Бывает ли бумажная жизнь? Об этом нужно спросить у Даши Никитиной

dasha-nikitina Ці бывае папяровае жыццё? Пра гэта трэба запытацца ў Дашы Нікіцінай. Хто-хто, а яна дакладна ведае ўсе таямніцы жыцця папяровага. Зрэшты, падобна, што і ў жыцці рэальным дзяўчына арыентуецца не горш.

Ведаеце, героі сучасных камп’ютарных гульняў, якімі гэтак захапляюцца падлеткі, часцей пражываюць не адно, а некалькі жыццяў.
Вось і ў Дашы два жыцці: адно папяровае, другое рэальнае. І абодва цікавыя, абодва насычаныя каляровымі фарбамі, маюць шмат адценняў, цэлую гаму пачуццяў, перажыванняў, трывог, радасцяў, перамог.
Папяровае Дашына жыццё пачалося яшчэ ў пятым класе. Калі дзяўчынка прыйшла ў гурток да Ірыны Кунчэўскай, настаўніцы з СШ №3, дзе вучыцца. Ірына Маратаўна вучыць дзяцей мастацтву квілінга. Вельмі арыгінальнае мастацтва, якое звычайную паперу ператварае ў казку. Паперу можна ў што заўгодна ператварыць, трэба толькі правільна яе скруціць. Даша ў гуртку пачала ператвараць яе ў кветкі — хоць бы і ў любімыя півоні.
— Ты, Даша, вырошчваеш півоні ў жыцці рэальным?
— Не, мы жывём у гарадской кватэры, дзе кветкі можна вырошчваць хіба што на падаконніку. Але я люблю атрымліваць кветкі ў падарунак.
— І ці знайшоўся такі прынц, які б прывёз табе на белым кані цудоўны букет півоняў?
Маўчыць, загадкава ўсміхаецца. Правільна, не ўсё трэба выкладваць незнаёмаму чалавеку пры першай сустрэчы, хай сабе і журналісту.
Яе работы з квілінга былі прадстаўлены на абласной алімпіядзе па працоўным навучанні — гэта ўжо ў жыцці рэальным. І атрымалі высокую адзнаку. Там было такое багатае дэкаратыўнае пано.
А яшчэ ў тым папяровым жыцці Даша малюе. Аднойчы разам з сяброўкамі Ангелінай Цяпловай і Насцяй Церашковай вырашылі пайсці ў гурток выяўленчага мастацтва ў Цэнтр дзяцей і моладзі. А праз пэўны час ужо былі дзве яе персанальныя мастацкія выставы, за якія Даша вельмі ўдзячна свайму цэнтраўскаму педагогу Ірыне Трубека. Першая выстава — малюнкаў гуашшу — яшчэ ў дзявятым класе. Спачатку дзяўчынка малявала гуашшу, затым параілі паспрабаваць алейнымі фарбамі — таксама атрымалася. А яшчэ малюе сухім пэндзлем, з-пад якога добра выходзяць, напрыклад, сонечныя промні, розныя адценні і г.д.
Зараз у мнагадзетнай сям’і Нікіціных малюе не толькі яна, але і сястра, і малодшы брат. Сама ж Даша працягвае ўдасканальваць сваё папяровае і не толькі папяровае майстэрства. Авалодала тэхнікай дэкупажа, лепіць вырабы з гліны, няблага вышывае, крыжыкам і гладдзю і нават ад маці навучылася вязаць, асабліва кручком.
— Ты доўга робіш свае вырабы? — пытаюся.
— Гледзячы, наколькі яны мне даспадобы. Калі мне работа падабаецца, раблю яе вельмі хутка, калі ж не, магу зацягнуць і нават адкласці. Але абавязкова вярнуся. Прывыкла ўсё даводзіць да канца.
А ў жыцці рэальным — зусім іншыя клопаты. Адзінаццаты клас — усё скіравана на вучобу. Неўзабаве паступаць. Тым больш, што прафесію Даша абрала зусім не папяровую. Збіраецца ў медыцынскі ўніверсітэт, хоча стаць урачом. Справа ў тым, што ў жыцці рэальным яна вельмі любіць дапамагаць людзям.
— А чаму прафесіяй не хочаш абраць творчасць?
— Творчасць — толькі хобі, рэалізавацца ў ёй, як прафесіяналу, надзвычай цяжка.
Адзінаццаты клас. Але не можа яна схавацца ў вучобе і “забіць” на ўсё іншае. Увесь час была ў вучнёўскім актыве — у той “абойме энтузіястаў”, якую можна сустрэць на любым школьным мерапрыемстве. Усюды Даша нарасхоп. І ў класе яна стараста, і ў БРСМе кіраўнік, і заўсёднік сярод юных інспектараў дарожнага руху, і інтэлектуал, і на алімпіядах удзельніца. І як яе на ўсё хапае!
А яшчэ ж застаецца час падарожнічаць на веласіпедзе, катацца на роліках улетку, а зімою — на каньках, гуляць у баскетбол і валейбол і дапамагаць маці ў лесе ў ягадах, каб падзарабіць капейку, якая для мнагадзетнай сям’і ніколі лішняй не бывае. І ў сяброўскай кампаніі яна таксама свая. Сяброў налічыла — усіх і не назваць. І на возеры пакупацца, і “УКантакце” музыку паслухаць — любую, абы для душы, і з сябрамі кантактнымі перакінуцца словам.
Як Даша ўсё паспявае? Сакрэт просты: у яе ж два жыцці, і абодва — вартыя.
На здымку: Даша Нікіціна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.