Археологические раскопки в Дубовце

img_3031— Вы ведаеце, што ўжо некалькі дзён у Дубаўцы праводзяцца раскопкі, нават выяўлены сенсацыйныя знаходкі? – патэлефанаваў на адрас рэдакцыі краязнаўца Валерый Тухта.

img_3027Пасля гэтага паведамлення мы ўзялі курс на Дубавец — урочышча каля вёскі Верабкі, дзе ўжо не першы год запар праводзяцца археалагічныя экспедыцыі. Месца стаянкі археолагаў традыцыйнае — на ўскрайку лесу ў кіламетры ад Верабак, на беразе Верабскага канала. Мясціна маляўнічая, прыгожая. На момант нашага прыезду на стаянцы пад дрэвамі былі ўстаноўлены некалькі палатак, ад паходнага вогнішча ішоў лёгкі дымок. Экспедыцыя раздзялілася, палова ўдзельнікаў працавала непасрэдна на раскопках, другая — заставалася на стаянцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі пад кіраўніцтвам дарослых настаўнікаў і валанцёраў займаліся гаспадарчымі справамі: падтрымлівалі парадак, нарыхтоўвалі дровы, гатавалі абед. Працы шмат было для кожнага, бо, напрыклад, ежу трэба было гатаваць на 50 асоб. Менавіта столькі чалавек удзельнічала ў экспедыцыі.
img_3023 img_3040Крысціна Маркава, Кіра Грук і Арцём Сільвановіч за асобным сталом займаліся адказнай справай — ачышчалі знаходкі, выяўленыя ў папярэднія дні. У асноўным гэта былі чарапкі ад гаршкоў і місак, а таксама разнастайныя рэшткі костак. Старымі адпрацаванымі зубнымі шчоткамі дзеці акуратна змяталі рэшткі пяску.
Крысціна Маркава — даўняя ўдзельніца археалагічнага руху на Лепельшчыне. Дзяўчынка з бацькамі жыве ў Чэхіі, а на лета прыязджае да бабулі ў вёску Бабча. Нападалёк ад гэтай вёскі ў 2017 годзе праводзіліся раскопкі. Археолагі раскапалі пасяленне, дзе людзі жылі тысячу гадоў таму. Крысціна папрасілася паўдзельнічаць — ёй спадабалася. Летась і сёлета прымае ўдзел у раскопках ужо ў Дубаўцы.
Сёлета раскопкі праводзіліся ў новым месцы, якое знаходзіцца за паўтара кіламетра ад палатачнай стаянкі. Дарэчы, рыхтуючыся прыйсці на раскопкі, я прыхапіў гумавыя боты, якія аказаліся вельмі карыснымі. 30 хвілін паходу па лясных сцежках — і мы выйшлі на археалагічны аб’ект.
* * *
Урочышча Дубавец здаўна прыцягвае ўвагу мясцовых краязнаўцаў. Яго аб’екты не вельмі вывучаныя, не ляжаць навідавоку. Там не вядзецца актыўная гаспадарчая дзейнасць, таму ёсць вялікая верагоднасць адкапаць унікальныя знаходкі. З іншага боку, людзі пражывалі там у эпоху каменнага, бронзавага вякоў, больш як пяць тысяч гадоў таму, і знаходкі наўрад ці будуць матэрыяльна каштоўныя. Аматарам золата Троі або скарбаў скіфскіх курганоў можна супакоіцца. Дарэчы, нават фрагментаў жалеза там амаль зусім няма, толькі аскепкі керамікі, апрацаваныя каменьчыкі ды фрагменты костак, таму металашукальнік там не вельмі дапаможа.
На беразе Верабскага канала сярод лесу і кустоўя невялікая, каля 20-30 сотак, палянка, на яе краі — некалькі дубоў. Дрэвы маладыя, гадоў да 100-120, яны не раслі ў тыя старажытныя часы. У двух раскопах, адзін з якіх — большы, другі — напалову меншы, працуюць юныя археолагі. Тлумачыць кіраўнік экспедыцыі Максім Чарняўскі:
— Мы зараз зачышчаем мацярык, выбіраем акуратна чарназём да пяску, выяўляем ямы, вызначаем іх характар.
