Аляксандр Садоўскі распавёў пра дзейнасць структуры МНС на Лепельшчыне

Напярэдадні прафесійнага свята выратавальнікаў мы пагутарылі з інспектарам групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Аляксандрам Садоўскім.

— Аляксандр Міхайлавіч, мы сутыкаемся з ратаўнікамі, калі, не дай бог, што здарыцца, але мала ведаем пра іх што­дзённыя справы і звычайныя будні…

— Пачну са структуры. Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях складаецца з пажарна-аварыйнай часці і пяці пажарна-аварыйных пастоў, размешчаных у Камені, Бароўцы, Валосавічах, Домжарыцах і Слабадзе. У штаце аддзела — восемдзесят дзевяць чалавек, з іх чатырнаццаць афіцэраў. У часці дзейні­чаюць два баявыя разлікі і адзін рэзервовы. Баявы разлік сфарміраваны з начальніка варты, камандзіра аддзялення, старшага пажарнага, вадзіцеля. На пастах дзяжураць камандзір аддзялення і ва­дзіцель.

— Якім чынам размяшчаюцца пасты?

— Яны павінны размяшчацца так, каб да ­аб’ектаў можна было дабрацца не пазней, чым за дзесяць хвілін. На кожным пасту працуюць дзве адзінкі тэхнікі, папросту кажучы, пажарныя машыны — у зімовым і летнім варыянце.

— Якімі яшчэ прыстасаваннямі карыстаюцца пажарныя?

— У нас ёсць таксама аўталесвіца вышынёй трыццаць метраў (яна раскладаецца прама з машыны), рукаўны ход, помпавая станцыя, аварыйна-выратавальны аўтамабіль, кран.

Маем хімічную службу. На кожнай змене ёсць штатны хімік-дазіметрыст. Працуюць таксама групы выратавання на вадзе — у горадзе, Бароўцы і Домжарыцах. У кожнай  сельскай мясцовасці за­дзейнічаны па сем чалавек, а ў горадзе — тры змены па сем чалавек. У іх распара­джэнні дзве лодкі з маторамі, спецыяльныя касцюмы для выратавання на вадзе.

— Чым займаецца хімічная служба?

— Апошнім часам служба ліквідуе пагрозу атручвання ртуццю. Перад самым Новым годам у Лепелі па вуліцы Валадарскага разбіўся ртутны тэрмометр. Крыху раней у Слабадзе ў нежылым доме знайшлі паўтара кілаграма гэтага атрутнага рэчыва. А нядаўна на тэрыторыі «Лепельбудінвестсэрвісу» выкапалі наўпрост з зямлі гумавую «грушу»  з трыма кілаграмамі ртуці.

— Ці часта даводзіцца тушыць пажары?

— Летась выязджалі на пажары дваццаць два разы. Два чалавекі загінулі ў агні. І ўжо сёлета ў навагоднія святы адбыўся буйны пажар у Стаях.

— Якія прычыны ўзгаранняў?

— Розныя. Летась, напрыклад, было два падпалы, чатыры пажары ўзніклі ў выніку няпра­вільнай эксплуатацыі электраабсталявання, столькі ж — у выніку праблем з пячным ацяпленнем, дзесяць узгаранняў узнікла з-за неасцярожнага абыходжання з агнём. Былі ўзгаранні і ад удару бліскавіцы, і пры зварачных работах. Прычыны сёлетняга пажару пакуль устанаўліваюцца, аднак, хутчэй за ўсё, ён звязаны з курэннем у ложку п’янага чалавека.

— Дзе яшчэ задзейнічаны ратаўнікі?

— Ахоўваем тэхніку на палявых станах, выязджаем на дарожна-транспартныя здарэнні. Летась на ДТЗ выязджалі пяць разоў. Больш за шесць­дзясят выездаў зрабілі на ліквідацыю гнёзд восаў і шаршнёў. Для гэтага закупілі два спецкасцюмы. Патушылі шаснаццаць пажараў рознай ступені складанасці ў экасістэмах. Правялі дзвесце пяцьдзясят чатыры сумесныя рэйды і праінструктавалі паўтары тысячы чалавек.

 Гутарыў

Уладзімір МІХНО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.