Медицинская справка не нужна?

spravka-narkologa-i-psihiatra3Напярэдадні Новага года Прэзідэнт падпісаў Указ №492, якім, сярод іншага, уносяцца карэктывы ў правілы і парадак праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду аўтамабільных транспартных сродкаў для допуску іх да ўдзелу ў дарожным руху. Няўжо ў парадку збірання дарожнай пошліны адбыліся кардынальныя змены? На гэтае і іншыя пытанні аўтар папрасіў даць адказ інжынера раённай станцыі УП “Белтэхагляд” Аляксандра Рыштоўскага.
— Пакуль што ў парадку ўплаты збору за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху ніякіх змен няма, — адразу сказаў спецыяліст і тут жа зазначыў, — аднак ужо некалькі месяцаў ідзе падрыхтоўчая работа, розныя варыянты праектаў абмяркоўваюцца на самых высокіх узроўнях. Калі дакументы будуць прынятыя, будзе паведамлена афіцыйна, таму мне пакуль што няма чаго каментаваць у дадзеным плане.
— А якія абнаўленні абвешчаны 492-м Указам?
— Навацыі наступныя. Па-першае, з пераліку дакументаў, якія павінен пры сабе мець кіроўца, выключаны талон да вадзіцельскага пасведчання. З самага пачатку, як толькі ён быў уведзены, туды ўносіліся звесткі пра дапушчаныя парушэнні правілаў дарожнага руху. Некаторыя кіроўцы старэйшага веку яшчэ памятаюць такое слова, як “пракол” — дзірка ў талоне, якую дзяржаўтаінспектар прабіваў спецыяльным кампостарам. На сёння ж з развіццём інфармацыйных тэхналогій страціўся сэнс існавання дадзенага дакумента, усе правапарушэнні ўносяцца ў электронную базу, доступ да якой міліцыя мае ў рэжыме рэальнага часу.
Па-другое, цяпер па выніках працэдуры тэхагляду кіроўцу ставіцца штамп у сертыфікаце і выдаецца наклейка, якую трэба змясціць на лабавое шкло. З першага красавіка замест гэтых двух дакументаў на рукі будзе выдавацца адзін — дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху. У бліжэйшы час бланкі будуць выдадзены на станцыі.
Трэцяе важнае абнаўленне — большасці кіроўцаў для праходжання тэхагляду не трэба будзе мець пры сабе медыцынскую даведку. Такое патрабаванне будзе захавана толькі для некаторых катэгорый кіроўцаў, якія задзенічаны на перавозцы пасажыраў, асабліва дзяцей, таксама тых, хто перавозіць асабліва небяспечныя грузы: паліва, выбуховыя рэчывы.
— Апошняе абнаўленне падаецца вельмі важным, шмат разоў бачыў, як кіроўцы адзін аднаму дапамагалі праходзіць тэхагляд. Замест кіроўцы ці аўтаўладальніка, у якога не было медыцынскай даведкі, на станцыю прыязджаў прыяцель, у якога дадзеная даведка была. З іншага боку, пагалоскай ужо сталі прыгоды і цяжкасці аўтамабілістаў у паліклініцы, якія ім даводзіцца прайсці, каб атрымаць запаветную паперку. Неаднаразова чуў, ды і сам трапляў у сітуацыю, калі даводзілася затрачваць два дні, а то і больш, каб аформіць медыцынскую даведку.
— Аднак заўважу, што ў пераліку дакументаў для выдачы або абмену вадзіцельскага пасведчання медыцынская даведка засталася.
Падводзячы вынікі, варта адзначыць некалькі відавочных фактаў. Укараненне інфармацыйных тэхналогій ідзе няўхільна і беспаваротна. Той, хто ім імкнецца супраціўляцца, выглядае чалавекам, які спрабуе схавацца ў саламяным доміку ад віхуры. Самі ж новыя тэхналогіі значна аблягчаюць нашы жыццё і працу, спрашчаючы абарот дакументаў, праходжанне працэдур.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.