Да Міжнароднага дня адказных адносін да лесу была прымеркавана цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў рэспубліканскага конкурсу малюнкаў “Мой родны лес”

23 Да Міжнароднага дня адказных адносін да лесу была прымеркавана цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў рэспубліканскага конкурсу малюнкаў “Мой родны лес”, якая прайшла ў Мінску ў Рэспублі­канскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. На падвядзенне вынікаў конкурсу прыехалі з розных куткоў Беларусі каля  трыццаці вучняў з настаўнікамі і бацькамі. Акрамя галоўнага прыза — календара, яны атрымалі мноства іншых падарункаў. Удзельнічала ў  мерапрыемстве і лепяльчанка Марыя Пшонка. Дзяўчынка прадставіла на суд журы малюнак пад назвай “Зімовы лес у Бярэзінскім запаведніку”, выкананы гуашшу, які разам з іншымі ўпрыгожыў вялікі насценны каляндар.

Маша  вучыцца ў адзінаццатым класе Слабадской школы. У вольны ад вучобы час, калі прыходзіць натхненне, бярэцца за пэндзлік і малюе для сябе, бо ёй гэта проста падабаецца. Да гэтага яе работы можна было пабачыць на школьных выставах.

У Мінск Маша паехала з маці. У холе Рэспубліканскага Цэнтра экалогіі была нала­джана выстава  работ пераможцаў  конкурсу «Мой родны лес». ­Удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем фатаграфаваліся на фоне сваіх малюнкаў і знаёміліся з працамі іншых.

Ганна Пшонка расказвае, што ёй было вельмі прыемна бачыць работу дачкі. Што ў дзяўчынкі ёсць здольнасці да малявання, неяк да  апошняга ўсур’ёз ніхто ў сям’і не ўспрымаў. Поспех Машы ў конкурсе прымусіў  па-іншаму паставіцца да захаплення дачкі.

У будучым Марыя Пшонка марыць звязаць сваю прафесійную дзейнасць са стварэннем мастацкіх вобразаў, таму наперадзе яе чакае вялікая і напружаная праца. Хочацца спадзявацца, што ў дзяўчынкі ўсё атрымаецца і дзіцячае захапленне перарасце ў любімую справу ўсяго жыцця.

Валерый ТУХТА.

 На здымку: Марыя Пшонка.

 Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.