Тут зраблю некаторае тлумачэнне для чытачоў. Вось як нам, студэнтам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава, тлумачыў наш загадчык кафедры кандыдат гістарычных навук Віктар Акуневіч:
— Археолагі раскопваюць і даследуюць культурны слой аб’екта. Што такое культурны слой? Вось уявіце сабе, што было б, каб у гэтай аўдыторыі не прыбіралі хаця б месяц? Падлога, падаконнікі, мэбля пакрыліся б вялікім слоем пылу, у якім можна было б адшукаць цікавыя знаходкі: манеты ці папяровыя грошы, гузікі ад вопраткі, ручкі і алоўкі, запіскі з тэкстам “Я цябе кахаю” і гэтак далей. Па гэтых знаходках можна будзе скласці карціну жыцця сучаснага студэнцтва: узровень дабрабыту, якімі прыладамі карыстаюцца, якія складваюцца адносіны ў калектыве і асабістыя. А цяпер уявіце сабе, што на тэрыторыі Віцебска, у раёне Дабравешчанскай царквы, людзі жылі амаль дзве тысячы гадоў, будавалі жыллё і гаспадарчыя пабудовы, займаліся рамёствамі, трымалі хатнюю жывёлу, змагаліся з пажарамі, перажывалі войны і г.д. Культурны слой такім чынам усё прырастаў, зараз археолагі там робяць раскопкі глыбінёй да чатырох метраў і больш. Пад час кожнай экспедыцыі абавязкова даходзяць да мацерыка — пласту гліны або пяску, дзе дакладна можна сказаць, што ён быў тут да засялення мясціны чалавекам. Пры раскопках вельмі важна на месцах стаянак, пасяленняў адшукаць яміны, паглыбленні, бо гэта могуць быць сметнікі, куды старажытныя жыхары выкідвалі аскепкі посуду, косткі і іншыя непатрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Або гэта могуць быць гаспадарчыя яміны, кладоўкі, дзе захоўваліся разнастайныя прыпасы.
* * *
Сёлета археолагі ў Дубаўцы выявілі дзве знаходкі, якія можна назваць сенсацыйнымі. На чацвёрты дзень раскопак у малым шурфе Анастасія Стэльмах, юная валанцёрка з Барысава, знайшла бурштынавую падвеску.
— Каштоўнасць знаходкі ў тым, што яна — першая на Лепельшчыне, — тлумачыць Валерый Тухта. — На тэрыторыі Беларусі знаходзілі няшмат бурштыну эпохі каменнага веку. Яго ў тыя далёкія часы прывозілі з узбярэжжа Балтыйскага мора, рабілі ўпрыгажэнні. Знаходка сведчыць пра наяўнасць менавых адносін паміж нашымі землямі і Прыбалтыкай. Узрост знаходкі — пяць тысяч гадоў таму, трэцяе тысячагоддзе да новай эры, эпоха позняга каменнага веку — пачатку жалезнага.
Другой важнай знаходкай стаў амаль поўны касцяк, шкілет чалавека. Пра яе распавядае Максім Чарняўскі:
— Звычайна косці і іншыя арганічныя матэрыялы, такія, як драўніна, скура, у глебе гніюць, тым больш за такі працяглы час — пяць тысяч гадоў. Прычына таму — доступ кіслароду, які, уласна, і правакуе раскладанне. Адносна няблага знаходкі захоўваюцца ў тарфяніках, дзе няма доступу кіслароду, але тут… Не магу пакуль што патлумачыць прычыны такой добрай захаванасці.
— Што можна сказаць пра гэтага чалавека, якім ён быў?
— Мяркую, што пахаваны чалавек не старога веку, адносна малады. Відаць, што яго менавіта пахавалі. Ён не стаў здабычай звяроў, іначай яго парэшткі былі б расцягнутыя па наваколлі. А пра прычыну смерці мы цяпер, праз пяць тысяч гадоў, можам толькі здагадвацца.
— Як даўно на гэтым месцы перасталі жыць людзі?
— Я вам адкрыю сакрэт: паводле нашых меркаванняў, яны тут ніколі стала не жылі.
— Як гэта? А адкуль жа тады з’явілася гэтая мясціна, шкілет, падвеска, аскепкі керамікі, наканечнікі стрэл, дроцікаў і іншыя знойдзеныя прылады?
