Человеком года Витебщины-2019 стала Галина Жерносек

zhernosek-galina-grigorevnaЗусім нядаўна на старонках газеты мы распавядалі пра ўшанаванне людзей, якія па выніках мінулага года здолелі
дасягнуць высокіх паказчыкаў у працоўнай дзейнасці. Сярод іх называлі і Галіну Жарнасек, аператара свінаводчага
комплексу філіяла “Дражна” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт”, якая ў намінацыі
“Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяроддзя і лясная гаспадарка” прызнана лепшай у галіне.
Старанная працаўніца ў 2019 годзе перадала на вырошчванне 6650 парсючкоў. Зараз жанчына даглядае 80 свінаматак. Дзякуючы такім людзям, як Галіна Рыгораўна, падымаецца прэстыж прафесій, на якіх трымаецца наш раён і краіна ў цэлым.
Калі вызначалі кандыдатаў на такую высокую ўзнагароду, крытэрыямі прысваення ганаровага звання былі не толькі прафесійныя паказчыкі, а і асабістыя якасці кандыдатаў.
У любую пару года, у добрае надвор’е і ў непагадзь, незалежна ад настрою і самаадчування, такія людзі, як Галіна Рыгораўна, спяшаюцца на працу. Яны закладваюць асновы дабрабыту прадпрыемства, дзе працуюць. На жывёлагадоўчай ферме, як вядома, па вызначэнні не можа быць офісных выгод. Выбраўшы такую цяжкую прафесію, яна рупіцца сумленна, старанна і адказна.
Жанчына высокія паказчыкі дэманструе з году ў год. Пры гэтым яна ўпэўнена, што такая праца — норма. Кожны жывёлавод павінен імкнуцца да максімальнай карысці для жывёлы і вытворчасці. Адсюль і такі вынік.
Яе гадаванцам на ферме, можна сказаць з упэўненасцю, пашанцавала, бо ім забяспечана правільнае харчаванне і дастатковая ўвага. Галіна Рыгораўна ўпэўнена, што ад якасці ўтрымання залежыць прыбаўленне ў вазе.
Трэба сказаць, што яна займаецца вельмі важнай справай, дзе патрабуецца вялікая адказнасць, дабрыня і чалавечнасць. Пра гэта сведчаць і яе шматлікія граматы і ўдзячнасці ў розныя гады працы, у кожнай указваецца: “За высокія вытворчыя паказчыкі”.
Дамовіўшыся з Галінай Рыгораўнай пра сустрэчу, накіроўваюся ў аграгарадок Стаі, дзе яна пражывае. Так здарылася, што жанчына якраз знаходзілася дома на бальнічным.
З першых хвілін размовы з гаспадыняй узгадала пра “асабістыя якасці кандыдатаў” і адзначыла для сябе, што не памыліліся пры выбары лаўрэата “Чалавека года Віцебшчыны-2019”.
Па адным двары ўжо можна сказаць, што жанчына працавітая, любіць чысціню і парадак, не сядзіць дома склаўшы рукі.
Родам Галіна Рыгораўна з вёскі Мацюшына Сцяна, там прайшло і дзяцінства. Маці працавала спачатку паляводам, потым даяркай у калгасе “Салют”, цэнтр якога знаходзіўся ў Стаях. Дома на той час была немалая гаспадарка: карова, цяляты, свінні, куры. Дзеці ў такой сям’і з дзяцінства прывучаны да працы і не баяцца яе потым у дарослым жыцці.
Дзесьці з дзесяці гадоў пачала мая суразмоўца хадзіць разам з маці на ферму. Асаблівая зацікаўленасць у працы з’явілася, калі хацела залатыя завушніцы, і маці прапанавала іх зарабіць. Здаралася, што і ў пяць гадзін раніцы разам з дарослымі ішла на працу за сваёй мэтай. Добра, што ферма ад дому знаходзілася недалёка, метраў за 500.
Завіхацца па гаспадарцы Галіне падабалася, асабліва хацелася навучыцца даіць карову. Ва ўласным хляве рагуля была не зусім спакойная, таму давялося вучыцца на калгасных.
Успамінае і выпас жывёлы Галіна Рыгораўна. Зусім малой дзяўчынкай разам з дарослымі даводзілася сачыць, каб рагулі добра наеліся травы і сытыя вярнуліся дадому без прыгод. Цэлы дзень на спякотным сонцы не пужаў дзяўчынку, заўсёды з сабой быў смачны абед.
Раней дзеці былі больш самастойнымі, бо бацькам не было часу падагрэць ім абед, забраць і прывесці дадому са школы.
Скончыла пачатковую школу ў роднай вёсцы, дзе ў класе разам з маёй суразмоўцай яшчэ вучыліся два хлопцы, потым пешшу хадзіла ў сярэднюю школу №1 горада Лепеля. Скончыўшы дзесяць класаў, адразу пайшла на свой хлеб, бо трэба было дапамагаць маці.
