Алена Маціеўская вучыць дзяцей не саромецца роднай мовы і сама стварае ў Стаях, на Лепельшчыне, беларускамоўны асяродак

59Родную мову ў Стаях Алена Маціеўская выкладае ўжо не адзін год. За гэты час разам са сваімі калегамі, вучнямі, а таксама роднымі, блізкімі людзьмі стварыла невялікі беларускамоўны аазіс, чыя прастора, зрэшты, распрасціраецца не толькі на школьныя справы, але і на хатні побыт.

Напрыклад, дома разам з дачкою-школьніцай, ахвотна чытае кніжкі беларускіх пісьменнікаў і муж. Сяргей мае дзве вышэйшыя адукацыі – ён юрыст і гісторык. У свой час вучыўся на адным курсе з сынам вядомага беларускага паэта Навума Гальпяровіча Максімам, які зараз галоўны рэдактар беларускага гістарычнага часопіса. Маціеўскія падтрымліваюць з Гальпяровічамі сяброўскія стасункі. Таму зусім натуральная цікавасць Сяргея і да творчасці іншых беларускіх пісьменнікаў – Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча і г.д. Атмасфера беларушчыны спрыяльна адбіваецца на сямейным мікраклімаце.

— Я не магу сказаць, — прызнаецца Алена Анатольеўна, — што артадаксальна не прымаю іншых поглядаў і размаўляю выключна па-беларуску. Гэта не зусім так. Аднак імкнуся, каб мае вучні не саромеліся роднай мовы, а наадварот ганарыліся ёю. І калі закончаць школу ды раз’едуцца па гарадах, каб не забывалі мовы сваёй, як дзеці не забываюць маці.

І нездарма колькі гадоў таму, калі выпускала свой адзінаццаты клас, развітальны вечар прапанавала ім правесці па-беларуску. Выпускнікі ахвотна згадзіліся.

А зараз яна класны кіраўнік у восьмым. Нядаўна праводзіла тут адкрыты ўрок па аповесці Васіля Быкава «Жураўліны крык». Вядома ж, выкарыстоўвалі напоўніцу інтэрактыўныя сродкі. Васьмікласнік Лёшка Залатуха падахвоціўся дапамагчы настаўніцы: зрабіў электронны мантаж фільма, пастаўленага паводле аповесці. Вылучыў эпізоды пра галоўных герояў. Атрымалася добрая інтэрактыўная падборка. Уключылі мультымедыя і павялі грунтоўную гаворку па творы пісьменніка, абапіраючыся на тыя відэаэпізоды.

Выкарыстоўвалі мультымедыя і на агульнашкольным уроку «Быць чалавекам» для вучняў старэйшых класаў па творчасці Івана Шамякіна, Івана Мележа і іншых пісьменнікаў-юбіляраў.

Вялікае значэнне надае Алена Анатольеўна кабінету роднай мовы і літаратуры.

— Кабінет дазваляе паспяхова скіраваць думкі вучня ў патрэбным накірунку, — лічыць настаўніца, — ва ўмовах рускамоўнага соцыуму тут дзіця чуе, бачыць, чытае па-беларуску, на зрокавыя аналізатары Ўздзейнічаюць элементы ўласна нацыянальнага характару: сімволіка нацыянальнай культуры, асобы славутых дзеячоў, кнігі, макеты і г.д.

Таму яна робіць усё магчымае, каб класны кабінет ператварыўся ў сапраўдную адукацыйную прастору. У кабінеце Маціеўская сабрала дыдактычны, раздатачны матэрыял, распрацаваны ў адпаведнасці з нядаўнімі зменамі ў правапісе, матэрыял па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэставання, алімпіяд, па даследчай дзейнасці, па пазакласнай рабоце. Напрыклад, на стэндзе «Мовазнаўцам» змешчана даведачная інфармацыя, матэрыял для дапытлівых вучняў – віктарыны, крыжаванкі, рэбусы, галаваломкі. Настаўніца пераняла ўбачанае ў Мінску на білбордах і таксама адаптавала гэтую інфармацыю для свайго кабінета.

Стаі Гадоў шэсць-сем яна вядзе ў школе платны гурток, на якім рыхтуе старшакласнікаў да цэнтралізаванага тэставання. Вось і зараз у гуртку займаецца восем чалавек. Вынікі добрыя. Яе вучні Аня Вероха і Паша Жарнасек удзельнічалі ў раённай алімпіядзе па роднай мове і прывезлі дыпломы трэцяй ступені. Да таго ж, Паша з ранняга дзяцінства піша вершы, пераважна па-беларуску, пяць гадоў запар прымаў удзел у раённым конкурсе юных паэтаў Лепельшчыны, друкаваўся ў раённай газеце, ужо колькі гадоў ён сябар літаратурна-музычнага аб’яднання «Выток», што прадуе пры раённым Доме культуры. Разам з «вытокаўцамі» ездзіў у Віцебск, выступалі перад студэнтамі. Сёлета быў на «Разумнай змене» ў «Зубраняці».

Хлопчык па праву можа паўтарыць услед за Янкам Купалам: «Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці». Яго маці, якая, на жаль, нядаўна заўчасна пайшла з жыцця, таксама выкладала беларускую мову ў Стайскай школе. Павел піша пра радзіму Беларусь, пра свяшчэнную памяць вайны. Вось некалькі радкоў з яго новага верша:

Я ўдзячны вам, салдаты Перамогі!

За свой шчаслівы неваенны час.

За поспехі і светлыя дарогі

Нашчадкі скажуць дзякуй вам не раз.

 

Любіць Радзіму па-беларуску – абавязак кожнага грамадзяніна нашай краіны. Таму на ўроках і па-за ўрокамі Алена Маціеўская выхоўвае ў дзяцей патрыятызм праз беларускае слова і думку. Яна згуртавала ў школе своеасаблівы беларускамоўны вучнёўскі актыў – Ганна Вероха, Павел Жарнасек, Ганна Быкава, Лізавета Грышчук і іншыя. У Лізы старэйшая сястра Насця працуе ў Мінску, часта бывае ў пісьменніцкім асяродку. У школе дзяўчынка пераказвае расповеды сястры пра пісьменнікаў.

Ды і самі дзеці цікавяцца жыццём і творчасцю  айчынных майстоў прыгожага пісьменства, збіраюць пра іх інфармацыю па кнігах і ў інтэрнэце. У свой час Алена Анатольеўна ездзіла ў вучнямі ў раённую бібліятэку на сустрэчу з паэтам-земляком Анатолем Вярцінскім. Весела і прыгожа адзначаюць у школе Каляды, Масленіцу, Вялікдзень і іншыя святы народнага календара.

Любіць жыццё  і Радзіму па-беларуску вучацца ў Стайскай СШ.

Уладзімір МІХНО.

На здымку: на ўроку па творчасці пісьменнікаў-юбіляраў у Стайскай школе.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.