Валейбольныя паядынкі
Валейбол — адзін з найбольш масавых відаў спорту, які карыстаецца шырокай папулярнасцю ў аматараў здаровага ладу жыцця. Гэтай гульнёй захапляюцца дарослыя і дзеці, прызнаныя мэтры спартыўнага алімпу і маладыя фізкультурнікі, вучні агульнаадукацыйных школ. Таму не выпадковай была вялікая цікаўнасць да адкрытага чэмпіянату раёна па валейболе сярод мужчынскіх каманд прадпрыемстваў, арганізацый і навучальных устаноў. На ўдзел у чэмпіянаце падалі заяўкі шэсць каманд: раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтральнай раённай бальніцы, аграрна-тэхнічнага каледжа, дзяржпрафліцэя, Пышнянскай дзіцячы сад-сярэдняй школы і Стайскай дзіцячы сад-сярэдняй школы. Балельшчыкі, якія сабраліся ў зале раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, каб убачыць незабыўнае відовішча спартыўнага супрацьстаяння, актыўна падтрымлівалі бескампрамісную барацьбу, што разгарнулася на валейбольнай пляцоўцы.
— Сапраўдная інтрыга ў ходзе гэтых спаборніцтваў закруцілася тады, калі каманда дзяржпрафліцэя выйграла ў спартыўнай дружыны аграрна-тэхнічнага каледжа, а валейбалісты раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях нанеслі паражэнне дзяржпрафліцэю, — адзначыў галоўны сакратар спаборніцтваў Анатоль Красніцкі. — Адразу стала зразумела, што менавіта гэтыя каманды зоймуць першыя тры месцы, ніхто ўжо больш не зможа ўклініцца ў высвятленне адносін паміж гэтымі самымі моцнымі сапернікамі. Пытанне было толькі ў тым, як размесцяцца ў выніковай турнірнай табліцы спаборніцтваў гэтыя спартыўныя дружыны.
Вырашальнай сустрэчай у канчатковым вызначэнні пераможцы і прызёраў чэмпіянату стаў паядынак паміж валейбалістамі аграрна-тэхнічнага каледжа і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Абодва сапернікі старанна рыхтаваліся да гэтага матча, выставілі на яго лепшых ігракоў. Відавочнай перавагай выратавальнікаў быў добра падрыхтаваны, вопытны, зладжаны спартыўны калектыў, нацэлены на перамогу, барацьбу з поўнай аддачай сіл да самых апошніх момантаў гульні. На баку ж аматараў здаровага ладу жыцця аграрна-тэхнічнага каледжа была студэнцкая маладосць, поўная энергіі і здаровых амбіцый, жадання быць заўсёды наперадзе, у лідарах спартыўнай барацьбы.
У першай партыі лік на працягу амаль усяго часу змагання заставаўся прыкладна роўным, аб чым сведчыць і канчатковы вынік 27:25 на карысць спартсменаў аграрна-тэхнічнага каледжа. Ды і ў другой партыі ўдача аказалася на баку валейбалістаў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы (25:17). Такім чынам, чэмпіёнам раёна па валейболе сярод мужчынскіх каманд стала спартыўная дружына аграрна-тэхнічнага каледжа. Другое месца занялі прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, трэцяе — дзяржпрафліцэя. Каманда-пераможца ўзнагароджана Кубкам, дыпломам і медалямі, а прызёры спаборніцтваў адзначаны дыпломамі і медалямі.
Лепшым іграком чэмпіянату прызнаны навучэнец аграрна-тэхнічнага каледжа Віталь Мілаш, які быў заахвочаны каштоўным прызам за сваё ўдалае выступленне ў гэтых спаборніцтвах.
На здымку: каманда аграрна-тэхнічнага каледжа — пераможца чэмпіянату раёна па валейболе.