Друзья «Лепельскага краю»

img_9263— Вы пра нас пісалі, — усміхаецца гаспадыня.
Паціскаю плячыма:
— Я пісаў? Можа, хто іншы?
— Дакладна пісалі і дакладна вы, — Ефрасіння Дзям’янаўна ідзе да шуфлядкі, дастае нашу газету трохгадовай даўніны, паказвае нататкі.
Уважлівых нашых чытачоў не ашукаеш. Сапраўды, нататкі за маім подпісам. Называюцца “Жыццядайная крыніца сілы дадае”. Але як я мог пісаць, калі бачу гаспадароў упершыню! Выходзіць, мы незнаёмыя?
Прыгадваю. Было свята вёскі ў Зялёным Востраве, пра якое мне вобразна распавяла загадчыца Поўсвіжскага СДК Лідзія Жарнасек. Яны акурат прыязджалі сюды са сваімі творчымі калектывамі і ладзілі конкурс на лепшы падворак, у цэнтры якога і апынуліся нашы героі Мікалай і Ефрасіння Курто. Ліда распавяла настолькі вобразна — яна гэта ўмее, — што я без асаблівай цяжкасці ўявіў агульны малюнак: прыгожую спрытную хацінку ў засені летняга разнаквецця на ўскрайку вёскі, калі ехаць барысаўскім шляхам, бульбачку з агурочкамі роўненькімі радочкамі на агародзе, апошнія ўжо загараліся, нягледзячы на тое халоднае лета, хлявы, дзе ўсё “і рохкае, і сакоча”, каня, што пасецца на заліўным лузе, і, вядома ж, пчолак, якім за радасць браць мядок там, дзе не абпылена, не пратручана. Таму і прапісаліся яны трывала ў Зялёным Востраве, што тут яшчэ ёсць некранутыя заліўныя лугі.
Шчыра скажу, напісаў — як у сук уляпіў. Не верыце — праверце. А заадно і падзівіцеся прыязнасці, гасціннасці, шчодрасці гаспадароў. Не дзіва, што не шкадавалі яны для гасцей свята нічога: ні першага майскага мядку, ні “фірмовых” сваіх клёцак, ні хатняй каўбаскі, пальцам піханай. Пра ўсё гэта мне расказвала Лідзія Жарнасек і падкрэслівала: гаспадары любяць, каб у іх усё было, і не шкадуюць іншым. За гэта ім Бог і дае. Хто дзеліцца, таму і дае.
Вось такі атрымаўся малюнак нашага завочнага знаёмства з сям’ёю Курто. Прыемна, што ён цалкам супаў з рэальнасцю. А яшчэ болей прыемна, што гаспадары гэтага падворка — даўнія і добрыя сябры “Лепельскага краю”. Як жа хораша мець такіх слаўных сяброў!
Ну а зараз пра тое, што засталося “за кадрам” тых трохгадовай даўніны нататкаў. Сядаю за стол, на якім ляжаць свежыя нумары нашай газеты. Сабе думаю: “Вось жа чытаюць людзі — лепшыя, працоўныя. Захоўваюць нумары газеты — як бульбачку, як бурачкі, акуратненька, беражліва, ганарацца напісаным пра іх. І газета для іх — як хлеб надзённы.
“За кадрам” засталіся дзяцінства і юнацтва Мікалая і Ефрасінні, іх дашлюбнае жыццё. Баба Фруза пасылае мужа зірнуць, ці не прыйшла часам аўталаўка, “бо без малачка застанёмся”. А сама распавядае за абодвух. Пражыўшы разам болей як паўвека, ведаеш пра другога, можа, лепей, чым пра сябе. А тым болей, што яны амаль землякі: яна тутэйшая, ён з Тадуліна, у адной, у Дрымаўшчынскай, школе вучыліся.
— І як гэта іншыя вайну памятаюць? — здзіўляецца Фруза. — Сама з саракавога года, а вайну памятае. І я з саракавога. Дык хіба ж я што помню? Вось толькі…
І тут жа пачынае дакладна, як па нотах, апісваць…
— Немцы нашу хату спалілі. Бацьку забралі і пагналі разам з іншымі да Паддуб’я. Спачатку ўсе ішлі — і мужыкі, і жанчыны. Мы з сястрою Клавай — двайняты. Бацька адну нясе на руках, а мама другую. Пасля жанчын адпусцілі. Бацька кажа: “А ў мяне дзіця на руках”. А яны: “Перадай жонцы”. Той перадаў, і яго далей пагналі. І з таго часу мы болей тату не бачылі. Кажуць, іх дзесьці ля Чарнаручча пастралялі. А мог схавацца, — скрушна ўздыхае Фруза. — Маці казала схавацца, а ён: “Во, чаго яны нас будуць біць!”. Вярнуліся назад — хата гарыць. У мамы на руках засталося нас пяцёра: Веры трынаццаць гадоў было, Надзя — з трыццатага, Люба — з трыццаць шостага, Клава і я. Жылі ў Старынскіх. Донька, Міхась, мо ведаеце? Іх сямёра і нас шасцёра. У лазні туліліся. Пасля маці наймала людзей лес выразаць, хату будавалі. Без падлогі спачатку жылі. Тады ўжо пабудаваліся смехам. У Дрымаўшчыну ў школу хадзіла. Барлёнцы абую, бо не было чаго. Сястра далей вучыцца пайшла, а я не. Пайшла тэхнічкай у Зялёнаастраўскую школу і працавала там дваццаць адзін год, аж да закрыцця школы.
І пра Мікалая свайго кажа, што бацька яго памёр у сорак трэцім, а ён жыў з маці. У калгас пайшоў працаваць, закончыў курсы трактарыстаў — гэта ўжо ў шасцідзясятых гадаў, на пагрузчыку працаваў, араў, сеяў. Без чатырох месяцаў сорак гадоў стажу мае.
У шэсцьдзясят пятым яны пажаніліся. Праз чатыры гады пабудавалі хату і перайшлі ў яе. Была вялікая гаспадарка — па дзве каровы гадавалі, а яшчэ свінні, авечкі, куры. Механізатару не было калі пільнавацца той гаспадаркі, работа — ад зары да зары. Тэхнічцы, вядома ж, было прасцей і вальней. Асноўны лямеш цягнула свякроў, якая жыла з імі. Пчолак Мікалай завёў ужо на пенсіі, Донька Старынскі падвучыў і навучыў. На пенсію ён пайшоў на льготную ў дзевяноста сёмым, а яна на два гады раней. Двое дзяцей: Сяргей — энергетыкам на МКК, Віктар — у Мінску на будоўлі. Нявестка кіруе “Беларусбанкам” у Лепелі. Дзве ўнучкі і ўнук.
Што пенсіянеру рабіць? Сядзі вунь ды “грэй на печы стары плечы”. Печ руская, акуратна, майстравіта аздобленая кафляй. На ёй баба Фруза пячэ бліны смачныя на кефіры і адпраўляе ў Мінск унучцы Дашы.
Зімовымі вечарамі глядзяць тэлевізар, вялікі вадкакрышталічны і чытаюць “раёнку”. Асабліва любяць чытаць пра такіх, як самі, простых працавітых людзей, пра землякоў, знаёмых — і не толькі. Кожны нумар газеты чакаюць з нецярпеннем.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Ефрасіння і Мікалай Курто.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.