— У гэтым месцы людзі жылі перыядычна, часова. Гэта былі людзі так званага ляснога неаліту. Яны жылі на Беларусі ў канцы каменнага і ў самым пачатку жалезнага вякоў, у трэцім тысячагоддзі да новай эры. Парадак жыцця быў наступны. Сям’я, род колькасцю ў некалькі дзясяткаў, зрэдку да сотні чалавек займаў даволі вялікую тэрыторыю. У яе цэнтры было сталае пасяленне, дзе сям’я пастаянна зімавала. З надыходам вясны, калі з’ядаліся прыпасы, людзі выпраўляліся ў вандроўку, перабіраліся на новае месца, да якога рухаліся прыблізна дзень. Асталёўваліся і, так бы мовіць, карміліся: збіралі ядомыя расліны, ягады і грыбы, лавілі рыбу, палявалі. Калі ежа паступова заканчвалася, з’ядаліся грыбы-ягады, дзічына і рыба вылоўлівалася, перабіраліся на новае месца. Адначасова на месцах такіх часовых стаянак рабіліся запасы на новую зіму: сушыліся сабраныя ягады і грыбы, мяса і рыба. Восенню людзі абыходзілі часовыя стаянкі і збіралі нарыхтаваныя прыпасы ў сталае пасяленне. Мы зараз раскопваем вось такую часовую стаянку.
— А дзе магла быць пастаянная?
— На гэты пытанне ў мяне пакуль што няма адказу.
* * *
Між тым найшлі хмары, і з іх на зямлю паліў новы зарад дажджу. Археолагі вымушаны былі зноў хавацца пад дубовымі шатамі, захінацца ў поліэтыленавыя плашчы-дажджавікі.
— Нічога страшнага, — падбадзёрваў Валерый Тухта. — Пасля раскопак ля вёскі Бабча мы ўжо ніякай непагадзі не баімся!
Нагадаю, раскопкі каля гэтай вёскі ў 2017 годзе адзначыліся на рэдкасць дажджлівым надор’ем. Аднак, нягледзячы на непагадзь, амаль ніхто з юных валанцёраў добраахвотна не пакінуў раскопкі, усе з цікавасцю ўдзельнічалі ў навуковым пошуку. Дарэчы, Анастасія Стэльмах упершыню далучылася да археалагічнай экспедыцыі менавіта ў Бабчы, калі гасцявала на канікулах у бабулі. Выдатна праявілі сябе Ульяна Судак, Арына Язерская, Ульяна Бабаед, Вераніка, Дзіяна Бронскія і шмат іншых юных археолагаў. А Валерыя Сухачэўская, напрыклад, сёлета з выдатнымі вынікамі скончыла гімназію імя І. Ерашова, падала дакументы ў БДУ і паехала з бацькамі на курорт у Турцыю. Па вяртанні ж, нават не пераначаваўшы дома, прыбыла ў экспедыцыю і актыўна ўключылася ў агульную працу. На раскопках яна не навічок, другі год ужо.
Усе экспедыцыі, акрамя інтэнсіўнай працы і навуковага пошуку, запамінаюцца ўдзельнікам яшчэ і насычанай творчай праграмай. У ранейшыя гады для дзяцей праводзіліся канцэрты, арганізоўваліся сустрэчы з такімі цікавымі і адметнымі людзьмі, як спявак Андрусь Такінданг, гісторык-пісьменнік Уладзімір Арлоў. Сёлета, на вялікі жаль, культурная праграма не вызначалася такой насычанасцю знакамітымі імёнамі, як раней, аднак дзецям усё роўна ёсць што ўспомніць. Перад імі выступілі рыцары з клуба гістарычнай рэканструкцыі, праводзіліся віктарыны па гісторыі Лепельшчыны. Разьбяр Дзяніс Дзямко наладзіў для дзяцей майстар-клас па выразанні драўляных лыжак. Вельмі запомнілася віртуознае выступленне з гітарай Арыны Язерскай. Аказваецца, дзяўчына не толькі вучаніца-выдатніца, археолаг-аматар, а і цудоўная выканаўца.
Зараз раскопкі завершаны, іх удзельнікі раз’ехаліся. Знойдзеныя артэфакты ў далейшым будуць вывучацца, па іх можна рабіць высновы пра тое, якія людзі пражывалі на тэрыторыі сучаснай Лепельшчыны, на якой ступені развіцця яны знаходзіліся, якія паміж імі былі ўзаемаадносіны. А юныя валанцёры вярнуліся дадому, поўныя новых уражанняў і кантактаў са старымі і новымі сябрамі.
Васіль МАТЫРКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.