Бесперапынныя пастаўкі
Вядомае народнае выслоўе мудра падказвае: “Рыхтуй летам сані, а зімой калёсы”. Сапраўды, калі ж, як не летам, падбаць пра цёплую і бестурботную зіму, маецца на ўвазе, назапасіць дастаткова паліва? Пра тое, як ідуць сёння справы ў арганізацыі, якая займаецца ў раёне палівазабеспячэннем, гутарым з дырэктарам Лепельскага філіяла АУП “Віцебскаблпаліва” Васілём Пшонкам.
— Васіль Канстанцінавіч, помніцца, яшчэ некалькі гадоў таму атрымаць машыну дроў ці брыкету з “гарпалівазбыту” было не такой простай задачай. Па-першае, існавала чарга, і даволі вялікая.
Заказаўшы, можна было чакаць і месяц, і два. Па-другое, вясковым жыхарам трэба было спачатку ў сельсавеце ўзяць адпаведную даведку — гэта было нязручна. Цэны “кусаліся”, вось насельніцтва і кінулася па дровы да прыватнікаў. А як выглядаюць справы зараз?
— Хачу адразу сказаць, што ніякай чаргі на атрыманне паліва ў нас болей не існуе. Ну, калі паступіць сем — дзесяць заявак, то, вядома, за адзін дзень мы не справімся, але ж развязем за два— тры дні. У сельсавет па даведку больш ісці таксама не трэба, сельвыканкамы прадастаўляюць нам інфармацыю. Навошта? Проста жыхары з пастаяннай прапіскай, у якіх няма цэнтральнага ацяплення, атрымліваюць пэўную колькасць паліва на льготных умовах, дачнікі ж такімі льготамі не карыстаюцца.
— Якія нормы рэалізацыі льготнага паліва?
— З першага студзеня — тры з паловай тоны брыкету на домаўладанне і 4,9 кубаметра дроў (не блытаць з раўметрамі, у якіх насельніцтва прывыкла лічыць).
— І колькі ж гэта раўметраў?
— Прыкладна сем, але мы, паўтараю, адпускаем у кубаметрах.
— Скажыце, як вам удалося за параўнальна кароткі час ліквідаваць чаргу?
— Дзякуючы бесперапынным пастаўкам паліва і зладжанай працы калектыву. Зараз у нас працуюць пятнаццаць чалавек, з іх трое — адміністрацыйныя работнікі, астатнія — спецыялісты-рабочыя: вадзіцелі, трактарысты, станочнікі. Усе стараюцца, бо ад гэтага залежыць і аплата працы, мы ж на самаакупнасці.
— Якая тэхніка задзейнічана?
— Маем аўтамабілі МАЗ, ЗІЛ, трактар МТЗ-80 з прычэпам, дзве ПТС-4 і пагрузчык на базе МТЗ-82. У нашым распараджэнні таксама дзве бензапілы, электракалун для расколу дроў.
— Хто забяспечвае пастаўкі паліва?
— Брыкет атрымліваем з торфапрадпрыемстваў “ДЗІТВА” (Гродзенская вобласць) і “ЦНА” (Мінская вобласць). Дровы пастаўляюць нам Лепельскія лясгас і леспрамгас. На сёння гэтым арганізацыям даведзены план паставак па чатыры тысячы кубаметраў. Часткова бяром двухметровыя дровы самі — самавывазам.
— Як ідзе сёлета забеспячэнне палівам прыватных домаўладальнікаў?
— За першы квартал забяспечана торфабрыкетам 188 домаўладанняў, для параўнання, летась за гэткі ж час было 107. Дрывамі было забяспечана 306 домаўладанняў, летась за такі ж перыяд — 305.
— Ці рэалізуеце паліва арганізацыям?
— У большасці з іх ацяпленне цэнтралізаванае, так што бярэ няшмат хто: аўтапрадпрыемства, Старалепельская школа-сад, Юркоўшчынскі і да нядаўняга часу Чэрскі дзіцячыя садкі. Возім паліва таксама ў Пышна і Слабаду.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.