Яркі россып «Белых росаў»

IMG_3299 Маладзёжнае свята “Белыя Росы” на працягу апошніх дванаццаці год праводзіцца на ўзбярэжжы возера Шчыбат у вёсцы Бароўка не выпадкова. Прыгажосць мясцовай прыроды дорыць творцам новыя ідэі, зарад натхнення і імкненне да новых вышынь. Штогод у мерапрыемстве прымаюць актыўны ўдзел маладыя вакалісты, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці — людзі, апантаныя мастацтвам, якіх аб’ядноўвае бясконцае жаданне дарыць гледачам выдатны настрой. У свой час менавіта “Белыя росы” сталі пачаткам творчага шляху для вядомых у раёне спевакоў.

У конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні калісьці прымалі ўдзел выдатныя вакалісты Міхаіл Шалак, Алёна Дабрыднева, Алеся Юніцкая, Анастасія Стродава. Пераможцай конкурсу маладых выканаўцаў у свой час была Алеся Дымнікава, прафесійная спявачка і неаднаразовая пераможца прэстыжных рэспубліканскіх конкурсаў. Многія вакалісты назаўсёды звязалі сваё жыццё з песняй і ўражваюць прыхільнікаў мастацт­ва яркімі выступленнямі на працягу многіх год. Работнікі раённага Дома культуры кожны раз імкнуцца надаць святу арыгінальнасць і творчы каларыт.

Гледачам сёлета была прапанавана цудоўная выстава “Падарунак ветэрану”. Творцы Баброўскага сельскага Дома культуры стварылі непаўторную кветкавую кампазіцыю, якую дапоўнілі пранікнёнымі вершамі. Работнікі Каменскага СДК ў якасці экспанатаў падрыхтавалі карціны-сувеніры. Творцы Стайскага СДК ўразілі гледачоў прыгожай драўлянай скульптурай, побач размясціліся апетытныя свежаспечаныя тарты, кветкі і плакат. Прыгожыя паштоўкі былі прадстаўлены Старалядненскім СДК. Аднак госці са Старога Лядна не толькі выдатныя майстры, а і ўмелыя кулінары. За прымальную плату яны прапаноўвалі шматлікім гасцям апетытныя булачкі, пірожныя, тарты з вяршкоў і фруктаў.IMG_3297

Немагчыма было прайсці міма экспазіцыі Юркоўшчынскага сельскага Дома культуры. Тут падарункам для ветэранаў стаў гармонік, упрыгожаны кветкамі, ноты, альбомы з фотаздымкамі, фуражка, пілотка, хлеб з салам, паштоўкі… Непадалёк на століку размяшчаліся смачныя хрусты, пірог, упрыгожаны духмянымі ягадамі, пірог з варэннем і букет палявых кветак. Арыгінальна аформілі свае экспазіцыі і іншыя ўдзельнікі выставы.

Работнікі сельскіх клубных устаноў шчыра запрашалі гасцей у паходную кухню. За прымальную плату ўсе жадаючыя маглі пачаставацца смачнай пярловай кашай, прыгатаванай на вогнішчы, духмяным чаем і свежаспечанымі кулінарнымі вырабамі.

Бадзёрыя акорды музыкі паклікалі гледачоў да сцэнічнай пляцоўкі, дзе пачыналася ўрачыстае ад­крыццё свята. Цёпла прывіталі гасцей Вольга Якубовіч і Таццяна Стрыжонак, якія ў ролі правадніц запрасілі ўсіх адправіцца ў падарожжа на маладзёжным экспрэсе “Белыя росы-2015”. Сёлетні рэйс прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Цёплыя віншаванні ў адрас гледачоў прагучалі з вуснаў старшыні Бароўскага сельвыканкама Валерыя Кляшторнага.

IMG_3276 На сцэну выходзяць пасажыры-канкурсанты — маладыя вакалісты творчага паядынку. Сярод іх лепяльчанка Алеся Папко, Максім Малярчук, які прадставіў Баброўскі сельскі Дом культуры, Ганна Вяракша (Стайскі СДК), Ула­дзіслаў Жудронак з Домжарыц, Вераніка Маляўка з аграгарадка Слабада і Ганна Крыжэвіч, якая прадставіла Каменскі сельскі Дом культуры.

Алеся Папко — камунікабельная, вясёлая і пазітыўная дзяўчына. Вольны час яна прысвячае сваім сябрам, захапляецца маляваннем і вязаннем. Ужо не першы год Алеся паспяхова займаецца ў эстраднай студыі “Святлана” раённага Дома культуры, у тэатры-студыі “Сапфір” РДК. Сёлета Алеся паспяхова выступіла ў ролі Галі Чацвяртак у спектаклі “А зоры тут ціхія…” Не ўяўляе свайго жыцця без музыкі і Максім Малярчук. Хлопец спявае з самага дзяцінства, іграе на гітары, захапляецца спортам і вядзе актыўны лад жыцця. Ганна Вяракша ні дня не можа пражыць без танцаў, любіць маляваць, шмат чытае і захапляецца фатаграфіяй. Уладзіслаў Жудронак з дзяцінства сябруе са спортам і не любіць ся­дзець на адным месцы. Яго крэда — актыўны рух. Да таго ж Уладзіслаў гадзінамі можа адточваць сваё вакальнае майстэрства, захапляецца камп’ютарнымі гульнямі. У Веранікі Маляўка хапае часу на ўсё — каб актыўна вучыцца ў школе, удзель­нічаць у алім­піядах па розных прадметах, а таксама арганізоўваць персанальныя мастацкія выставы. Вераніка заўсёды знойдзе час, каб пакатацца на роліках са сваімі сябрамі. Ганна Крыжэвіч упэўнена дасягае пастаўленай мэты. Юная спявачка актыўна займаецца спортам, любіць гуляць у тэніс, валейбол і рабіць працяглыя лыжныя прагулкі.

