2015 — Год молодежи

get_imgСостоялся городской слёт-конкурс отрядов юных инспекторов движения “Зелёная волна”. Приняли участие пять команд учреждений образования города и района. Предстояло пройти захватывающие и интересные испытания: “Внимательный участник дорожного движения”, “Фигурное вождение велосипеда”, “Оказание первой помощи потерпевшим”, “Агитационно-художественное представление” и другие.

— Все сегодня проявили себя, однако в любом соревновании есть победитель, который представит район на области, — выступил заместитель начальника отдела образования, спорта и туризма Николай Демко на закрытии.

Итак, вот она, наша призовая тройка: Боровская средняя школа (3-е место), гимназия им. И. М. Ерашова (2-е место) и победитель – средняя школа №3.

___________________________________

“Падбяру музыку да мары…”

Хлопец, які знешнасцю крыху нагадвае Мікалая Баскава… Ці то і сапраўды, ці толькі мне так здаецца. Пытаюся ў Дзімкі:

— Табе ніколі не казалі пра падабенства з чалавекам, якога называюць “залатым голасам” Расіі?

Паціскае плячыма, усміхаецца. Бачу, такое параў­нанне Дзімку даспадобы.

— А сам спяваць не спрабаваў?

— Спрабаваў, аднак гэтым не замарочваўся, у мяне музычны слых лепшы, чым голас, а таму адчуваю, калі спяваю фальшыва.

— Навошта ж тады музычны слых, калі не спяваць? Ты музыкант хіба?

— Ну ёсць крышачку,— зноў сціпла ўсміхаецца Дзімка. Раблю музыку ў інтэрнэце.

Тут я павінен патлумачыць, што сачыняць музыку, як гэта робяць прафесійныя кампазі­тары, і “рабіць” яе ў інтэрнэце — рэчы крышачку розныя. Хаця… Усё роўна творчасць. Дзімка правільна кажа, што ва ўсе часы існавалі сем нот, і кожны творца робіць з імі тое, да чаго ляжыць душа, што дазваляе ўзровень яго таленту і культуры. І кожны твор, я цалкам з ім згодзен, мае права на жыццё, нават калі хоць аднаму чалавеку ён падабаецца.

Філасофія! Вось такі ён, мой суразмоўца Дзіма Кліманскі са Слабады — крышачку кампазітар, крышачку філосаф. Філосаф з адзінаццатага класа.

Дык вось, рабіць музыку ў інтэрнэце — занятак не толькі цікавы, але і дастаткова распаўсюджаны, можна сказаць, модны ў моладзевым асяродку. Людзі, якія гэтым займаюцца, не толькі ствараюць свае групы “УКантакце” ці ў іншых сацыяльных сетках, але і ў рэальным жыцці іграюць свае творы на сцэне, ствараюць музычныя ансамблі, выступаюць у мастацкай сама­дзейнасці, увесь час імкнуцца самаўдасканальвацца. Апошнім часам я сустрэў двух такіх “сама­дзейных кампазітараў”: у армейскай казарме — Антона Юргалава, у ліцэі — Валянціна Мірановіча. Дзіма Кліманскі — трэці. Дарэчы, часцей такія людзі кантачаць між сабою, знаходзячы ў сацыяльных сетках блізкіх па духу і захапленнях суразмоўцаў. Зрэшты, няхай Дзімка сам скажа…

— Раскажы, як робіцца падобная музыка?

— У інтэрнэце ёсць спецыяльныя праграмы. Выбіраеш інструмент. Я, напрыклад, выбраў гітару. Пішаш нотную партыю…

— Але ж для гэтага трэба мець хоць нейкую базавую музычную адукацыю?

— Безумоўна. Я закончыў музычную школу па класе баяна. Выбіраеш наступны інструмент, які будзе гучаць на фоне першага. Дапусцім, скрыпка. І так некалькі разоў, да дзесяці інструментаў. Далей самае цяжкае: кожны інструмент мае сваю прыватную характарыстыку. Трэба дабіцца гармоніі, скаардынаваць гэтыя прыватныя характарыстыкі.

— Ты спрабаваў данесці сваю музыку са сцэны?

— Пакуль што толькі віртуальным чынам. Калі сцэнаю можна назваць маю групу “УКантакце” “Six Teen Drop”.

— А як усё пачыналася?

— Слухаў любімую групу…

— Дарэчы, які музычны накірунак табе падабаецца?

