Усміхаецца лепяльчанка з карціны…

IMG_0956 Анатоль Франс казаў: “Мастакі абавязаны дэманстраваць нам, наколькі прыгожае вакол нас жыццё. Інакш у нас з’явіліся б сумненні”. У наведвальнікаў традыцыйнай выставы “Фарбы Лепельшчыны” ніякіх сумненняў не ўзнікла…

У выставачнай зале раённага краязнаўчага музея прадстаўлены сорак восем работ васямнаццаці мастакоў. Сярод іх як члены Саюза мастакоў Беларусі (Алег Скавародка, Рыгор Шаура), знакамітыя майстры (Іван Будзіч, Аляксандр Саўчанка, Алена Бязега, Павел Жарнасек), так і маладыя творцы (Аляксей Ляшчоў, Ігар Саўчанка, Ганна Будзіч і інш).

— Для кожнага мастака і аматара жывапісу выстава –  значная падзея.

Свята для жыхароў горада. Раз на два гады мы ладзім гэты фэст. Вельмі прыемна, што ў нашым  вернісажы ўдзельнічае моладзь, для якой выстава – першая спроба пэндзля альбо алоўка. Творчая повязь не перарываецца і гэта цудоўна, — адзначыў Іван Будзіч.

Аляксей Ляшчоў упершыню выстаўляецца на “Фарбах”. Выпускнік сярэдняй школы №2 вучыўся на мастацка-графічным факультэце ВДУ. Прадставіў на суд публікі сваю работу “Партрэт А. П. Балотніка”, выкананую алоўкам.

Алоўкавыя замалёўкі ўласцівыя і творам Дзмітрыя Будзіча. Закончыў мастацка-графічны факультэт ВДУ, потым магістратуру. Зараз працуе мастаком на ААТ “Белрэстаўрацыя”. Серыя партрэтаў “Лепяльчанка” – яго рук справа.

IMG_0960 …Папера і аловак. Матэрыяльных затрат няшмат. Аднак колькі часу трэба, каб вынасіць у сабе спачатку задуму малюнка, потым перанесці яе на паперу. Колькі бяссонных начэй правесці каля мальберта…

Карціна “Эйфарыя” Міхаіла Віктаравіча. На палатне – дзяўчына — анёл  раскінула свае крылы, каб узляцець. Што хацеў сказаць гэтым аўтар? Можа тое, што крылы ёсць у кожнага з нас, аднак вельмі часта нам нашмат прасцей хадзіць па зямлі, чым іх расправіць.

На двары – восень. Восень і на карціне Алены Бязега? Адзінокі човен на роўнядзі вады. Дрэвы паабапал возера скідваюць асенняе ўбранне, каб увесну зноў прачнуцца пасля зімовага сну.

…Папера і творца. Пэўна, гэта самы галоўны складнік шэдэўра. І не важна: акварэль, графіт альбо алей будзе выкарыстоўваць мастак. Кожны знойдзе карціну на свой густ. І ўбачыць нешта сваё і дзеля сябе ў кожным мазку пэндзля.

Напрыканцы мерапрыемства для наведвальнікаў наладзілі салодкі стол, дзе ў цёплай сяброўскай атмасферы мастакі і прыхільнікі іх творчасці падзяліліся ўражаннямі, абмеркавалі далейшыя творчыя планы, далі зарок збірацца як мага часцей.

IMG_0968

 IMG_0978

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.