Вялікая Айчынная вайна… Колькі б ні прайшло часу, але жорсткае ваеннае ліхалецце пякучым і нясцерпным болем адгукаецца ў сэрцах родных, блізкіх салдат, адважных франтавікоў, партызан, якія набліжалі светлы Дзень Перамогі цаной сваіх жыццяў. Вялікім болем і трывогай насычаны радкі песень на тэму вайны. “Хмары ў блакітным”, “Ветэранам мінулай вайны”, “Абеліск”, “Балада аб салдацкай маці”, “Пераможная вясна”… Добра вядомыя песні, якія мы чуем на працягу дзесяцігоддзяў, заўсёды хвалююць сэрца. Яны прагучалі і ў выкананні маладых спевакоў.

Наступным прыпынкам маладзёжнага экспрэса стала станцыя “Тэлевізійная”. Гледачы паглядзелі папулярнае шоу “Точь-в-точь”. Кампазіцыі, з якімі выступілі сельскія артысты, нікому не далі сумаваць. Усіх рассмяшылі Веркі Сярдзючкі з аграгарадкоў Горкі і Камень, Надзея Кадышава з Чарэйшчыны, група “Дзюна” з Баброва, Лайма Вайкуле з Вялікага Поўсвіжа і Міхаіл Баярскі са Стай.

Неўзабаве маладзёжны экспрэс прыбыў на апошнюю станцыю “Маладзёжная”, на якой гучалі папулярныя беларускія песні ў эстраднай апрацоўцы. “Купалінка”, “Чарнявая, бялявая”, “Ой, рэчанька…”, “Ехаў Ясь на кані”, “Зязюля” — са сцэны мілагучным лейт­матывам ліліся добра вядомыя творы, якія не страчваюць сваёй папулярнасці. Арганічна дапоўнілі ўдалыя выступленні маладых  канкурсантаў спевы вядомых у раёне выканаўцаў Наталлі Занько, Аляксандра Міхно, Міхаіла Шалака, Аксаны Кароль. Прывіталі гледачоў таксама Наталія Мацюш, Іван Дабрыднеў і Ірына Бусава.

— На свята “Белыя росы” кожны год мы прыязджаем усёй сям’ёй, — расказвае лепяльчанка Таццяна Міснік. — Вельмі прыемна пабачыць прыгожыя вырабы выдатных майстроў, пачуць цудоўныя спевы мясцовых выканаўцаў. Лічу, што свята “Белыя росы” — гэта найлепшы падарунак для жыхароў раёна. IMG_3266

— Выканаўчы ўзровень артыстаў настолькі высокі, што, прызнаюся шчыра, пераможцу будзе выбраць вельмі нялёгка, — адзначыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Тамара Бароха. — Сёлетнія “Белыя росы” — яшчэ адно пацвярджэнне таго, што Лепельшчына мае шмат талентаў, якія, быццам яркія зорачкі, уражваюць гледачоў артыстызмам і выканаўчым майстэрствам.

У конкурсе-выставе “Падарунак ветэрану” першае месца прысуджана Юркоўшчынскаму сельскаму До­му­куль­туры. Пераможцамі у конкурсе пародый “Точь-в-точь” сталі баброўскія артысты. А вось у конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні першае месца заняла Алеся Папко, другое — Вераніка Маляўка з аграгарадка Слабада. Усе ўдзельнікі атрымалі Дыпломы, а пераможцы — таксама святочныя падарункі.

Да апоўначы госці свята весяліліся пад бадзёрыя рытмы дыскатэкі.

…Пяшчотныя галіны дрэў лашчацца ў  плыні азёрных хваль, паветра насычана летняй свежасцю… Непаўторны летні пейзаж арга­нічна спалучаецца з пранік­нёнымі мелодыямі. Усё гэта ўзнімае настрой, дорыць прыліў творчай энергіі і натхнення.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымках: уразілі гледачоў вядучыя свята Вольга Якубовіч і Таццяна Стрыжонак; дырэктар Юркоўшчынскага сельскага Дома культуры Наталля Міснік дэманструе арыгінальныя падарункі ветэрану, якім прысуджана першае месца; шчодра частуюць гасцей ласункамі работнікі Старалядненскага  сельскага Дома культуры; сюрпрызы для ветэранаў ад Стайскага СДК.

Фота аўтара.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.