— Постхардкор — цяжкая музыка з чыстым вакалам і прымессю рыка (рык — ад слова крык). Захацелася зрабіць, як у іх. Думаў, усё так проста. Аказалася, зусім не так. Пачаў шукаць падтрымкі. Пазнаёміўся “УКантакце” з адным чалавекам. Мацвей з Расіі, жыве ў Кіраве, вучыцца ў каледжы, яму прыкладна гадоў дзевятнаццаць. Зрэшты, тут узрост не мае значэння. Галоўнае, што з ім можна дзяліцца напрацоўкамі, бо ён умее слухаць і не проста дзеля ветлівасці стаўляць “лайкі”, а грунтоўна аналізаваць, падказваць. Такіх мала.

— Марыш на музыцы рабіць грошы?

— Як Мацвей кажа, трэба падрыхтавацца да таго, што заняткі музыкай грошы не прыносяць. Вядома, існуе такі шоу-бізнэс, аднак я разумею, што ніхто там мяне, звычайнага вясковага хлопца, не чакае.

— А дзе цябе чакаюць?

— О, гэта ўжо іншае пытанне. Думаю паступаць у фінансава-эканамічны каледж. Ёсць перспектывы.

Ну як тут не пажартаваць:

— Той рэдкі выпадак, калі фінансы заспяваюць рамансы? А якія перспектывы? Хочаш прыгожага жыцця?

— А каму ж яно не падабаецца? Хочацца і крутой машыны, і заробкавай працы, аднак і чалавекам у душы застацца таксама хочацца. І таму, напэўна, музыка.

Зрэшты, музыка займае, можа, траціну Дзімкавага жыцця (хаця, падумаўшы, не так і мала!) А ў астатнім ён звычайны. Выдатнік, вучыцца ў сярэднім на дзевяць балаў. Па школьных алімпіядах ездзіць. Дарэчы, нядаўна быў на раённай ­алімпіядзе па фінансавай грамаце, што менавіта па профілі яго бліжэйшых мар. Удзельнічае ў школьнай камандзе знатакоў. Мэтана­кіраваны. Вось вырашыў прывесці сябе ў парадак і пайшоў на турнікі, бегаў раніцою, “грушу” калаціў — і з даволі пухленькага дзіцяці за кароткі час ператварыўся ў прыгожага падцягнутага, зграбнага падлетка. Грамадскі актывіст, гісторыяй цікавіцца, па слова ў кішэню не лезе. Вось выбралі ад школы ў раённы Мала­дзёжны парламент.

— Табе цікава там, у Маладзёжнай палаце?

— Пабачым, пакуль не магу сказаць, яшчэ ж толькі пачатак. Калі гэта будзе толькі фармальна, рукі падымаць, галасуючы, адна справа, калі ж нашымі ідэямі зацікавяцца, мы зможам іх рэалізаваць — рэч іншая.

Рэалізаваць сваю мару — што можа быць важней у маладосці?!.

_______________________________

 

Дзяўчатам да твару ваенная форма

У альтанцы ля школы ся­дзяць прыгожыя дзяўчаткі. А вы можаце іх уявіць у вайсковай форме? Цяжкавата? Вось і я ніяк не мог уявіць, пакуль з імі не пазнаёміўся бліжэй. Аляксандра Босая і Ірына Садоўская — адна­класніцы і неразлучныя сяброўкі. Абедзве з Велеўшчыны, абедзве сёлета заканчваюць Слабадскую сярэднюю школу.

А чаму я сказаў пра форму? Усё вельмі проста. Хачу распавесці пра гэтых дзяўчат у крыху незвычайным ракурсе. На парозе — 9 Мая. Што значыць для нас гэты дзень, казаць залішне. Для кагосьці гэта слёзы на вачах і шчым­лівыя ўспаміны з вогненнага юнацтва, для кагосьці — блізкія людзі на невыразных старых фотаздымках за шклом у рамачках. А для сябровак Сашы і Іры Вялікая Айчынная вайна, сямідзесяцігоддзе Перамогі ў якой мы неўзабаве адзначым, — гэта амаль штодзённая будзённая праца. І праца, і хобі, і захапленне, і абавязак — як тут лепей назваць… Адным словам, пошук. Яны ўдзельнікі школьнага краязнаўчага гуртка “Нашчадкі”, асноўнай тэмай даследавання якога з’яўляецца мінулая вайна.

— Чаму вырашылі стаць “нашчадкаўцамі”?

— Таму што гэта цікава, — адказвае Саша, — мой прадзед, напрыклад, Ціхан Мікалаевіч Балотнік, быў на вайне, узнагаро­джаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Я пісала пра яго даследчую працу, дакладней, працягвала тую працу, якую пачала старэйшая сястра. Ведаю, і што ён быў у палоне, і што вызваліцца адтуль яму дапамог… немец. Проста адпусціў, калі жонка з сястрой прынеслі яму ежу… Быў у партызанах, страціў сям’ю на вайне. Фашысты спалілі іх хату. Хіба я пра гэта ўсё ведала, калі б не была ў “Нашчадках”?

