Цягні, Джымі, воз…
На самай ускраіне раёна па жвіроўцы з Хвашчова ў Зямцы павольна рухаўся воз, гружаны арганікай. Ён настолькі гарманічна ўпісваўся ў заліты сонцам вясковы краявід, што міжволі спыніліся. Для выгляду спыталі, хто цяпер жыве ў Хвашчове, бо сапраўды ехалі туды, каб сабраць інфармацыю пра вёску.
Слова за словам, і возчык, не тоячыся, распавёў пра сябе.
Анатоль Ладзік. 48 год. З Зямцоў. Хадзіў праведаць сябра Леаніда Ладзіка ў Хвашчова. Той падзяліўся арганікай і даў каня Джымі для яе перавозкі.
У Зямцах Анатоль жыве з маці. У іх сотак з 10 агарода, парнік. Арганіка будзе вельмі дарэчы, бо без яе культуры не хочуць радзіць.
Пацікавіліся, чаму мужчына жыве ў аддаленай вёсцы без сям’і. Анатоль паведаміў, што працаваў на Мінскім аўтазаводзе слесарам па рамонце абсталявання ў ліцейным цэху коўкага чыгуну. Атрымаў трэцюю групу інваліднасці. Мог бы пайсці на лягчэйшую працу, аднак пачала хварэць маці, таму на час лячэння часта перасялялася ў Лепель да дачкі, каб было бліжэй да бальніцы. Гаспадарка заставалася без нагляду. З-за гэтага і пакінуў Анатоль сталіцу. А тут ні маладзіц, ні працы. Цэнтр сельскай гаспадаркі знаходзіцца за трыдзевяць зямель — у Камені. Жывуць на дзве пенсіі — маці па старасці і яго па інваліднасці. Не шыкуюць, а сціпла жыць можна.
— Кола спусціла — каню цяжка!
— Што зробіш! Дзе яго здабудзеш у такой глухмені? А Джымі сапраўды цяжка, бо стары ён. Шкада жывёліну.
— Як называецца вось гэта возера?
— Урада. А ў Хвашчове ўбачыце Чорную Ураду.
Анатоль сапраўды дапамог нам — падрабязна распавёў аб нешматлікіх жыхарах Хвашчова. Далей рушылі ўжо з неабходнай папярэдняй інфармацыяй.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.
На здымку: Анатоль Ладзік і конь Джымі.
Фота аўтара.