Люди интересовались в первую очередь теплыми рабочими куртками

img_5764Асноўнай мэтай чарговага паходу на базар абраў пошук цёплага рабочага абутку і вопраткі. Хацелася напярэдадні зімы даведацца, які асартымент і колькі каштуюць такія рэчы. Паводле шматгадовых назіранняў, менавіта восенню на лепельскі базар прывозіцца вялікая колькасць такіх тавараў. А чаравікі з высокім берцам у сярэдзіне лета на базары набыць бывае цяжкавата, асабліва калі памер нагі нестандартны. Затое за апошнія два месяцы карціна цалкам памянялася.

Людзі цікавіліся ў першую чаргу цёплымі рабочымі курткамі. Мінімальная цана на іх была 45 рублёў. Некаторыя аматары зімовай рыбнай лоўлі цікавіліся паўнавартаснымі камплектамі з цёплых штаноў і курткі. На іх цана стартавала ад 80 рублёў. У савецкія часы рыбаловы маглі купляць курткі з авечага футра або з ваціну. Такая вопратка, безумоўна, была цёплая, але пры гэтым цяжкая. Зараз асноўны матэрыял — сінтэпон. Ён лёгкі і не замінае рухам.
Зімы апошніх гадоў можна часцей ахарактарызаваць як мокрыя. У такіх умовах людзі аддаюць перавагу гумаваму абутку перад скураным ці кірзавым. Вось і ў мінулыя выхадныя многія пакупнікі цікавіліся гумавымі ботамі з цёплымі ўстаўкамі. Дарэчы, на выбар можна было купіць устаўкі з натуральнай воўны і сінтэтычнай — у кожнага свае густы і крытэрыі. Такія боты, у якіх нагам камфортна на холадзе да сямі-васьмі градусаў марозу, можна было набыць ад 45 рублёў. А калі яшчэ прыкупіць вязаныя шкарпэткі ад пяці рублёў, то можна выходзіць на вуліцу і пры 15-градусным марозе.
Ну і завяршыць выбар рабочай вопраткі варта было б набыццём рукавіц. На базары ўбачыў два віды ўцепленых. Адны, на простым сінтэпоне, каштавалі два рублі за пару. Іх зручнасць у тым, што лёгкія і нятоўстыя, у такіх добра працаваць, трымаць у руках сякеру ці рыдлёўку. Другія — з натуральным футрам, больш папулярныя ў рыбаловаў, якім даводзіцца гадзінамі сядзець на адкрытай прасторы возера.
У мінулыя гады многія лепяльчане — як моладзь, так і старэйшага веку — стараліся на зіму купіць самаробныя валёнкі. Аднак у нядзелю такіх не заўважыў. Затое знайшоў валёнкі фабрычныя, з гумавай падэшвай — не будуць прамакаць. Яны, акрамя гэтага, былі ўпрыгожаны футравай атарочкай і вышыўкай — прыгожая мадэль, прывабная і для моднікаў. Цана — 45 рублёў.
Быў яшчэ час, таму прайшоў традыцыйным маршрутам. У мясным павільёне трое прадпрымальнікаў і кропка ад раённага спажывецкага таварыства прадавалі свініну. Як і ў мінулую нядзелю, да сярэдзіны дня ў прадпрымальнікаў заставаліся лічаныя кавалкі мяса. Цэны таксама з мінулай нядзелі не змяніліся.
Сельгаспляцоўка была ажыўленай, прадаўцы бульбы, збожжа і гародніны выстраіліся па перыметры ўздоўж агароджы, а таксама занялі рад па цэнтры. Бульба прапаноўвалася па чатыры-пяць рублёў за дзесяцілітровае вядро, збожжа — па тры рублі, капуста — па 40 капеек за кілаграм. Аднак знаёмы прадавец капусты, на прылаўку перад якім былі раскладзены ладныя качаны, скардзіўся на спад продажаў. Маўляў, месяц памяняў фазу, таму гаспадыні перасталі капусту квасіць і, адпаведна, купляць яе.
Як заўсёды, стаяла машына з жывой рыбай ад рыбгаса “Навінкі”. Карпы сярэднія каштавалі па 3 рублі 60 капеек, элітныя — па 4.60. Лепяльчане праяўлялі да рыбы цікавасць, каля прылаўка пастаянна была невялікая чарга ад двух да пяці чалавек.
Б. САНЕЎ.
На здымку: валёнкі і рабочы абутак — выбар вялікі.
Фота аўтараimg_5764

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.