Прыпар на сцелішчах
Пра ўборку лёну гутарым з галоўным аграномам ільнозавода Надзеяй Сяргеевай
— Надзея Антонаўна, на якой плошчы вырашчаны даўгунец?
— Увесну льном было засеяна 700 гектараў, з іх 54 гектары па прычынах неспрыяльнага надвор’я загінулі. Да ўборкі належыць 646 гектараў, выцераблены — 620.
— 26 га — гэта вам дні на два працы?
— Паболей. Лічыце, у пачатку жніўня, калі толькі пачалася ўборка, на церабленне выязджалі восем трактароў з ільнокамбайнамі ЛК-4У і імпартны самаходны агрэгат ТСЛ-2,4. Разам яны адольвалі вялікія аб’ёмы. Сёння да цераблення дадаліся прасаванне трасты ў рулоны з наступнай вывазкай іх на завод. Перад прасаваннем лён трэба ўспушыць, прыўзняць, бо за месяц вылежвання ён моцна прынік, месцамі нават паднялася трава. Зараз з льнокамбайнамі працуюць толькі чатыры трактары. Засталіся палеткі, дзе лён палеглы, пакручаны, з зямлі падняць яго цяжка, таму завяршаць будзем не меней за тыдзень.
— А ТСЛ-2,4?
— Гэты агрэгат выдатна сябе паказвае ўжо другі год, аднак мае адну невялікую асаблівасць — ён толькі вырывае лён і сцеле яго ў два радкі за сабой, не абцярэблівае галоўкі з насеннем. А насенне ўжо выспела, нам жа трэба паклапаціцца пра будучы ўраджай, нарыхтаваць насенны матэрыял ужо зараз.
— Каго са сваіх працаўнікоў можаце адзначыць на новых аперацыях?
— Усе трактарысты выдатна выконваюць свае абавязкі. На трактары з успушвальнікам ВЛК-3 добра працуе Анатоль Лапавухаў. Ён падрыхтоўвае стужкі даўгунцу для далейшага закручвання ў прэсы. Прэсамі падбіраюць трасту і скручваюць у рулоны Міхаіл Радчанка і Дзмітрый Пруднік. Мужчыны высока, годна нясуць званне механізатараў шырокага профілю.
— А ўвогуле шмат палегліцы было на палях?
— Больш паловы. Прычына — дажджы і моцныя вятры.
— Наколькі ведаю, льнозавод культывуе сарты беларускай селекцыі. А што чуваць адносна палегліцы ў суседзяў, дзе пачынаюць вырошчваць сарты імпартныя?
— Так, на лепельскіх землях вырошчваем беларускія сарты “Сюрпрыз”, “Блакіт”, “Рытм”, “Магілёўскі” і “Васілёк”. Насенне сёлета атрымалі неблагое, шмат было эліты і першай рэпрадукцыі з інстытута льнаводства, льнонасенстанцыі. Суседзі пачалі вырошчваць французскі “Элізэ”, аднак і ён паддаўся нашым вятрам і дажджам — шмат палягло. Хаця і трохі менш, чым беларускага.
— Пад час апошняй размовы вы гаварылі аб патрэбе дожджу для вылежвання трасты ў дапамогу жнівеньскім росам. Наколькі ўмовы надвор’я былі спрыяльныя для вылежвання?
— Сёлета ўмовы для вылежвання трасты аптымальныя: у меру было і сонца, і вільгаці. Траста атрымліваецца добрая, валакністая.
— Якія цяжкасці яшчэ даводзіцца пераадольваць пад час уборкі?
— Галоўная — раскіданасць палеткаў па тэрыторыі раёна. Адносна блізкае да льнозавода поле — у Вялікім Поўсвіжы, усе астатнія — за 25 — 30 кіламетраў. Сёння, напрыклад, вядзецца прасаванне і блізка, каля Вялікага Поўсвіжа, і каля Пышнагораў. Транспартныя выдаткі складаюць вялікую долю сабекошту прадукцыі.
На пад’ёме і ўборцы трасты ўжо працуюць навучэнцы каледжа, штодня па 80 — 90 чалавек. Лён — настолькі складаная ў тэхналогіі вырошчвання і асабліва ўборкі культура, што без шэфскай дапамогі не абысціся.
На завяршэнне ўзялі інфармацыю аб паступленні льну з палёў. На момант напісання публікацыі пад шахой было закладзена 68 тон трасты нумарам 1. Іншай не было. Якасць культуры сёлета выдатная, надвор’е абумовіла высокае ўтрыманне доўгага валакна. Таму найпершая задача для льнаводаў — не дапусціць псавання трасты на палях.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Валерый Семіёненка ля агрэгата ТСЛ-2,4.
Фота аўтара.