Чым займаюцца ў Новых Валосавічах на Лепельшчыне па суботах?

U

У Новавалосавіцкай школе правялі анкетаванне. Пыталіся ў вучняў, што ім больш за ўсё падабаецца ў суботу. Амаль усе дзеці аддалі перавагу школьным спартыўным заняткам. Калі б у анкеце запыталіся ў дзяцей, які школьны дзень ім больш даспадобы, тыя, само сабой, адказалі б, што шосты.
Шосты школьны дзень — субота. Што ён азначае для малакамплектнай вясковай школы і ці ўвогуле ён там патрэбен. Адказ на гэтае пытанне падказвае само жыццё. Здавалася б, вёска — не тое месца, дзе дзяцей няма чым заняць. Вунь неўзабаве пачнуцца агароды, і вы ўбачыце, дзе праводзяць сельскія падлеткі свой пазаўрочны час: не на пляжах, не ў кавярнах за кавай з марожаным і нават не на стадыёне. Гэта вам не горад. Дык навошта, запытаецеся, той суботні паход у школу? Адпачыць бы дзецям ды выспацца як след перад новым працоўным тыднем. Вунь як рана падымаюцца штодня, асабліва тыя, хто на падвозе.
Яно так, выспацца не зашкодзіць. Вось толькі кажуць: “Не праспі сваю долю”. Мы ж не пра хворых старых людзей вядзём размову, а пра падлеткаў. Тыя адпачываюць на хаду, проста так, памяняўшы род занятку: толькі што бульбу садзіў, а праз дзесяць хвілін бяжыць на стадыён у мяч гуляць. Вось таму і патрэбен у сельскай школе шосты дзень, каб адпачыць ад агародаў, ад камп’ютара, ад урокаў.

U

Субота. Вунь яшчэ цёмна, а хлопчык з Красналучкі ўжо на ганку чакае, пакуль школа адчыніцца.
Школьны аўтобус спраўна падвозіць дзяцей у суботу ў школу. У Новых Валосавічах з дваццаці васьмі вучняў шаснаццаць — на падвозе. Бяда толькі, калі аўтобус псуецца. Аднак гэта здараецца не часта. Часам прасілі дапамагчы лясніцтва, і тое не адмаўляла.
Школьныя суботы настаўнікі падзялілі на тэматычныя кварталы. На практыцы гэта азначае, што кожная субота месяца мае свае выхаваўчыя мэты.
Першая субота — грамадзянска-патрыятычная. Праходзіць яна пад дэвізам «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся». Трэба сказаць, што новавалосавіцкія школьнікі часта вандруюць, балазе ёсць свой школьны аўтобус. Вось нядаўна, напрыклад, пабывалі ў «школе трох музеяў» у аграгарадку Слабада. Пазнаёміліся з гісторыяй роднага краю, з этнаграфічнымі асаблівасцямі нашай мясцовасці, яе фальклорным складнікам. Да гэтага ездзілі ў краязнаўчы музей у горад, не абмінулі, вядома, і парк. Настаўнікі кажуць, што не выгнаць было дзяцей з тых атракцыёнаў і горак. Правільна, ну дзе яны ў вёсачцы на горках пакатаюцца, хіба што на ледзяных зімою. Удзельнічалі ў другім рэспубліканскім чэмпіянаце па інтэлектуальных гульнях сярод піянерскіх дружын. І хаця з шаснаццаці школ занялі толькі шостае месца, затое атрымалі задавальненне. Увогуле, як мне падаецца, не колькасцю дыпломаў і грамат трэба вымяраць школьнае жыццё, а выхаваўчым эфектам, які дае сам удзел у тым ці іншым мерапрыемстве.
* * *
Вось так атрымалася, што фізкультуру зараз у школе вядзе настаўніца гісторыі. І што вы думаеце, няма ліха без дабра. Атрымаўся цікавы сімбіёз — інтэлектуальная фізкультура. Менавіта ёю, прынамсі, дзякуючы Вікторыі Мартыненкавай, напоўнена кожная другая школьная субота. Афіцыйна яны называюцца «Днямі здароўя». А дакладней іх бы трэба называць днямі здаровага сэнсу. Бо звярніце ўвагу, як будуе працу Вікторыя Аляксандраўна: спартландыя ў яе інтэлектуальная. Толькі што дзеці бегалі, скакалі, вялі мяч — тут жа адгадваюць загадкі, разгадваюць рэбусы на кемлівасць. Здаровы лад жыцця прыпадносіцца ў цесным спляценні з элементамі фальклору. Дзеці асвойваюць менавіта беларускія нацыянальныя гульні, зімою — у спартыўнай зале, летам — на свежым паветры.
Практыкуюць так званыя «квэсты». Ну і модным жа стала гэтае слоўца ў школах! Не вытрымаў, запытаўся ў настаўнікаў, што ж такое квэст? Мне растлумачылі, што гэта інтэлектуальнае падарожжа з дапамогай падказак, часам рэальнае, часам віртуальнае. Вось, напрыклад, як рыхтавалі ў Новых Валосавічах адзін з квэстаў, названы «Незвычайным падарожжам па Беларусі». За месяц вучні ведалі, што ім трэба адшукаць самастойна. Хатняе заданне ўтрымлівала пяць незвычайных звестак па гісторыі, архітэктуры Беларусі, з перыяду сярэдневякоўя, а таксама пра знакамітых беларусаў. Прайшла прэзентацыя на тэму культуры, нацыянальных традыцый і звычаяў. Дзеці паглядзелі дакументальны фільм. А пасля, падзяліўшыся на дзве каманды («Беларускі тытан» і «Плаціна»), засяродзіліся над картай нашай дзяржавы, шукалі месцы, з якімі звязаны атрыманыя заданні. Дзве гадзіны праляцелі як адна хвіліна.

U

U

Фізкультура ў школе — гэта не толькі прадмет шостага дня, а яшчэ і прадмет гордасці і гонару. Тут з гонарам называлі прозвішчы ўдзельнікаў зборнай па лёгкай атлетыцы: Ваня Гарбёнак, Іра Мулярава, Сяргей Разумаў, якія выступалі на абласных спаборніцтвах. Сярожа нават тры ці чатыры разы ездзіў. Ды і зараз дзеці ўжо рыхтуюцца да новых спаборніцтваў па «каралеве спорту» — лёгкай атлетыцы.
Нямала ўвагі ў шосты школьны дзень надаюць экалагічнаму выхаванню. У пачатковых класах працуе клуб «Эколаг». Дзеці збіраюць насенне, устанаўліваюць кармушкі птушкам. Праўда, сёлета скардзіліся, што іх пярнатыя сябры не надта агаладалі зімою і да кармушак прыляталі крайне рэдка. У планах шостага дня — наведаць лепельскі дэндрапарк ды пазнаёміцца з яго багатаю флораю.
І нарэшце чацвёртым тэматычным накірункам школьных субот з’яўляецца маральна-прававы. Праводзяць гутаркі з элементамі практыкуму, глядзяць дакументальнае кіно. Нядаўна прагледзелі дакументальны фільм «Дзіцячая выпраўленчая калонія Беларусі», які вельмі ўразіў дзяцей. Уважліва глядзелі, доўга абмяркоўвалі.
Субота ў сельскай школе — гэта час інтэлектуальнага адпачынку са здаровым сэнсам.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.