— А мяне бабуля Наталля Агееўна Рыкун падштурхнула да гэтага, — працягвае Іра, — яна мне шмат распавядала пра сябе, як разам з сяброўкай уцякала ад фашыстаў. У кнізе “Памяць” напісана пра яе брата Леаніда Агеевіча Рыкуна…

— Аднак жа вы дзяўчаты. Хіба гэта дзявочая справа — у зямлі капацца-шукаць, з заплечнікам цяжкім па вандроўках шастаць, а то яшчэ і на веласіпедах?

— А чым дзяўчаты горш за хлопцаў? — шчыра здзівіліся сяброўкі. — Нам, напрыклад, вельмі спадабалася мінулым летам на раскопках. І стралу нават старажытную знайшлі. Яна ў школьным музеі. А як вунь і ў Брэсцкую крэпасць ездзілі, і ў Хатыні былі, і на “Прарыве”, і на Буйніцкім полі ля Магілёва. А што веласіпед? Хіба так цяжка? Мы вунь на тры дні ездзілі ў велапаход, каля васьмідзесяці кіламетраў праехалі. Не думайце, мы не слабакі, а людзі спартыўныя — баскетбол, валейбол, на “Зарні­цу” ездзім.

— Не хапае вам толькі ваеннай формы!

— Чаму не хапае? Ёсць у нас форма. І калі хавалі лётчыка Мікалая Пшонку, мы яе апраналі.

Ну што тут скажаш! Вось і паспрабуй запярэчыць, маўляў, вайсковая форма — упрыгожанне чыста мужчынскае, як і сама ваенная справа.

— Добра. А справамі дзявочымі вы займаецеся?

Аказалася, і для “цывільных” спраў часу ў дзяўчат хапае. Іра любіць маляваць  простым алоўкам — што заўгодна: прыроду, лю­дзей, нацюрморты. Малюе таксама і Саша, а яшчэ крыху вышывае. Летам, як і многія ў тых лясных краях, зарабляюць на ягадах. Рыхтуюцца да паступлення: Саша — у медыцынскі, Іра — куды-небудзь па банкаўскай справе. І як яны ўрэшце разлучацца, проста не ўяўляю, бо адзінаццаць жа год за адною партаю сядзяць, толькі, жартуюць, месцамі мяняюцца.

