Ціхая бухта на вірлівай рацэ часу

190Дом бадай у цэнтры горада і разам з тым у зацішным Пушкінскім завулку нейкім чынам характарызуе яго гаспадароў. Мельнікавы часцей, аказаўшыся ў жыцці на цэнтральных, магістральных накірунках, прагнулі зацішша і пры магчымасці сыходзілі ў цень, нават калі паяўляліся заманлівыя для іх перспектывы. Так здарылася, напрыклад, у Тэрмезе, дзе Уладзімір Яфімавіч працаваў начальнікам вайсковага шпіталя. Велізарны быў шпіталь, памерам, можа, з абласную бальніцу. Дзіва што! Прыгранічны горад на самай мяжы з Афганістанам. Горад на вялікай дарозе смерці, па якой дзесяць гадоў ішлі і ішлі параненыя, скалечаныя на той страшнай чужой вайне. Іх везлі на самалётах, “вяртушках”. Каб толькі скалечаныя! Няспынным патокам рухаўся і так званы “Чорны цюльпан”, альбо “груз 300”. У шпіталі нават адмысловая каманда была па яго адпраўцы. І, вядома ж, аперацыі-аперацыі — лёгкія, складаныя — усялякія… Уладзімір Мельнікаў на той час ужо амаль не аперыраваў, бо быў наменклатурным работнікам, але ж арганізацыйны груз у кіраўніка такой буйной медыцынскай установы быў не маленькі. Можа, гэта, ці, можа, што іншае стала вырашальным фактарам. Ды толькі замест таго, каб ісці на павышэнне ў Ташкент з заманлівымі перспектывамі, Мельнікаў едзе падпалкоўнікам у Мінск, пагаджаецца быць выкладчыкам у родным Віцебскім медінстытуце, дзе колісь паспяхова вучыўся, ды з чацвёртага курса быў раптам “адлічаны”, каб… пайсці ў армію і аўтаматычна стаць студэнтам пятага курса Куйбышаўскага інстытута ваеннай медыцыны. Тады, у сямідзясятыя, ён, хірург, апрануў ваенны мундзір. Пасля, у дзевяностыя, такі ж лёгкі на перамены, Мельнікаў звольніўся з арміі наогул, накіравалі ў Гомель начальнікам ваеннага шпіталя. Па выхадзе ў адстаўку папрацаваў хірургам, анколагам, пакуль увогуле не сышоў на пенсію. Прадаў кватэру і — на маленькую сваю Радзіму, у Лепель.
Тут жылі бацькі, прайшло дзяцінства і юнацтва. Бацька прайшоў праз дзве вайны, на адной з якіх, на фінскай, быў паранены, а на другой, Вялікай Айчыннай, фактычна… забіты, двойчы паміраў.
— Куля падпільнавала ў акопе, — распавядае Уладзімір Яфімавіч. — Парушыў бацька няпісанае правіла вайны: трэцяму прыкурваць не даваць. Снайпер убачыў у цемры агеньчык — і куля прашыла шыю. У Ленінградзе аперацыю зрабілі, і ён “памёр” другі раз. У моргу выпадкова ўбачылі, што чалавек варушыцца…
* * *
Горад юнацтва прыцягваў Уладзіміра як магнітам, дзе б ён ні вандраваў па свеце. Ці калі ў семдзесят трэцім юны лейтэнанцік зарабляў сваю першую сівізну на самай кітайскай мяжы. Дыверсіі варожыя былі звыклай справаю, аўтамат, накіраваны прама ў лоб, — суровай рэальнасцю. Ці калі на Паміры дзейнічаў у складзе альпінісцкай выратавальнай групы. Працавалі на вышыні 4,6 кіламетра. Хадзілі ў звязцы па чатыры — пяць чалавек. Холад, завеі. Насоўваеш на ногі спецыяльныя гумавыя пласціны, на якія снег не наліпае. Па гэтых пласцінах толькі і арыентуешся, бо ўсё вакол заснежанае. І так тры гады.
