Главный показатель в работе — реализация жилищной политики

З 25 жніўня бягучага года на пасаду намесніка старшыні райвыканкама прызначаны Сяргей Быстрыцкі. Сяргей Міхайлавіч курыруе пытанні жыллёва-камунальнага абслугоўвання і будаўніцтва. Вядома, што спектр работы ў гэтым накірунку даволі шырокі. Гэта кантроль дзейнасці жыллёва-камунальнай службы ў галіне забеспячэння якасці паслуг насельніцтву, добраўпарадкаванне горада і раёна, стварэнне належных умоў для жыцця і адпачынку грамадзян. І гэта далёка не ўвесь пералік пытанняў, якія штодзень знаходзяцца ў полі зроку намесніка старшыні райвыканкама. Больш падрабязна пра гэта і пойдзе наша далейшая размова.

— Сяргей Міхайлавіч, вам даручаны вельмі вялікі і адказны ўчастак работы. Раскажыце, калі ласка, як пачынаўся ваш прафесійны шлях.

— Маё прафесійнае станаўленне адбылося на роднай Лепельшчыне. Скончыўшы 9 класаў сярэдняй школы №2 (зараз — гімназія імя І. Ерашова), я паступіў у Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум на спецыяльнасць “сельскае будаўніцтва і абуладкаванне сельскіх населеных пунктаў”. Скончыўшы гэту ўстанову, стаў студэнтам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” па скарочанай форме навучання. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, у 2008 годзе па размеркаванні вярнуўся працаваць на родную Лепельшчыну — стаў выкладчыкам спецдысцыплін установы адукацыі “Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж”. У 2013 годзе я быў прызначаны загадчыкам меліярацыйна-будаўнічага аддзялення — адказваў за выпуск спецыялістаў у галінах будаўніцтва, меліярацыі, водазабеспячэння, добраўпарадкавання і г.д.

У маі 2020 года я быў прызначаны дырэктарам даччынага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Лепельскага раёна”, якое знаходзіцца ў падначаленні ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама. І вось сёлета мне паступіла прапанова стаць намеснікам старшыні райвыканкама. Так атрымалася, што па жыцці я працую ў галіне будаўніцтва. Спачатку вучыў гэтай справе моладзь, затым узначальваў арганізацыю, якая непасрэдна займаецца будаўніцтвам, і зараз мне даручаны кантроль за работай гэтай галіны ў раёне.

— Сяргей Міхайлавіч, на якіх накірунках вам, як перспектыўнаму кіраўніку, хацелася б засяродзіць увагу ў першую чаргу?

— Лічу, што галоўным паказчыкам работы ў першую чаргу зяўляецца рэалізацыя жыллёвай палітыкі. Вельмі важна, каб былі забяспечаны жыллём шматдзетныя семі, сіроты і іншыя катэгорыі грамадзян, якія маюць у гэтым патрэбу. Паколькі ў Лепельскім раёне маецца вялікая чарга грамадзян, што маюць неабходнасць ў набыцці жылля, намі вядзецца распрацоўка будучых праектаў шматкватэрных і індывідуальных жылых дамоў.

Не менш важным накірункам маёй дзейнасці зяўляецца кантроль за работай жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна. Грамадзяне заўсёды павінны адчуваць сябе ў сваіх дамах утульна і камфортна, атрымліваць паслугі водазабеспячэння, водаадвядзення, мець электрычнасць і г.д. Вялікай увагі заслугоўвае і работа са зваротамі грамадзян. Кожнае пытанне, якое паступае на адрас райвыканкама наконт будаўніцтва, дзейнасці жыллёва-камунальнага абслугоўвання, павінна дэталёва разглядацца.

— Як вядома, у Лепельскім раёне праведзена грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта “Дэталёвы план цэнтральнай часткі г. Лепеля”, распрацоўшчыкам якога зяўляецца УП “БелНДІгорадабудаўніцтва”. Сяргей Міхайлавіч, магчыма, у рамках пректа пры ўзвядзенні дамоў ёсць асаблівасці?

— Так, згодна з праектам распрацаваны план дэталёвага абуладкавання паўночна-заходняй часткі г. Лепеля — мікрараёна, дзе калісьці быў размешчаны шпіталь і дзейнічае ўстанова аховы здароўя “Лепельская ЦРБ”. Вядзецца таксама карэкціроўка планавання цэнтральнай часткі г. Лепеля, распрацоўваецца падобны план у адносінах да вёсак Домжарыцы і Бароўка, а таксама ідывідуальнага будаўніцтва ў мікрараёне “Заходні”.

Калі ў былыя гады ўзводзіліся новыя шматкватэрныя дамы, планіроўка кватэр у іх нічым не адрознівалася ад іншых, пабудаваных крыху раней. Аднак у цяперашні час кватэры ў розных дамах будуць мець сваю, індывідуальную планіроўку, паколькі ўзвядзеннем дамоў будуць займацца розныя будаўнічыя арганізацыі. Так, будаўніцтвам новага шматкватэрнага дома па вуліцы Калініна займаецца ТАА “ВИРСО” — Саюз Будаўнікоў Рэспублікі Беларусь, узвядзенне шматкватэрнага дома па завулку Ялугіна — справа дзяржаўнага прадпрыемства “Віцебскаблсельбуд”, а будаўніцтва новага дома па вуліцы М. Гокага ў 2022 годзе будзе праводзіць Наваполацкі філіял інстытут “Віцебскграмадзянпраект”.

— Вядома, што вельмі важнае месца ў жыцці кожнага чалавека займае сямя…

— Вось ужо дзясяты год побач са мной па жыцці ідзе любімая жонка Марына. Яна — выдатная гаспадыня, умее стварыць у доме асаблівыя ўтульнасць і камфорт. Марына працуе галоўным спецыялістам аддзела рознічнага бізнесу Цэнтра банкаўскіх паслуг №211 ААТ “ААБ “Беларусбанк”. Нашай маленькай дачушцы Дарі — 4 гады.

— Несумненна, працы вы аддаеце шмат часу. Аднак чым жа любіце займацца ў вольную хвілінку?

— Калі мая работа заўсёды была звязана з тэорыяй будаўніцтва, то ў вольны час з задавальненнем праяўляю свае веды на практыцы.

— Няхай жа ў нялёгкай, але вельмі важнай для ўсіх рабоце вам спадарожнічаюць толькі поспех, аптымізм, а ўсе акрэсленыя планы абавязкова ўдасца ажыццявіць!

Інтэрв’ю правяла Святлана ВАЗНЯК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.