У сям’і было чацвёра дзяцей, якіх гадавала матуля адна. Больш за год адпрацавала на заводзе “Платан”, дзе збірала дэталі, штосьці накшталт платы. Яшчэ не было васямнаццаці гадоў, як пачаліся працоўныя будні. На першую заработную плату, а яна склала 180 рублёў, купіла сабе прыгожы плашч.
Пэўны час жылі ў вёсцы Ізабеліна, дзе ў 1991 годзе нарадзілася дачка Віка. І тут не сядзела склаўшы рукі, падпрацоўвала на ферме падчас водпуску па доглядзе дзіцяці. Праз чатыры гады нарадзіўся Раман. Калі сыну прыйшоў час ісці ў школу, сям’я пераехала ў Стаі.
Бачачы, што ў маці шмат спраў, сын і дачка Галіны Рыгораўны таксама выхоўваліся адказнымі і самастойнымі, кожны меў свае абавязкі. Старэйшая Віка разам з малодшым Раманам вучыла ўрокі, магла прыгатаваць сняданак. Разам прыбіралі ў доме і дапамагалі па гаспадарцы маці, нават маглі зрабіць невялікую перастаноўку мэблі.
З 1997 года Галіна Рыгораўна працуе на комплексе “Дражна”, мае 22 гады аператарскага стажу. Шмат часу адпрацавала на адкорме, толькі апошнія тры гады займаецца свінаматкамі.
Ад сваёй суразмоўцы пачула цікавую інфармацыю: часам у свінаматкі з’яўляецца адначасова 28 парасят. Да гэтага лічыла, што самая вялікая колькасць — 12.
На чатырнаццатыя суткі малых жывёлін пачынаюць адымаць ад свінаматкі. Тут жа трэба іх яшчэ адсартаваць. Потым большыя пачынаюць харчавацца штучным кормам самастойна, а маленькіх садзяць зноў на дакорм да свінаматкі. За перыяд адкорму вельмі важна, каб усе парасяты былі здаровыя і мелі дастатковую вагу.
Калі пачалі ўзгадваць працу раней і цяпер, то розніца вельмі вялікая.
— Здаралася, прыйдзеш — корму няма, свінні вішчаць. А вось у канцы 90-х сітуацыя змянілася. Адразу з’явіўся корм, які вельмі падабаецца жывёле і яго ўдосталь, — кажа мая суразмоўца.
— Чым займаецеся ў вольны час?
— Раней яго зусім не было. Шмат часу забірала праца на комплексе, а потым трэба было справіцца і дома па гаспадарцы. Трымала дзве каровы, свіней, курэй. Трэба было карміць, а таксама вучыць дзяцей. Як Раман адыходзіў служыць у войска, вырашылі паменшыць колькасць жывёлы на падворку, бо не хапала мужчынскай сілы.
З часам на двары засталіся толькі кот і сабака. Спачатку было нязвыкла, а цяпер вельмі добра, — кажа Галіна Рыгораўна. — У мінулым годзе атрымалася з Вікай злятаць у Егіпет і нават адсвяткаваць там свой дзень нараджэння. Да гэтага часу ніяк не выходзіла.
На агародзе расце ўсё, што толькі магчыма. Нарыхтовак на зіму хапае ўсёй сям’і. Акрамя гэтага, з акна відаць лес, у які Галіна Рыгораўна ходзіць з задавальненнем па ягады і грыбы. Аднак цяпер толькі для сваіх патрэбаў нясе дары прыроды.
— Раней даводзілася ў лесе зарабляць грошы. Раніцай збегаю і пяцілітровае вядзерца ягад хуценька назбіраю. А потым яшчэ і пасля абеду з дзецьмі хадзілі. Пакуль Віка з Ромам пагуляюць на ўскрайку, я яшчэ трохі збяру. Быў час, калі дзеці са мной і на лён хадзілі. Затое не памятаю, калі яны ў мяне хварэлі.
Раней жанчына расходавала мяшок мукі за тры месяцы. Розныя прысмакі заўсёды былі на сямейным стале. Цяпер жа з вялікім выбарам у краме няма сэнсу стаяць дзень каля пліты.
Але на клёцкі, самую любімую страву ўсіх членаў сям’і, збіраюцца разам у выхадны дзень з вялікім задавальненнем.
Такой жа вясёлай кампаніяй працуюць і ў агародзе. Сын Раман на матаблоку падрыхтоўвае глебу і потым разам садзяць бульбу і іншую гародніну. Нават калі сын адыходзіў служыць у войска, паклапаціўся пра маці — папрасіў сваіх сяброў дапамагчы ў агародзе вясной і восенню, калі больш патрабуецца мужчынская сіла.
Самыя цёплыя словы кажа жанчына пра сваіх дзяцей, лічыць іх самымі лепшымі. Тое ж самае адчула і пры размове з дзецьмі ў адрас маці. Нездарма кажуць, што сям’я шчаслівая, калі ў ёй добразычлівыя і сяброўскія адносіны паміж бацькамі і дзецьмі.
Увогуле, шчырую павагу і захапленне хочацца перадаць Галіне Жарнасек і як маці, і як працаўніцы.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.