Прыехаў у Лепель са спадарожніцай жыцця Людмілай Сямёнаўнай. Аблюбавалі той самы домік па Пушкінскім завулку, які стаў іх ціхай бухтаю на вірлівай рацэ часу. Сюды прыехалі яны… працаваць пенсіянерамі. Ці не сам адстаўны падпалкоўнік і прыдумаў гэты цікавы выраз.
— Ніколі не думаў, — кажа Уладзімір Яфімавіч, — што “пенсіянерам працаваць” — такая адказная і такая цікавая справа.
Спачатку ён “прыклаўся” да набытай хаты, якая патрабавала добрых укладанняў. Ды так спрытна прыклаўся! Яго намаганнямі хата ператварылася ва ўтульны аазіс адпачынку — з альтанкай, аплеценай вінаграднай лазой, даглядаць якую Мельнікаў навучыўся яшчэ ў Тэрмезе, з мангальчыкам для шашлыкоў і г.д. Амаль увесь рамонт у хаце лёг на плечы гаспадара. Не сядзела склаўшы рукі і гаспадыня. На падворку паявіліся прыгожыя клумбы, дзе выхваляюцца адна перад адной кветкі — нарцысы, ружы. Растуць грацыёзныя туі. У міні-садку прыжыліся яблынькі, на міні-агародзіку, на градках зелянее агародніна. Аднак усё гэта можна пабачыць і ў суседзяў. Ці мала ў каго ў Лепелі дагледжаныя сядзібы. Дык чым жа адметная яна ў Мельнікавых?
* * *
Калі пачаў падрастаць першы іх унук Назарка, у дзядулі раптам прачнуўся незвычайны талент. Рукі хірурга сталі рукамі майстра-казачніка. Пачынаў з аплікацый. З падручнага матэрыялу Уладзімір Яфімавіч ствараў любімыя казачныя персанажы. Набралася некалькі альбомаў, дзе дзядуля Валодзя цалкам, радок за радком, праілюстраваў, скажам, казку пра “Лукамор’е”, пра рыбака і рыбку, пра Івана Царэвіча і шэрага ваўка, пра Ямелю-дурня і г.д. І знайшлося ў іх месца літаральна ўсім: Кашчэю Бессмяротнаму і Бабе-Язе, вучонаму кату і дубу зялёнаму, старой ля разбітага карыта і хітраму шчупаку. Усіх і не пералічыш. Уладзімір Яфімавіч са скрупулёзнасцю хірурга звяртаў увагу на кожную дробязь, нават пярсцёнкі ды брошкі ў сваіх герояў вымалёўваў. Па гэтых альбомах Назарка ледзьве не на памяць вывучыў казкі.
Дзядуля-казачнік перайшоў ад аплікацый да стварэння рэальных лялек і казачных макетаў. Якую ж цярплівасць трэба мець, каб зрубіць адну толькі лясную хатку на курыных лапках, цалкам абставіўшы яе пажыткамі Бабы-Ягі: печка, у якой кіпяць катлы, ступа, ложак, засланы капаю і з набіўнымі падушкамі, ну, і, вядома ж, сама казачная гаспадыня за працаю. Як і належыць, хатка паварочваецца на шарнірах да лесу задам, а да нас — перадам, у ёй адчыняюцца дзверы, раскрываюцца аканіцы. А макет памерам усяго можа з пядзю. Міжволі прыгадваеш майстра, які блыху ўмудрыўся падкаваць.
З лёгкай рукі “казачнага хірурга” нарадзіліся гарэзлівы Бураціна, вопратку якому, праўда, куплялі на базары, і Ванька-Пятрушка. Рассеўся на печцы ды грае на гармоніку лянівы Ямеля, а бедны шчупак аддана яму служыць. Прыляцеў знекуль Змей-Гарыныч.
Нялёгкая гэта прафесія — “пенсіянерам працаваць”, быць дзядулем трох унукаў і сапраўдным гаспадаром сваёй сядзібы. Уладзімір Мельнікаў пачэсна спраўляецца і з гэтым новым сваім абавязкам. Відаць, таму, што прафесія вайскоўца прывучыла да самадысцыпліны, рука хірурга не прывыкла хібіць, а творчая натура не дае абмялець яго казачнай фантазіі.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Уладзімір Яфімавіч і Людміла Сямёнаўна Мельнікавы; творчая майстэрня мастака.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.