Чыгуначная рамантыка

379Не планавала Таццяна Мельнікава сабе работу на чыгунцы, але ж, як гэта часта здараецца, так распарадзіўся лёс.
У маладой дзяўчыны не можа быць вялікай біяграфіі. Не выключэнне і Таццяна. Вось жа яна, дачка прадаўца і вадзіцеля з Чашнік, нечакана ступіла на зусім іншыя жыццёвыя рэйкі — чыгуначныя. Як гэта адбылося? Дзяўчына і сама не ведае. Вучылася ў школе. А затым… сваякі, што жывуць пад Оршай, параілі прафесію чыгуначніка. Маўляў, і прафесія цікавая, і плоцяць там няблага. Матэрыяльны фактар для чалавека, і асабліва маладога, каму пачынаць будаваць уласнае жыццё, мае важнае значэнне. І вось ужо Таццяна вучыцца ў Аршанскім чыгуначным тэхнікуме, які неўзабаве стаў каледжам. Практыку праходзіла дома, у Чашніках, а на першае месца работы накіравалі ў Лепель.
Пасада дзяжурнай па станцыі, на якой апынулася Таццяна, прама скажам, клопатная. Праца, здавалася б, простая і зразумелая, да таго ж стала звыклай за тры гады. Аднак нават на размову з карэспандэнтам часу бракуе. Круціцца дзяўчына, як у коле вавёрачка: то за трубку тэлефонную возьмецца ды камусьці штосьці дыктуе, тлумачыць, прымае інфармацыю, то схопіць адмысловы знак ды бяжыць на платформу цягнік сустракаць ці праводзіць. І ўсё бягом, і ўсё шпарка. Маладая! Ног пад сабою не чуе. Пра яе ў калектыве кажуць: “Адказная за справу, не падводзіць, паслухмяна і дакладна выканае любое заданне”. Дык жа і задаюць ёй нямала. Старшыня прафсаюзнага камітэта, грамадскі інспектар па бяспецы руху… Маладая, але ўжо яўна заўважаюцца ў ёй арганізацыйныя здольнасці. Умее ладзіць з усім калектывам, а не толькі з чатырма сваімі падначаленымі на дзяжурнай змене.
На чыгунцы Таццяна Мельнікава — два дні праз два, такі графік у дзяжурнай па станцыі. Так што хапае часу і дадому да бацькоў з’ездзіць (здымае ў Лепелі кватэру), і кнігу пачытаць. Не паверыце, даволі прагматычная на працы, Таццяна па жыцці яркі рамантык. Можа зачытацца фэнтэзі да позняй ночы альбо перабіраць гітарныя струны чыста для сябе, дорачы з дапамогай музыкі добры настрой. На гітары вучылася іграць сама. Таццяна цягавітая і ўпартая. І калі ўжо паставіць перад сабою мэту, то са шляху не сыдзе, пакуль свайго не дасягне. Так было і з гітараю, якая стала самастойным даважкам да класа баяна ў мастацкай школе. Так было і з ва­дзіцельскімі правамі, якія атрымала, нягле­дзячы на тое, што сваёй машыны пакуль не мае.
Ну, а яшчэ?
— А яшчэ — шопінг, — усміхаецца Таццяна, — і кветкі.
Што тут зробіш, дзве жаночыя слабасці — магазіны і кветкі. Толькі шопінгам марна займацца чалавеку з пустым кашальком. Аднак Таццяна на чыгунцы сабе на жыццё, балазе яшчэ няма пакуль сям’і, зарабляе. А кветкі… Хто з прадстаўнікоў прыгожай паловы іх не любіць, вось толькі ці ўсім хапае цярплівасці вырошчваць? Кватэра гарадская, агарода няма, але хатнія кветкі знайшлі сабе месца ў яе на падаконніках. Мабыць, да прафесійнага свята нейкая і расцвіла прыгожа. Прыгожа трэба жыць і адказна. Невялікая пакуль што біяграфія ў Таццяны Мельнікавай. А куды далей шлях пойдзе, пакажа час, бо ўсё яшчэ наперадзе.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Таццяна Мельнікава.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.