Прага да перамогі

Як толькі пачынаюцца актыўныя палявыя работы, у газеце рэгулярна публікуецца Дошка гонару перадавікоў сельгасработ. Адно з пастаянных на ёй імёнаў — Пётр Духовіч, механізатар з СВФ “Заазер’е”. А не так даўно пачуў інфармацыю і пра яго дачку Олю, якая стала пераможцай у рэспубліканскай спартакіядзе сярод падлеткаў.
— Оля сур’ёзная, старанная, адказная за даручаную справу, — кажа настаўніца фізкультуры Старалепельскай базавай школы Ларыса Стайнова.

— Гэтыя якасці прымушаюць дзяўчыну, як і бацьку ў полі, у спартыўнай зале, на трэніроўках, спаборніцтвах выкладвацца па максімуму. Вядома, яна можа пажартаваць, пасмяяцца на перапынках, але на ўроку — сама засяроджанасць.
У пачатку года па традыцыі праходзяць спаборніцтвы па зімовым мнагаборстве. У гэтым відзе спорту спаборнічаюць у адцісканні ад падлогі, скачках у даўжыню і лыжных гонках. Пераможца вызначаецца па суме балаў.
Оля пасля паспяховага ўдзелу ў раённых спаборніцтвах удала выступіла ў вобласці: у асабістым заліку заняла першае месца ў сваёй узроставай групе. Перамога дасталася дзяўчыне ў цяжкай, напружанай барацьбе. Прадстаўнікі іншых раёнаў літаральна на пяты наступалі. І ўсё ж першае месца засталося за Оляй! Па выніках спаборніцтва яе ўключылі ў склад зборнай вобласці для ўдзелу ў рэспубліканскім першынстве.
Віцебскую вобласць на першынстве прадстаўлялі 14 вучняў пятых — адзінаццатых класаў з розных раёнаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі старанна рыхтаваліся, увесь адведзены час стараліся па максімуму прысвяціць трэніроўкам, Оля не адставала. Амаль кожны дзень — лыжы, заняткі ў спартыўнай зале, пры гэтым не забываючыся і на вучобу.
Рэспубліканскія спаборніцтвы былі надзвычай напружанымі. У залік ішлі і скачкі, і адцісканні, аднак галоўная ўвага была скіравана на лыжныя спаборніцтвы. Юныя спартсменкі павінны былі найхутчэй прабегчы адзін кіламетр.
Здавалася б, кіламетр — не так і шмат, пракаціцца на лыжах — лёгка. Аднак адна справа, калі ідзеш на лыжах няспешна, любуючыся прыродай, і зусім іншая, калі бяжыш як найхутчэй, стараючыся абагнаць яшчэ з дзясятак моцных сапернікаў.
У камандным заліку зборная Віцебскай вобласці на зімовым мнагаборстве заняла чацвёртае месца. Вядома, усе — і спартсмены, і трэнеры — перажывалі, што спыніліся ў якімсьці кроку ад п’едэстала гонару.
Оля таксама перажывала. І ўсё ж гэта ніякім чынам не паўплывала на яе жаданне займацца фізкультурай і спортам. Дзяўчына рэгулярна прыходзіць на трэніроўкі, займаецца з усёй адказнасцю і сур’ёзнасцю. На ўроках фізкультуры яна бегае хутчэй за многіх хлопцаў. Так што патэнцыял у Олі высокі, мэтанакіраванасці — яшчэ больш, а будучыя вынікі не прымусяць доўга чакаць.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.