Эх, як жа весела было ў лепельскім Поўсвіжы, калі яна пачынала працаваць!

121Эх, як жа весела было ў Поўсвіжы, калі яна пачынала працаваць! Людміла Андрэеўна не хавае настальгіі па часінах сваёй маладосці. Людзі былі рахманыя, ініцыятыўныя, вясёлыя. У Поўсвіжы, напрыклад, быў свой духавы аркестр, у хоры спявалі чалавек трыццаць. Як там жылося, лепей ці горш, у кожнай эпохі ёсць свае плюсы і мінусы. Але розніцца само стаўленне людзей да жыцця.

Здавалася б, што яшчэ трэба: ніхто не агаладаў, на машынах усе ездзяць, ды і не на абы-якіх, камп’ютарамі абставіліся, а кантактуюць толькі ў сацыяльных сетках. Панурыя сталі, запаволеныя, заўсёды чымсьці незадаволеныя.
Людміла Андрэеўна шчыра прызнаецца, што няпроста зараз работніку культуры. Няпроста людзей падштурхнуць, развесяліць, падахвоціць, арганізаваць штосьці. Праўда, не ўсіх. І раней быў, і зараз існуе касцяк — людзі, якіх не трэба ні падштурхоўваць, ні ўгаворваць. Самі прыходзяць у бібліятэку, у клуб, самі знаходзяць сабе занятак па душы, ахвотна адгукаюцца на прапановы.
Сама ж Людміла Сільвановіч, здавалася, ніколі і не мянялася. Сорак чатыры гады яна ў Поўсвіжы. Амаль столькі ж працуе тут бібліятэкарам, за выключэннем тых некалькіх гадоў, калі была ў клубе альбо дзяцей сваіх даглядала.
Як гэта часта здараецца ў дзяцінстве, сяброўка падштурхнула Люду да выбару прафесіі. Так дзяўчаты са шклоўскай вёсачкі Герасімаўка вырашылі стаць бібліятэкарамі і апынуліся ў Магілёве. Юныя, пятнаццацігадовыя, яшчэ зусім дзеці, вылецелі яны з бацькоўскіх гнёздаў. Дадому хацелася. Прыехаўшы дамоў на выхадныя, Люда плакала, так не хацелася вяртацца зноў у вялікі горад, у інтэрнат, на вучобу. Але час ішоў, прывыклі, прызвычаіліся, скончылі бібліятэчны тэхнікум, паехалі на працу. А выбар пры размеркаванні быў невялікі: абедзвюх накіравалі на Лепельшчыну. Дзве кропкі былі — Поўсвіж і Суша. Не ведалі ні таго і ні другога. Сяброўка ў Сушу паехала, а Люда — у Поўсвіж. Тая пасля двух гадоў з’ехала, а гэта затрымалася на дзясяткі. Ды што там на дзясяткі — на ўсё жыццё. Выйшла замуж за Васіля Сільвановіча, электразваршчыка, двух дзяцей нарадзілі. Вялікі Поўсвіж зараз ужо другой радзімай стаў для магіляўчанкі. Апошнім часам і маці хворая тут жыве.
Калі прыехала, бібліятэка тулілася ў адным пакойчыку пры клубе. Стаялі тры стэнды кніжныя. Потым далі два пакойчыкі. У будынак дзіцячага садзіка пераехалі гадоў дзесяць таму. Прасторна, светла, утульна зараз у бібліятэцы. Для дзіцячай літаратуры выдзелены пакой асобны, для экалагічнай асветы — асобны. Ёсць камп’ютар з прынтарам.
З клубам, са школаю і нават з ФАПам бібліятэка ў творчым тандэме працуе. Разы тры-чатыры на год разам ездзяць на перыферыю — з баянам, з песнямі, з добрым словам, з кнігамі і часопісамі, проста з запальным настроем. Пакуль адны цікавяцца фізічным здароўем састарэлых мясцовых жыхароў, другія клапоцяцца пра здароўе духоўнае, пра інтэлектуальны патэнцыял. Пакідаюць бабулям і дзядулям іх любімыя газеты і часопісы, весяляць невялікімі імправізаванымі канцэртамі. Нядаўна былі ў Чарнаруччы, заходзілі ў кожны дом. Былі таксама сёлета ў Кордзіках і Казлах. Летась наладзілі свята падворку ў Падымхах. Ездзілі Лідзія Ганчар, Аляксандр Міхно з баянам, Надзея Мацкевіч, Людміла Пузанава, Наталля Тухта, Таццяна Стрыжонак.
Частыя госці ў бібліятэцы — школьнікі. Вось і на вясенніх канікулах дзеці тут знаёміліся з творчасцю Агніі Барто, ладзілі ранішнік. Наперадзе — Дзень птушак. І хоць Людміла Андрэеўна зараз у адпачынку, ды свята птушак абавязкова збіраецца правесці.
Рады ў бібліятэцы бачыць сваіх надзейных сяброў і памочнікаў, якія з’яўляюцца мясцовым творчым актывам: Антаніну Сісковіч, Раісу Грамыка, Наталлю Крыцкую,Уладзіміра Куляшова, Васіля Яско, Ніну Сасноўскую, Святлану Ігнатовіч і іншых. Рады кожнаму чытачу, якіх тут больш за паўтысячы.
Ёсць людзі, да якіх прывыкаеш настолькі, і прывыкаеш іх бачыць менавіта такімі, а не іншымі, што проста не ўяўляеш у іншым амплуа. Так вось у Поўсвіжы мясцовай бібліятэкі не ўяўляюць без Людмілы Сільвановіч, а сама Людміла Андрэеўна не ўяўляе сябе без бібліятэкі. Ужо на пенсіі не першы год. Але ж хіба можна сысці з авансцэны і толькі штодня “выступаць з канцэртамі” перад свіннямі ды чытаць ім маралі? Без гаспадаркі, вядома, не абыдзешся ў вёсцы, дзе па-іншаму цябе і не зразумеюць. А трэба ж быць прыкладам, бо ты вясковы інтэлігент, а не лайдак. Без гаспадаркі не абыдзешся, але ж і не хлебам адзіным…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: бібліятэкар Людміла Сільвановіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.