_______________________________

Пад жнівеньскім сонейкам на Лепельшчыне

412Яшчэ за месяц да мяркуемай даты правядзенне фэсту мастацтва і рамяства на аграсядзібе Васіля Шкіндзера ў Вялікім Поўсвіжы заставалася пад пытаннем. Праблем было некалькі. Па-першае, недахоп фінансаў, што зразумела само па сабе. Многія ведаюць, колькі каштуе запрасіць, прыняць, накарміць, аплаціць дарогу хаця б на дзесяць чалавек. А калі іх нашмат больш?
Па-другое, арганізатар сумняваўся, ці прыбудзе шмат народу. У апошнія гады ў Лепелі і наваколлях праводзіцца багата розных імпрэзаў: у пачатку жніўня ладзіўся фэст “У госці да Цмока Лепельскага”, у пачатку верасня мае адбыцца свята горада. Як не згубіцца ў такім калейдаскопе яркіх падзей?
Аднак шматлікія сябры, госці свята на адзін голас пачалі даказваць, што нельга дапускаць перапынку ў правядзенні фэсту. “Няма нічога больш пастаяннага, чым нешта часовае”, — такая была асноўная думка. Таму толькі за дзесяць дзён было прынята канкрэтнае рашэнне, што мастацка-рамесніцкаму фэсту ў Вялікім Поўсвіжы сёлета быць! Васіль асабіста, па тэлефоне, праз сацыяльныя сеткі паведаміў знаёмым, сябрам, жадаючым, дамовіўся з мастакамі і рамеснікамі — і ніхто не падвёў, усе запрошаныя адгукнуліся.
* * *
413У вызначаны час, а адзінаццатай гадзіне дня, двор перад аграсядзібай гаманіў звонкімі галасамі, заліваўся музыкай. Ды і надвор’е было як на заказ — сонечнае, але не спякотнае, самае выдатнае, каб гуляць, танцаваць.
Пачынаючы свята, мастак Аляксандр Саўчанка прадставіў усіх прысутных, госці коратка распавялі пра сябе. Майстрыха Святлана Чэрнікава не першы год удзельнічае ў фэстах. Яе галоўнае захапленне — пляценне з саломы. Вось што жанчына расказала:
— Фэст традыцыйна праходзіць у жніўную пару, калі сяляне збіраюць ураджай, маюць плён са сваёй шчырай працы на працягу года. Галоўны матэрыял для маёй працы, салому, нарыхтоўваю таксама ў цяперашнюю пару. У былыя часы жанчыны, збіраючы каласы, салому, прыгаворвалі: “Каб радзіла жыта на другое лета лепшае за гэта”. Хачу павіншаваць усіх гасцей і ўдзельнікаў з завяршэннем жніва, багатым ураджаем і перадаць усім пажаданне нашых далёкіх продкаў.
А побач размясцілася Сняжана Аўтушка са сваёй дачкой Вікай. Майстрыхі прапаноўвалі вырабы з самага даступнага матэрыялу — газет. Аказваецца, дэкаратыўныя кошыкі, місачкі можна зрабіць з самага, здавалася б, непрыдатнага і непатрэбнага, што звычайна выкідваецца ў печ ці, у лепшым выпадку, здаецца ў макулатуру. Сняжана і Святлана ўсім жадаючым на месцы давалі майстар-класы па сваім рамястве. Расказвалі, як правільна нарыхтаваць і апрацаваць сыравіну, як зрабіць так, каб выраб захаваў трываласць і доўгія гады радаваў вока, быў арыгінальным падарункам родным і блізкім.
414Сын Васіля Шкіндзера Ілья выставіў самавар, распаліў яго. А на стале размясціў зборы траў. Любы госць фэсту мог пакаштаваць свежазаваранага чаю, а пры жаданні — і набыць пакецік са зборам.
Уладзімір Крыцкі па традыцыі варыў кашу. Сёлета гасцей частавалі пярлоўкай з мясам. Звараная на вогнішчы, у чыгунках, страва набыла непаўторны смак, што дадавала яшчэ большага каларыту. А ў якасці посуду былі выкарыстаны лісты капусты. Жонка Васіля Ірына пусціла ў справу тры качаны — вось і больш за 50 місак, а Уладзімір хуценька нарэзаў з дошчачак імправізаваных лыжак. Жадаючыя атрымлівалі порцыю кашы, а посудам-лістом маглі потым закусіць, як салатаю.
* * *
Асобнага слова і ўвагі заслугоўвалі разьбяры. Іх было трое: Дзяніс Дзямко, Іван Будзіч і Ігар Будрэвіч.
Дзяніс выбраў сабе месцейка ў цяні, паставіў столік, выставіў свае вырабы. Каб заняць час, узяў у рукі разцы. Самымі вытанчанымі, на думку аўтара, у майстра былі яблыкі. Здавалася, што выразаныя з дрэва немагчыма адрозніць ад сапраўдных.
Ігар Будрэвіч таксама прывёз і выставіў некалькі вырабаў, сярод якіх несумненнай зоркай быў мядзведзь. Мішка выглядаў дабрадушным, гасцінным гаспадаром. Госці лічылі за гонар сфатаграфавацца з ім.
А для Івана Будзіча, як і для ўсіх разьбяроў, быў падрыхтаваны сюрпрыз. На мінулых фэстах склалася добрая традыцыя выразаць скульптуры старажытных славянскіх язычніцкіх багоў. Першым быў Пярун, другім — Вялес, сёлета дайшла чарга да багіні ўрадлівасці і лёсу Макашы (Макошы). Сапраўды, зараз, пад час збору ўраджаю, можна пабачыць, наколькі міласэрнай і шчодрай сёлета была Макаш, які яна даруе нам лёс. Для скульптуры Васіль загадзя прывёз даўгое, тоўстае сасновае бервяно. Пытаю ў Івана Будзіча:
