Першы экіпаж-тысячнік

404Рубеж намалоту ў тысячу тон дасягнуты! У пятніцу старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Урбан, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч, артысты аўтаклуба РАМЦ выехалі прама ў поле павіншаваць экіпаж, які першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжа. Гэтым экіпажам сталі Сяргей Касцюковіч і Вадзім Пыхцін з СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”, а вадзіцель Сяргей Чуес з гэтай жа гаспадаркі першым адвёз ад камбайнаў тысячу тон. Урачыстая дзея па добрай традыцыі адбылася прама на полі перад вёскай Студзёнка.
Ад дарогі ніва ўжо была зжата. Побач прыпыніліся камбайн КЗС-1218, трактар МТЗ-3522 з вялікім прычэпам і МАЗ.
Першым павіншаваў тысячнікаў Барыс Яфрэмаў:
— Дарагія сябры, сёлета хлебаробы Лепельшчыны выдатна папрацавалі, і прырода не падвяла — мы маем багаты ўраджай. Сёння палеткі раёна ўбраныя больш, як напалову, у свірны ўжо засыпана больш за 23 тысячы тон збожжа. Мы маем шанц атрымаць валавы намалот у 40 тысяч тон. Гаспадаркі раёна цалкам разлічыліся па дзяржаўных закупках. Усё гэта стала магчыма дзякуючы працы такіх людзей, як Сяргей Касцюковіч, Вадзім Пыхцін, Сяргей Чуес. Хлопцы першымі намалацілі і перавезлі тысячу тон збожжа. Так трымаць! Жадаю ў хуткім часе зноў сустрэцца з нагоды дасягнутых паказчыкаў у паўтары, дзве тысячы тон!
Усе госці віншавалі хлебаробаў, дарылі ім падарункі, артысты спявалі ў гонар працаўнікоў палёў, у мяне ж узнікла думка: “А тысяча тон — гэта колькі?” Калі ўлічыць, што ў чыгуначны вагон змяшчаецца 50 тон збожжа, то атрымліваецца, што хлопцы напоўнілі чыгуначны састаў у 20 вагонаў.
Працоўны дзень хлебаробаў пад час жніва пачынаецца рана, амаль з узыходам сонца. Спачатку трэба перагле­дзець камбайн, адрамантаваць дробныя няспраўнасці, выяўленыя напярэдадні, змазаць механізмы. У экіпажы-рэкардсмене гэты абавязак бярэ на сябе Вадзім Пыхцін, хлопец вельмі адказна адносіцца да сваіх абавязкаў. А тэхніка адказвае ўзаемнасцю — не падводзіць, нягле­дзячы на значны ўзрост. Іх камбайн КЗС-1218 працуе ўжо восьмы сезон, гэта самая першая тэхніка такой мадэлі, атрыманая ў раёне. Паколькі Вадзім мае пасведчанне трактарыста-машыніста, то з поўным правам у выпадку патрэбы сядае за штурвал камбайна. Хлопцы так і працуюць: бункер намалоціць Сяргей, наступны — Вадзім. Не заўсёды аўтамабілі паспяваюць прыняць і адвезці намалот, тады на дапамогу прыходзіць трактар. На ім, дарэчы, таксама працуе Сяргей Касцюковіч.
Званне тысячніка не першае ў працоўным стажы Сяргея Касцюковіча, летась ён таксама дасягнуў гэтага ж паказчыка, 405праўда, першым тысячнікам стаць не паспеў. Тады яго напарнікам быў Аляксандр Міснік. Аднак і тады, і сёлета перадавікі былі мала­дзёжным экіпажам. Сяргей Чуес — таксама малады кіроўца.
— Як думаеце, хутка з вамі сустрэнемся з нагоды новых працоўных рэкордаў? — пытаюся ў хлопцаў.
— Паўтары тысячы абавязкова намалоцім, — адказвае Сяргей, — а вось дзве — пад пытаннем. Да таго часу, магчыма, жніво і завершыцца. Аднак мы будзем старацца. Тым больш, што прызёрам прадугледжаны неблагія падарункі і грашовыя прэміі.
Аб працаўніках папрасіў распавесці дырэктара СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” Аляксандра Быкава.
— Гэтыя хлопцы — гонар і будучыня прадпрыемства. Сяргей, напрыклад, хаця і малады механізатар, але адзін з лепшых, перадавік. Яму ўвесну даверылі новы энерганасычаны трактар МТЗ-3522, ён на ім з пасяўным агрэгатам актыўна ўключыўся ў сяўбу. Дарэчы, поле, на якім мы зараз стаім, засяваў менавіта Сяргей.
— На сёння СВФ “Заазе’е” — адзін з лідараў жніва, ураджайнасць зерневых складае не менш за 35 цэнтнераў з гектара, у той час як у сярэднім па раёну — 25ц/га.
— Скажу больш, некаторыя палеткі далі значна больш. Так, на адным полі элітны ячмень даў 62 цэнтнеры на круг, на другім трыцікале паказала ўраджайнасць пад 50 цэнтнераў.
— У мінулыя гады лідарам жніва ў “Заазер’і” быў Пётр Духовіч, чаму сёлета яго няма ў ліку першых?
— Пётр пачынаў жніво на сваім камбайне, выбіваўся ў перадавікі, але праз некалькі дзён у гаспадарку набылі новы камбайн. Каму яго даверыць, не было ніякіх іншых варыянтаў, толькі Пятру. Аднак новая тэхніка патрабуе даводкі, абкаткі. За гэты час Пётр адстаў. На наступны год ён з новымі сіламі ўключыцца ў жніво, і на новай тэхніцы, упэўнены, пакажа выдатныя вынікі.
На завяршэнне ўрачыстасці артысты далі невялікі канцэрт. А затым напружаны працоўны дзень прадоўжыўся…
Васіль
МАТЫРКА.
На здымку: старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў узнагароджвае экіпаж-тысячнік; Вадзім Пыхцін, Сяргей Касцюковіч і Сяргей Чуес.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.