Вальшчык лесу
З левага боку ад асфальтаванай шашы, якая ідзе ад вёскі Звязда па накірунку на Пышна, у прыдарожным лясным масіве рупліва працаваў вальшчык лесу Стайскага лясніцтва Аляксей Вініцкі. Ён умелымі, дакладна выверанымі рухамі зразаў бензапілой сухія і пашкоджаныя дрэвы, у тым ліку вырваныя прама з карэннем моцным штармавым ветрам, а таксама хмызняк і кустоўе, складваючы асобна дзелавую драўніну і звычайныя паленні, якія можна выкарыстаць на дровы. А сучча, адыходы вытворчай дзейнасці, драўляныя рэшткі Аляксей Мікалаевіч акуратна зносіў у іншыя месцы, размяшчаў у пэўныя кучы, прызначаныя для ўтылізацыі. Такім чынам ён ачышчаў лясныя ўгоддзі ад захламленасці. Міжволі залюбаваўся вынікамі работы вальшчыка, пасля якой лясныя насаджэнні набылі прыгожы, добраўпарадкаваны выгляд. Шэрагі стромкіх, здаровых дрэў, якія засталіся пасля ачысткі, як па ранжыры выстраіліся па ўсім наваколлі, упэўнена пацягнуліся ў вышыню.
— Выконваю гэтую работу ў 195-ым квартале лесу Стайскага лясніцтва ўжо на працягу двух тыдняў, — паведаміў Аляксей Мікалаевіч. — Аплата маёй працы напрамую залежыць ад канчатковых вынікаў дзейнасці. Таму некалі “перакурваць”, прахалоджвацца. Больш папрацуеш — больш атрымаеш грошай.
— Дзе жывеце?
— У бацькоўскім доме ў вёсцы Поплаўкі.
— Ці вялікая падсобная гаспадарка?
— Трымаю каня і жарабя. Дзякуючы гэтаму маю магчымасць добра апрацаваць прысядзібны зямельны ўчастак, у дастатковай колькасці заправіць глебу арганічнымі ўгнаеннямі, атрымаць высокі ўраджай бульбы, гародніны, самых розных сельскагаспадарчых культур. Ды і аднавяскоўцам дапамагаю ў ворыве, пасадцы і ўборцы бульбы. Акрамя таго, на сваёй вясковай сядзібе ўтрымліваю дзясятак курэй, сабаку-ахоўніка.
— А як наконт сям’і?
— Няпроста знайсці спадарожніцу жыцця. Гэта як у горадзе — людзей на вуліцы побач бачыш шмат, а ўсе — чужыя. Вымушаны шукаць сабе жонку ўжо за межамі раёна. Такую дзяўчыну, здаецца, усё ж напаткаў. Падабаецца мне яна, можа, і ажанюся.
Патэлефанаваў майстру лесу Стайскага лясніцтва Сяргею Ганчару.
— Аляксей Вініцкі працуе ў нашым лясніцтве каля дзесяці гадоў, — паведаміў ён. — Спачатку быў лесарубам, а потым, пасля адпаведнага навучання ў Бешанковіцкім вучылішчы, стаў выконваць абавязкі вальшчыка лесу. Як добрасумленнага работніка, што, акрамя ўсяго іншага, строга выконвае патрабаванні аховы працы і тэхнікі бяспекі, яго ў апошні час перавялі працаваць індывідуальным вальшчыкам лесу. Штомесяц у сярэднім ён нарыхтоўвае каля 100 кубаметраў дзелавой драўніны і дроў. За высокія вытворчыя паказчыкі Аляксей Мікалаевіч неаднаразова заахвочваўся грашовымі прэміямі.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Аляксей Вініцкі — майстар сваёй справы.
Фота аўтара.