— Бервяно сухое, з тоўстымі сукамі, якія выдзяляюцца незвычайнай цвёрдасцю. Цяжка будзе выразаць?
— А бензапіла для чаго? Ды і іншыя інструменты навостраныя, добра падрыхтаваныя. Нам не ўпершыню сустракацца з такім складаным матэрыялам. Скульптары камень рэжуць — няўжо мы з дрэвам не ўправімся?!
Загула бензапіла. Іван узяўся спачатку за меншае бервяно, якое ляжала побач. З круглай драўніны пачалі выглядаць вялізныя вочы, вушы, крылы, драпежныя кіпцюры і дзюба. Сава!!! І на гэта майстру хапіла дзесьці з паўгадзіны! Аднак Іван крыху астудзіў:
— Гэта толькі абрыс, сырая работа. Каб яе давесці да завяршэння, дакладна выразаць усе дэталі, адшліфаваць, спатрэбіцца яшчэ вельмі шмат часу. А потым мы Саву ўстановім пры ўваходзе на аграсядзібу, будзе сустракаць і аберагаць гасцей.
Потым разьбяры падышлі да бервяна вялікага. Хадзілі вакол яго, аглядалі каля дваццаці хвілін. Потым рашуча сказалі:
— З гэтага бервяна выразаць жаночую скульптуру немагчыма. Яно ж усё настолькі вывернутае, пражылкі настолькі перакручаныя, што зрабіць жаночую скульптуру ніяк. Не, чыста тэхнічна можна, але ж згубяцца эстэтыка, прыгажосць, гармонія паміж жаночымі формамі і структурай самога дрэва. Лепей няхай гэта бервяно паляжыць. Праз пэўны час мы зноў збяромся, паспрабуем зрабіць скульптуру бога Ярылы. А для Макошы ты, Васіль, знайдзі іншае дрэва, без сукоў.
І скіравалі ўсе сілы і фантазію на Саву.
* * *
415Неўзабаве пачалася і канцэртная праграма.
Адкрыў песенную частку фальклорны гурт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта “Варган”. Дзяўчаты на ўсе галасы спявалі жніўныя песні — самы важны рэпертуар у гэту пару. Зажынкавыя, жніўныя, дажынкавыя, дзе распавядаецца пра цяжкую працу і багаты плён-ураджай.
Эстафету ад палачанак пераняла лепельская аматарка народнай творчасці Людміла Шыпуля. Адметнасць яе выступлення ў тым, што ўсе песні, якія яна выконвала з імправізаванай сцэны, — мясцовы, лепельскі матэрыял. Песні былі сабраныя ў вёсках Стаі, Ворань і бліжэйшым наваколлі. А апошнюю Людміла праспявала пад акампанемент дуды, музыка — Яўген Ясюкевіч.
Песню “Купалінка” выканала Насця Жарнасек, таксама аматарка народнай песеннай культуры.
А потым былі танцы. “Падыспань”, “Лысы”, “Кракавяк”, “На рэчаньку” — усіх не пералічыць. Да дзяўчат з полацкага “Варгана” далучыліся аматаркі фальклору з віцебскага гурта “Паўночная Сухадроўка”, якія па праве лічацца сталымі гасцямі лепельскіх фэстаў. Кожны год, а то і двойчы на год, дзяўчаты разам са сваімі хлопцамі наведваюць сядзібу Васіля Шкіндзера, жэняць Цярэшку, адзначаюць Купалле і іншыя народныя святы. Сёлета ж яны прыехалі зменшаным саставам: сёстры Караліна і Станіслава Цярэнцьевы, Алёна і Аляксандр Субоціны, Марына Булатоўская і Насця Кірылава. Астатнія не змаглі прыехаць па шэрагу асабістых прычын.
* * *
Асобным месцам фэсту стаў імправізаваны музей, зладжаны Васілём на аргасядзібе. За апошнія больш як дваццаць гадоў гаспадар сабраў багатую калекцыю рарытэтаў. Некаторыя з іх з’яўляюцца сапраўднымі рэдкасцямі, за якія ў музеях заплацілі б вялікія грошы. Ёсць і навадзелы, што з’яўляюцца дакладнымі копіямі старажытных рэчаў. Дзеці цягнулі бацькоў туды. Тым больш, што практычна любы экспанат можна ўзяць у рукі, прымераць на сябе. Як, напрыклад, рыцарскі шлем і меч, ці баявую сякеру. А калі табе не па душы рэчы, звязаныя з вайной, то можаш на жорнах змалоць зерня на муку ці ўзважыць у руках склюд — спецыяльную вялікую сякеру для абчэсвання бярвенняў.
Гулянні ладзіліся аж да самага позняга вечара, разыходзіліся апошнія госці толькі тады, калі на зямлю ўжо апусцілася ноч. Шосты мастацка-рамесніцкі фэст адбыўся.
Назаўтра папрасіў Васіля Шкіндзера падзяліцца ўражаннямі.
— Гасцей было крыху менш, чым летась. Аднак, як заўсёды, прыехалі сапраўдныя аматары, прыхільнікі фальклору, народнай творчасці, культуры. Шкада, канечне, што не зрабілі новага ідала, як раней Перуна і Вялеса. Аднак гэта наперадзе.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: яркія моманты фэсту.
Фота аўтара.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.