День родного языка прошел в школах Лепельщины

dlya-redakcii-1“Мова — гэта вялікі народны скарб, яго нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ!” — так пісаў беларускі пісьменнік Іван Мележ. І пакуль кожны беларус  будзе гэта разумець, наша мова будзе гучаць
і квітнець. У Слабадской яслях-садзе — сярэдняй школе сталі добрай традыцыяй мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.
“Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой. Пачуеш ты — у кожным слове душа яднаецца з душой”, — гэта выказванне знакамітага паэта і краязнаўцы Віцебшчыны Ігара Пракаповіча было абрана ў якасці дэвіза да святкавання Дня роднай мовы.
Напярэдадні свята школьнікі праверылі сваё веданне роднай мовы ў рэспубліканскім конкурсе “Буслік”.
На працягу святочнага дня ў школе праходзіла акцыя “Гавары са мной па-беларуску”. Ужо зранку вучні атрымалі віншаванкі з добрымі пажаданнямі на беларускай мове. Нікога не пакінула раўнадушным выстава малюнкаў “Вобразы мілыя роднага краю”, якую падрыхтавалі вучні пятага класа. Прэзентуючы цудоўныя малюнкі, дзеці не толькі расказалі пра прыгажосць родных краявідаў, а і зачыталі вершы беларускіх творцаў пейзажнай лірыкі.
Да Дня роднай мовы школьным бібліятэкарам была наладжана кніжная выстава “Пісьменнікі-юбіляры 2020 года”. У час выставы вучні пазнаёміліся з сучаснай беларускай перыёдыкай, праслухалі цікавы аповед пра пісьменнікаў-юбіляраў 2020 года і пашырылі свае веды ў галіне літаратурнага краязнаўства.
Удзельнікамі дыктанта, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы, сталі вучні пятага і сёмага класаў. У такі цікавы святочны дзень на ўроках беларускай мовы і літаратуры была арганізавана работа з тэкстамі, выказваннямі на адпаведную тэматыку. Запамінальна прайшлі інфармацыйныя хвілінкі “Дзень роднай мовы”. Вучням была прапанавана таксама інтэлектуальная гульня “Пагуляем у роднае слова”. У час перапынкаў у кабінеце беларускай мовы і літаратуры вучні маглі прагледзець музычныя відэакліпы і праслухаць аўдыёзапісы беларускіх музычных твораў.
Настаўнікі пачатковых класаў для сваіх вучняў праводзілі конкурсы беларускіх загадак, шарад, прыказак — і ў выніку хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся пра новыя беларускія словы.
Яркім завяршэннем святочнага дня стала літаратурна-музычная імпрэза “Квітней, мая родная беларуская мова!”, у час якой прагучалі прыгожыя вершы паэтаў Беларусі, Лепельшчыны і слабадской зямлі. Не засталіся па-за ўвагай і цудоўныя творы на роднай мове выпускнікоў і былых настаўнікаў Слабадской ясляў-сада — сярэдняй школы — Веранікі Маляўкі, Святланы Дзямко, Віктара Анікея, Людмілы Сідарэнкі, Валянціны Рабцэвіч і іншых. Уразілі гасцей вершы вучняў школы Мікіты Бабаеда, Артура Дзямко і Ганны Кліманскай. Змест мерапрыемства выразна раскрылі словы Леаніда Дайнекі:
Каб белы свет
не здаўся вузкім,
Каб годна жыць
паміж людзей,
Любіце мову беларускую,
Любіце
з кожным днём мацней.
Усе святочныя мерапрыемствы былі накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, выказванне павагі да роднага слова і духоўнай спадчыны беларускага народа. Вельмі хочацца, каб дарослыя і дзеці цікавіліся роднай мовай не толькі 21 лютага, а і кожны дзень жадалі размаўляць, чытаць, спяваць, жартаваць і віншаваць адзін аднаго па-беларуску!
Наталля МІРАНОВІЧ,
настаўнік
беларускай мовы
і літаратуры
Слабадской ясляў-сада — сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.