Мяжа: да і пасля аварыі
Лёс чалавека, пра якога збіраюся расказаць, прэтэндуе на добры ўрок для маладых — таго, чаго рабіць нельга, і што, наадварот, рабіць трэба ў жыцці. Размова пойдзе пра чалавека моцнага, загартаванага духам.
Жыццё Андрэя Казакова няўмольны лёс падзяліў на дзве паловы, паміж якімі стаіць той ракавы дзень, калі ён дваццаціпяцігадовым хлопцам сеў на матацыкл і…
Хіба ж упершыню! Ды ён з тэхнікай на “ты”, бадай што з самага дзяцінства. Колькі іх, гэтых матацыклаў, мапедаў сваімі рукамі сабраў-разабраў.
У той ракавы дзень смерць яго пільнавала, загрэбла ўжо ў свае халодныя абдымкі і не хацела выпускаць да жыцця. Пасля дарожнага здарэння месца літаральна жывога, цэлага на ім не засталося. Збіралі-сшывалі ўрачы і… ніякай гарантыі не давалі.
А пасля былі доўгія гады туляння па бальніцах, па рэабілітацыйных установах для інвалідаў. Моцны арганізм Андрэя вытрымаў, перамог усё ж. Але з інваліднага вазка хлопец так і не падняўся. На той час ён ужо быў жанаты. Нарадзілася дачка. Чакалі пашырэння жыллёвай плошчы. Было шмат перспектыўных і цікавых планаў на будучыню. Усе іх перакрэсліла адно ракавое імгненне, падзяліўшы жыццё гэтага чалавека на дзве часткі — да і пасля аварыі.
Андрэй распавядае, што ў бальніцах набачыўся роспачы людзей, якія апынуліся ў такой жа, як ён, сітуацыі і былі гатовы выкінуцца з акна, калі б толькі да яго дацягнуліся, і звесці рахункі з жыццём. Аднак ў самога яго нават і думкі такой ніводнага разу не ўзнікала. Жыць! Толькі жыць! І прытым не стаць абузай, нікога не напружваць. Так ён застаўся жыць адзін. Рэзкі, круты па характары, Андрэй так тлумачыць сваё расстанне з блізкімі людзьмі, якія яго дагэтуль акружалі: “Не хачу, каб яны пакутавалі з-за мяне. Жонка вунь яшчэ якая маладая ў той час была, амаль што дзяўчо. У яе ўсё яшчэ наперадзе.”
Андрэй Казакоў жыве адзін у двухпакаёвай кватэры, якая з часам стала яго творчай майстэрняй. Менавіта залатыя рукі і цвёрдая воля здолелі выцягнуць хлопца зноў да жыцця, калі ён ужо адной нагой стаяў на мяжы… Першы свой мапед Андрэй сабраў у дзяцінстве, яшчэ калі і ўтрымаць яго ў руках не мог. А калі ўжо, скалечаны, сядзеў у інвалідным вазку, апусціўшы рукі, і не ведаў, з чаго яму па-новай пачынаць жыццё, сябры прынеслі разец і кавалак дошкі. З гэтага і пачалося яго ўзыходжанне. Першы такарны станок ён зрабіў сам. І пачаў выпільваць, вычэсваць. Балазе ўсё ў яго руках проста “гарэла”, усё выходзіла выдатна.
— Гады тры толькі на інструменты працаваў, — прызнаецца Андрэй.
Заняўся рамесніцкай дзейнасцю — хлебніцы, паліцы дэкаратыўныя, падстаўкі для кветак. Ды якую толькі драбязу ён ні выпільвае! Камусьці спатрэбіцца рамка для фотаздымкаў, камусьці — паліца. Для кагосьці вунь змайстраваў дэкаратыўныя нарды — каб толькі бачылі, якія прыгожыя і арыгінальныя! Думаю, такія дорага каштуюць. А што ж, грошы Андрэю патрэбныя, бо дошкі, інструменты на пенсію інваліда не набудзеш. Сам шукае матэрыял, наймае людзей, каб яго прывезці. “Было, — прызнаецца, — што і сам на плячах тыя дошкі ў кватэру пераносіў-выгружаў”. Гэта, вядома, са сферы фантастыкі, але так! Нездарма ж у яго спальні — спартыўныя трэнажоры (таксама, пэўна, сам рабіў). Трэба быць моцным не толькі духоўна, але і фізічна, каб выжыць і жыць годна. Робіць майстар і іншыя, больш сур’ёзныя, рэчы для сябе, сяброў. Шафу зрабіць можа, крэсла.
— Зрабіць магу практычна ўсё, — шчыра прызнаецца хлопец, — быў бы час, пэўны матэрыял.
А галоўнае, ён змог зрабіць… самога сябе, за пятнаццаць гадоў інваліднасці вярнуцца да паўнавартаснага жыцця. Прыклад і для маладых людзей, якія, маючы сілы і здароўе, не хочуць працаваць, жывуць нахлебнікамі ў сваіх родных, блізкіх і гадамі не могуць знайсці прымяненне сваім сілам.
Уладзімір МІХНО.