Повязал красный галстук

20192022101
Мая бабуля Валянціна Сімака нарадзілася за год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Чарніца. Вайну яна амаль не памятае. Але два эпізоды з таго ліхалецця моцна ўразілі трохгадовую дзяўчынку і засталіся ў памяці на ўсё жыццё.
“Памятаю, як маму забіралі на допыт. За ёй прыйшоў немец, а я зачапілася за падол спадніцы і не хацела адпускаць. Мяне адпіхнулі. Маму прывялі ў хату. У куце сядзела жанчына, якая данесла, што бацька ў партызанах. У мамы запыталіся прозвішча. Адказала, што Марыя Сімака, хоць па дакументах была Пырко, што потым немец і ўбачыў. Мама сказала, што ў яе двое дзяцей, хоць я была адна. Потым немец пацікавіўся, дзе муж. Прызналася, што, як і ўсе, у партызанах. Яе прымусілі памыць бялізну і адпусцілі”.
Другі момант, напэўна, запомніўся бабулі Валі тым, што быў радасным: “З бабуляй Ганнай ды Маняй і Косцем Садоўскімі сядзелі ў зямлянцы ў Фундацыі. Прышоў брат Валодзя і сказаў, што вайна закончылася. Мы сабраліся і рушылі дамоў. У рэчцы купаліся партызаны. Адзін узяў мяне на рукі, перанёс цераз рэчку і завязаў на шыі чырвоны гальштук”.
Прабабуля Марыя Маркаўна з бабуляй Валяй перажылі шмат. Яны нават нядоўгі час знаходзіліся ў канцлагеры ў Лепелі. Прадзед Павел Пырко быў у партызанскай брыгадзе “Дубава”. Пасля вызвалення Беларусі на фронт не трапіў, працаваў кандуктарам у Оршы. Тая вайна прынесла трагедыю і ў нашу сям’ю. Брат прабабулі Марыі Віктар Сімака загінуў пад Смаленскам у 1942 годзе.
Анастасія ПІСКУНОВА,
вучаніца 10 класа
Слабадской ясляў-сада — сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.