Бешеный ежик укусил лепельчанина

inx960x640Вожыкі — частыя госці на прысядзібным участку, у некаторых выпадках яны заходзяць і ў раён шматпавярховай забудовы. Убачыўшы вожыка, многія прахожыя жадаюць яго памацаць, разгледзець бліжэй і паслухаць, як ён сапіць. Некаторыя нават прыносяць сімпатычнага звярка дадому, пояць яго малаком, мяркуючы, што дапамагаюць жывёле. Аднак, нягледзячы на тое, што звярок, які вырас у дзікім асяроддзі, адчувае стрэс, трапляючы ў незнаёмыя ўмовы, ён можа ўяўляць і небяспеку для чалавека.
Звычайны вожык карысны тым, што ён знішчае насякомых, сярод якіх майскія жукі, вусені-манашкі і вусені няпарнага шаўкапрада. У той жа час вожык можа быць пераносчыкам такіх захворванняў, як дэрматамікоз, жоўтая ліхаманка, сальманелёз, лептаспіроз і шаленства.
Здарылася так, што ў г. Лепелі вожык прышоў на агарод у цэнтры горада. Гаспадары прынеслі яго дадому, і раптам лясны звярок пакусаў гаспадара. Праз два дні вожык памёр, а ў выніку праведзенай ветэрынарнай экспертызы ўдалося высветліць, што ён быў хворы на шаленства. Пацярпеламу чалавеку прызначаны курс антырабічнай вакцынацыі.
Гэты факт сведчыць пра тое, што існуе рэальная небяспека заразіцца шаленствам у час кантакту з вожыкам. Пра гэта заўсёды павінны памятаць бацькі, не дапускаючы сваё дзіця да дзікай жывёлы.
Трэба адзначыць, што сітуацыя з шаленствам жывёл у Лепельскім раёне застаецца неспрыяльнай. Шаленства — адно з нешматлікіх захворванняў, якія не паддаюцца наогул ніякаму лячэнню.
Вірус шаленства перадаецца праз сліну хворай жывёлы — пры пакусе або пры траплянні на скуру, калі на ёй былі драпінкі.
У час інкубацыйнага перыяду хваробы (прыблізна тыдзень) жывёла можа выглядаць здаровай. Гэта асабліва небяспечна, таму што пакус ужо заразны. Вірус шаленства ў людзей і жывёл паражае цэнтральную нервовую сістэму. Характар паводзін жывёлы мяняецца, але часцей яна становіцца злоснай, пачынае непакоіцца, а можа, наадварот, праяўляць празмерную ласку. Праз некалькі дзён могуць узнікнуць характэрныя прыкметы — вадабоязь, поўсць зліпаецца, з роту цячэ сліна. Смерць жывёлы, заражанай шаленствам, непазбежная. Чалавека, дарэчы, таксама.
Адзінае выратаванне — як мага хутчэй пасля пакусу прайсці вакцынацыю — зрабіць так званую антырабічную прышчэпку — комплекс некалькіх уколаў на працягу некалькіх дзён. У некаторых выпадках вакцынацыя дапаўняецца ўвядзеннем імунаглабулінаў.
Наталля ПАБОРЦАВА,
урач-эпідэміёлаг
ДУ “Лепельскі раённы
цэнтр гігіены
і эпідэміялогіі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.