Майстры жывёлагадоўлі

У снежні сярод жывёлагадоўчых калектываў вобласці вызначыўся калектыў фермы “Малы Поўсвіж”. Па выніках абласнога спаборніцтва па вытворчасці малака ён заняў другое месца. Апошнім месяцам года там надаілі 67,8 тоны малака, што на 23 тоны болей за адпаведны леташні перыяд. На кожную ўмоўную карову прыпала 442 кілаграмы — на 150 кілаграмаў больш леташняга. Сярод даярак першынство трымала Ала Асадчава.

У сярэднім ад каровы яна надаіла 528 кілаграмаў, што на 281 кілаграм перавышае леташні паказчык.
Пастараліся ўсе. Належным чынам папрацавалі даяркі Раіса Мільчаніна, Алена Мялешка, Таццяна Артамонава, Людміла Пугачова.
Пэўны ўклад у агульныя дасягненні ўнеслі пастухі, а ў зімовы перыяд даглядчыкі жывёлы Людміла Шохіна і Аляксандр Капяшкевіч. Нездарма народ прыдумаў прымаўку наконт таго, што малако ў каровы на языку. Прасцей кажучы, як карову накорміш, такую аддачу ад яе і атрымаеш. Па такім прынцыпе і дзейнічалі Людміла з Аляксандрам. Мала таго, што кармоў дастаткова, трэба яшчэ ўмець іх правільна раздаць. У малапоўсвіжскіх пастухоў на тое практыкай вызначаны свой метад, пэўны час.
Многае залежыць ад работы механізмаў. Абслугоўваннем і рамонтам іх займаецца слесар. У гэтых адносінах ферме “Малы Поўсвіж” не пашанцавала — няма ў іх слесара. Штатная адзінка ёсць, але слясарыць у жывёлагадоўлі не знаходзіцца ахвочы. Праблему вырашылі ўнутры калектыву. Даільныя механізмы абслугоўваць узяўся загадчык фермы Ігар Гайсёнак, гноевыдаляльную — Аляксандр Капяшкевіч. Працэс пайшоў.
Ферма знаходзіцца на ўскраіне Малога Поўсвіжа, а жывёлаводы жывуць у Вялікім Поўсвіжы. Улетку на працу дабіраюцца на веласіпедах. А як быць зімой, калі і дарога непрыдатная для веласіпеднага руху, і цемра стаіць непраглядная зранку і ўвечары? Пытанне вырашылі на першы погляд проста — падвозяць і адвозяць людзей на працу. Аднак не так проста было арганізаваць транспартную адзінку, вадзіцеля. Вось з такіх, здавалася б, дробязяў і атрымаўся другі ў вобласці вынік.
Старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч уручыў калектыву фермы “Малы Поўсвіж” Дыплом другой ступені і чайны сервіз на 12 персонаў.
— Цяпер ніхто без чаю не застанецца, — падзякаваў Ігар Гайсёнак.
— На першае месца ў вобласці выходзіць збіраецеся?
— Будзем старацца, але канкрэтна абяцаць не адважваемся. За свае словы трэба адказваць — раптам не ўдасца. А вось другімі будзем абавязкова і не раз.
— Ну што ж, цудоўна, калі так будзе.
На развітанне спытаў галоўнага заатэхніка Таццяну Яско, з якімі паказчыкамі калектыў фермы “Малы Поўсвіж” завяршыў год.
— Пяцітысячны рубеж перасягнулі дзве даяркі. Ала Асадчава надаіла 5039, Алена Мялешка — 5017 кілаграмаў малака ад каровы.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.
На здымку: даглядчыца жывёлы Людміла Шохіна, даяркі Людміла Пугачова, Жанна Барысенка, Ала Асадчава, Раіса Мільчаніна на сходзе пад час атрымання Дыплома і каштоўнага падарунка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.