І ў Лепелі рыхтаваліся настаўнікі

Закончылася крывавая і шматпакутлівая грама­дзянская  вайна.  Спакваля пачалося  ўмацаванне  эканамічнага  становішча. З  пэўным  паляпшэннем  матэрыяльнага  дабрабыту  беларусаў ствараліся  спрыяльныя  ўмовы  для  ўсеагульнага  абавязковага  пачатковага  навучання. У  красавіку 1926 г. вышэйшым органам  улады  Беларусі  была  прынята  адпаведная пастанова  аб  навучанні дзяцей васьмі — адзі­наццаці гадоў. Развіццё  школьнай  адукацыі  патрабавала  і  паляпшэння падрыхтоўкі педагагічных  кадраў.

Адчыніў дзверы перад навучэнцамі ў  1929/30 навучальным годзе і Лепельскі  педагагічны  тэхнікум,  які  рыхтаваў  настаўнікаў  для  пачатковай  школы. Новая  навучальная  ўстанова  размясцілася  ў  цагляным  будынку  па  вуліцы Савецкай, дзе да  рэвалюцыі  быў  вінна-ачышчальны  завод, а  пазней — розныя ўстановы мясцовай савецкай  улады. Цяпер будынак рэканструіруецца пад раённы краязнаўчы музей.

Да  старога  корпуса  ў тагачасных умовах была  зроблена  двухпавярховая  прыбудова, дзе і вяліся  заняткі. У перыяд  нямецкай  акупацыі  ў  будынку  тэхні­кума  размяшчалася гестапа. Суровыя дні перажылі нашы землякі. Там, дзе набывалі некалі веды іх дзеці, гітлераўцы наладзілі канвеер катаванняў і допытаў патрыётаў, якія не скарыліся ворагу.

Пасля  вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ві­цебскі  абласны  Савет дэпутатаў 8 жніў­ня 1944 года  прыняў рашэнне аднавіць  Лепельскае  педагагічнае вучылішча. Заняткі пачаліся ў кастрычніку. У 1950-я  гады  пры  паступленні  ў  навучальную ўстанову  пасля  сямігодкі  неабходна было здаць уступныя  экзамены па матэматыцы, Канстытуцыі, рускай і іншых  мовах  (вусна  і  пісьмова). Абавязковым было  вывучэнне  на  працягу чатырох гадоў прадметаў (многіх з методыкай  выкладання): беларуская  мова  і  літаратура, руская  мова  і  літаратура, дзіцячая літаратура, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, трыганаметрыя, фізіка, гісторыя  КПСС, Канстытуцыя, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, хімія і  мінералогія, педагогіка, псіхалогія, логіка, школьная гігіена, чыстапісанне, маляванне, спевы, музыка, фізічнае  выхаванне. Вяліся  практычныя  работы  ў  майстэрнях,   сельскай  гаспадарцы, наладжвалася педагагічная  практыка.  З цягам часу ўдасканальвалася  і  выхаваўчая  работа  з  навучэнцамі. Асаблівая  ўвага  звярталася  на  палі­тычнае, маральнае, эстэтычнае, працоўнае, фізічнае навучанне.

Разнастайнасць  вывучаемых  дысцыплін, высокі  ўзровень  іх  выкладання (большасць  навучэнцаў  атрымлівалі  стыпендыюі  толькі  пры  адзнаках “4” і “5”), педагагічная  практыка  ў  школах  горада  і  раёна пакідалі  добрае  ўражанне, закладвалі  моцны  падмурак  практычных  ведаў. У  канцы  навучання  выпускнікі здавалі дзяржаўныя  экзамены  па  гісторыі  КПСС, педагогіцы,  арыфметыцы, рускай  і  беларускай  мовах.

Неяк давялося пагутарыць з адным з выпускнікоў навучальнай установы. Потым ён стаў добрым настаўнікам. Паказаў мой добры знаёмы і характарыстыку. Яе радкі дапаўняюць тагачасны партрэт навучальнай установы. Прыводжу вытрымкі з яго характарыстыкі за  другі  курс (1953 г.), складзенай  класным  выхавальнікам (кіраўніком): “…У  1950 г. уступіў  у  камсамол, член прафсаюза  з  1951 г. Па  усіх  прадметах  паспявае  добра. На  працягу  двух  навучальных  гадоў  атрым­лівае стыпендыю. Працуе  над сабой шмат і  сістэматычна. Ахвотна авалодвае   дадатковым матэрыялам  па  літаратуры. Веды даволі глыбокія па  ўсіх  прадметах. Вельмі ўседлівы, працаздольны. Пісьменны. Слоўнікавы  запас  па  мове  яшчэ невялікі, але ў  гэтым  напрамку працуе шмат і  сістэматычна.

У  калектыве з навучэнцамі жыве дружна. Дысцыплінаваны, старанны. Па  натуры  крыху  сарамлівы, але  гэты  недахоп  стараецца  пераадолець. Заўсёды  імкнецца  дапамагчы  таварышу. Чытае шмат  мастацкай літаратуры. Выступае з дакладамі на  класных  і  камсамольскіх  сходах. Актыўна  працуе  ў  класнай  рэдкалегіі. Здаў нормы ГПА, СПХА. Займаецца ў радыё­гуртку, стралковай  секцыі”.

Да  сярэдзіны  1950-х   у  краіне  была  падрыхтавана  дастатковая  колькасць  настаўнікаў  пачатковых  класаў. Па  загадзе  Міністэрства  асветы Беларускай ССР у  чэрвені  1956 года  Лепельскае  педвучылішча было скасавана. Заўчасна скасавана. Для  завяршэння  вучобы  навучэнцы  былі  накіраваны  ў  Аршанскае  і  Барысаўскае  педагагічныя вучылішчы. Двухпавярховы  будынак  навучальнай  установы  з  усёй  маёмасцю  перадаваўся  нанава  створанай  школе-інтэрнату.

Ілья ЯНУШ,

краязнавец.                                                  

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.