзельнічаў у Савецка-Фінскай, а затым і ў Вялікай Айчыннай вайне, быў камандзірам разведаддзялення. Калі тата ў час чарговага рэйду пазбавіўся рукі, ён быў эвакуіраваны ў Казахстан. Менавіта ў гэтай рэспубліцы ў складзе будаўнічага студэнцкага атрада ў 2012 годзе працаваў мой сын Міхаіл.
— Анатоль Міхайлавіч, скажыце, калі ласка, колькі ўстаноў адукацыі сёння працуе ў нашым раёне?
— У раёне сямнаццаць дашкольных устаноў, сем сярэдніх, пяць базавых і адна пачатковая школа-сад.
— Вядома, паспяховаму працэсу навучання садзейнічаюць належныя ўмовы, створаныя для дзяцей. Раскажыце, калі ласка, аб паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі.
— Сёлета пачаты і завершаны рамонт харчовага блока і кладоўкі з прадуктамі ў дзіцячым садзе №9. Харчблок набыў прывабны знешні выгляд: пакладзена плітка, пафарбавана падлога, устаноўлены водаправод, каналізацыя, зроблена разводка электрычнасці. Набыта таксама і новае тэхналагічнае абсталяванне — электрычныя пліты, электрамясарубка, гароднінарэзка, два халадзільнікі, вытворчыя сталы, шафы для хлеба і адзення персаналу. На тэхналагічнае абсталяванне дашкольнай установы толькі сёлета было затрачана сто тысяч рублёў. Усяго ж на правядзенне рамонтных работ летась і ў бягучым годзе пайшло 170 тысяч рублёў.
Па сто тысяч рублёў да пачатку новага навучальнага года плануецца затраціць на правядзенне рамонту харчблокаў і набыццё абсталявання ў Заслонаўскай і Бароўскай сярэдніх школах.
Ва ўсіх установах адукацыі па традыцыі вядзецца касметычны рамонт. У большасці школ ён ужо завершаны. Упэўнены, што да пачатку агляду школ перад новым навучальным годам ён будзе завершаны ва ўсіх установах адукацыі.
— Крыху больш чым праз месяц ва ўсіх школах празвініць першы званок. Якія ідэі, накірункі вам хацелася б ажыццявіць у далейшай рабоце?
— Самы галоўны накірунак — захаваць і памножыць найлепшыя дасягненні ў галіне адукацыі, ісці толькі наперад і, што вельмі важна, у справе адукацыі выкарыстоўваць творчы падыход.
— Вялікі дзякуй, Анатоль Міхайлавіч, за змястоўнае інтэрв’ю. Няхай жа вашы далейшыя планы, новыя ідэі абавязкова здзейсняцца, а ў працы і жыцці па-ранейшаму спадарожнічаюць толькі аптымізм, творчая энергія і ініцыятыва!
Інтэрв’ю правяла Святлана ВАЗНЯК.
На здымку: начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Анатоль Карпіцкі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.