Богатая история Лепельщины

 

1

Дзяніс Лісейчыкаў — намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Даследуе праблемы гісторыі штодзённасці, генеалогіі і канфесійных архіваў, штодня адкрывае для сучаснікаў забытыя старонкі мінуўшчыны. Яго праца непасрэдна не звязана з вывучэннем Лепельшчыны, але час ад часу на старонках архіўных спраў сустракаюцца вельмі цікавыя звесткі пра нашу мясцовасць. Вынікамі сваіх даследаванняў Дзяніс па магчымасці імкнецца падзяліцца з грамадскасцю, у тым ліку і з лепяльчанамі.
Напрыклад, шмат звестак па канфесійнай гісторыі нашага краю можна знайсці ў грунтоўным, больш чым на сямсот старонак, выданні “Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596Ї1839 гг.”. У кнізе ўтрымліваюцца звесткі аб духавенстве ад XVI да XIX стагоддзяў.
Дзякуючы карпатлівай працы Дзяніса Лісейчыкава, зусім нядаўна ўдалося адшукаць адну з самых ранніх выяў культавага будынка Лепельшчыны. Гэта малюнак царквы ў вёсцы Валосавічы 1766 года, зроблены на тытульным аркушы метрычнай кнігі аб народжаных.
У сваім артыкуле “Уніяцкія парафіі Лепельскага краю XVIІІ — XIX ст.ст.”, які надрукаваны ў другім выпуску краязнаўчага альманаха “Лепельшчына”, архівіст прыводзіць апісанні цэркваў, якія ў той перыяд існавалі на нашай зямлі.
Не так даўно даследчык у сацыяльных сетках падзяліўся чарговым навуковым адкрыццём, якое таксама мае непасрэднае дачыненне да Лепельшчыны. Гартаючы старую царкоўную кнігу з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, натрапіў на цікавы запіс. “Зацемка (заметка) на вокладцы кніжкі. Найверагодней з царквы ў в. Суша. Гэта было вельмі даўно, калі ноты ў Полацкім ваяводстве пачыналіся не з “Do”, а з “Ut”. Сальмізацыя (спосаб распеву мелодый з дапамогай умоўных складоў) на берагах Лепельскіх азёраў 1740-х гг. Вясковы святар вучыў дзяцей нотнай грамаце. Кажуць, што ў большасці краін Еўропы (апрача Францыі) “Ut” замянілі на “Do” ўжо ў 17 стагоддзі. Аднак пад Лепелем жылі паводле парыжскіх стандартаў. (Ut — Re — Mi — Fa — Sol — La). А паверх роднае “Помяні, Господі”, хоць і дагары нагамі”, — піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку Дзяніс Лісейчыкаў.
— Складана сказаць, як часта трапляюцца матэрыялы па Лепельшчыне. Калі адмыслова шукаць, то будуць знаходзіцца часта. Як і па любой іншай мясцовасці, — кажа ў размове Дзяніс.
Гісторыя Лепельшчыны багатая на падзеі мінулага, якія яшчэ чакаюць свайго адкрыцця, галоўнае — ведаць, дзе шукаць. Адным з такіх месцаў і з’яўляюцца архівы, якія шмат чаго могуць расказаць тым, хто прыадчыняе заслону невядомасці, дакранаючыся да старых дакументаў.
Валерый ТУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.