Вяртанне на Радзіму

9=1Імя лётчыка марской авіяцыі старшага сяржанта Мікалая Пшонкі, ураджэнца хутара Дзяржаны Свядскага сельсавета Лепельскага раёна, толькі нядаўна сіламі ўдзельнікаў пошукавага ваенна-патрыятычнага клуба вернута з небыцця. Да апошняга часу ён лічыўся зніклым без вестак. Маці, Марыя Сцяпанаўна Пшонка, так да канца жыцця і не ведала, што стала з яе сынам.
25-гадовы мужчына загінуў у адным з паветраных баёў за Кубань. Гэта толькі нядаўна высветлілі пошукаўцы. Капсула з астанкамі героя была прывезена на Лепельскую зямлю.
Дэлегацыю з Краснадарскага краю сустракалі на мяжы Лепельскага і Докшыцкага раёнаў. Сустракаючых узначальваў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін. Гасцей прынялі хлебам-соллю, прывітальнай песняй. З далёкага Краснадарскага краю, за дзве тысячы кіламетраў прыехалі каардынатары праекта “Марское братэрства — непарушнае!” Арсеній Крыцкі, Пётр Бойка, кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба “Подзвіг” Аляксандр Шымкіў, яго паплечнікі Андрэй Гайваронскі і Раман Кандраценка. Напярэдадні яны ў Мінску перадалі яшчэ адну капсулу з прахам беларуса, які загінуў на франтах Вялікай Айчыннай.
На плошчы Свабоды былі арганізаваны мітынг і тэатралізаваная пастаноўка. На плошчу прыйшлі школьнікі, дэлегацыі прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі саюза ветэранаў вайны ў Афганістане і саюза афіцэраў.
Выступаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра. Словы самай шчырай падзякі сказаў стрыечны брат загінулага героя Сцяпан Пшонка.

9
Прах лётчыка з вайсковымі ўшанаваннямі быў перададзены вайскоўцам 19-й гвардзейскай механізаванай брыгады. Зрабіўшы круг па плошчы Свабоды, накіраваліся ў вёску Слабада.
На слабадскіх могілках пахавана шмат людзей з прозвішчам Пшонка. Найперш — маці Мікалая Марыя Сямёнаўна. Жанчына пражыла 103 гады, памерла ў 1991 годе. Яе напаткаў цяжкі, поўны перажыванняў лёс. Вайна забрала жыцці яе абодвух сыноў. Як і Мікалай, Павел знік без вестак у Львоўскай вобласці ў першыя дні вайны. Жанчына ў час вайны хавала, а потым стала другой маці для яўрэйскага хлопчыка Мішы. Міша і яго сям’я сталі роднай, надзейнай апорай для Марыі Сямёнаўны ў далейшым.
* * *
Праводзілі героя ў апошнюю дарогу многія жыхары Слабады. Настаўніца гісторыі мясцовай школы Маргарыта Васільеўна Анікей дзялілася ўспамінамі пра Марыю Сямёнаўну, якую ведала асабіста. Яна ж калісьці пачала краязнаўчую працу, шукала сляды зніклых без вестак.
Выбраўшы хвілінку, задаў пытанне і Сцяпану Пшонку, стрыечнаму брату:
— Што памятаеце пра родзіча?
— Я нарадзіўся ў 1940 го­дзе, таму асабіста Мікалая не бачыў. Яго бацька Міхаіл і мой, Сцяпан, былі роднымі братамі. Пра Мікалая ведаю толькі з аповедаў родных, што ён служыў лётчыкам і прапаў без вестак на вайне. Маці яго чакала да канца жыцця.
Як знайшлі астанкі лётчыка, распавёў Аляксандр Шымкіў:
— Пошукавай дзейнасцю займаемся даўно, кожны год вяртаем з небыцця па некалькі імёнаў. Сабралі вялікую базу даных. У нашым распараджэнні архіўныя матэрыялы нямецкіх часцей і падраздзяленняў, якія ваявалі ў тым раёне, робім запыты ў расійскія ваенныя архівы, збіраем сведчанні мясцовых жыхароў, старажылаў.
Нашы землякі расказалі, што ў часы вайны на гары Гойтх было падзенне савецкага самалёта. Мы зверылі з наяўнымі архіўнымі данымі — інфармацыя пацвердзілася. Пачалі раскопкі.
— … І знайшлі цела лётчыка?

9=0
— Ад лётчыка засталіся толькі фрагменты. Самалёт на хуткасці каля 400 кіламетраў за гадзіну ўрэзаўся ў скальны грунт, з якога і складаецца вяршыня Гойтха.
— Прозвішча лётчыка высветлілі па жэтоне ці па ўзнагародах?
— Не. Жэтон не захаваўся. Да таго ж, у савецкіх лётчыкаў не было традыцыі браць у баявы вылет узнагароды. Імя Мікалая Пшонкі высветлілі па нумарах агрэгатаў самалёта. Дарэчы, устанавілі таксама, што яго ўжо да таго два разы збівалі, на самалёце ўжо былі заменены некаторыя вузлы.
Лётчык 931-га знішчальнага авіяпалка авіяцыі Чарнаморскага флоту старшы сяржант Мікалай Пшонка 19 лістапада выконваў баявое заданне на сваім самалёце І-153 “чайка”. Яго атакавалі. На ўзбраенні фашыстаў на тым участку фронту былі знішчальнікі Bf-109, якія па сваіх тактыка-тэхнічных характарыстыках на парадак пераўзыходзілі “чайкі”. Завязаўся няроўны бой. Знойдзеныя фрагменты савецкага самалёта амаль усе прашытыя варожымі кулямі, нібы рэшата. Лётчык, хутчэй за ўсё, таксама быў паранены. Апошнімі намаганнямі ён скіраваў свой самалёт на пазіцыі артылерыйскай батарэі, якая размяшчалася на вяршыні гары Гойтх. Метраў 50 не дацягнуў.
Капсула з астанкамі героя захавана ў роднай зямлі, фрагменты яго самалёта перададзены ў музей Слабадской сярэдняй школы, памяць пра подзвіг будзе вечна жыць у нашых сэрцах.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: эпізоды перазахавання.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.