Два тысячника в один день

img_8079Дзякуючы сучаснай тэхніцы і навейшым тэхналогіям намалот у тысячу тон – норма паўсядзённай працы хлебаробаў.

У мінулым годзе галоўнае спаборніцтва на жніве разгарнулася паміж дзвюма гаспадаркамі – СВФ «Заазер’е» інтэграванай структуры ААТ «Віцебскі мясакамбінат» і філіялам «Баброва-Агра» ЗАТ «Віцебскагра-
прадукт», якое ўваходзіць у холдынг «Славянскі Велес».

Дакладней, канкурыравалі паміж сабой два экіпажы камбайнаў. Першы, у складзе Леаніда Аляксеенкі і Паўла Ханяка, шчыраваў на палях Заазер’я, а другі – у складзе Анатоля Петухоўскага і Яўгена Карагі – на палетках Баброва. Першы экіпаж літаральна на дзень-два апярэдзіў канкурэнтаў. І гэта зразумела: хоць абодва экіпажы працуюць на камбайнах адной маркі – імпартных New Holland, усё ж работнікі філіяла «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» працу­юць на агрэгаце большай прадукцыйнасці.
За год па выніках леташняй уборачнай кампаніі кіраўніцтва «Славянскага Велеса» зрабіла высновы наконт прадукцыйнасці, эфектыўнасці імпартнай тэхнікі і прыняло рашэнне набыць яшчэ адзін камбайн New Holland CX 8.80. Сёлета на першым камбайне выехаў на палеткі экіпаж у складзе Анатоля Петухоўскага і Ільі Мацвеева, а на новым шчыруюць Аляксандр Зябко і Максім Чувілін. Мужчыны працуюць настолькі зла­джана, што намалоту ў тысячу тон дасягнулі ў адзін дзень – чацвёртага жніўня. Увечары аўтар гэтых радкоў прыбыў на поле за вёскай Несіна, каб асабіста пабачыць і павіншаваць перадавікоў.
Па дарозе размінуўся з грузавым МАЗам з прычэпам. Гэта кіроўца Віктар Гайсёнак, работнік філіяла «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт», адвозіў чарговы намалот. Збожжа ссыпаецца на пляцоўку мехдвара «Баброва-Агра», а потым будзе вывезена збожжавозамі на завод.
– Не сапсуецца зерне на асфальце? – пытаюся ў дырэктара «Баброва-Агра» Вячаслава Чувіліна, які дзяжурыў на ўскрайку поля.
– Ні ў якім выпадку. Збожжа сухое, яго вільготнасць складае каля 11-14 працэнтаў, якраз для доўгатэрміновага захоўвання. Пакуль дажджоў не прадбачыцца, мы можам працаваць.
Між тым камбайны наблізіліся да нас. Ільі Мацвеева на момант прыезду на полі не было, адлучыўся дапамагчы калегу на мехдвор. Сфатаграфаваліся разам: Вячаслаў Чувілін, Максім Чувілін, Аляксандр Зябко і Анатоль Петухоўскі.
– Вячаслаў Міхайлавіч, а Максім?… – пытаюся ў дырэктара.
– Мой сын. Сам у летні час захацеў папрацаваць са мной на полі.
Спачатку праехаў у кабіне з Аляксандрам. Мужчына расказаў:
– Гэта жніво для мяне ўжо сямнаццатае па ліку. Як вярнуўся дадому з вайсковай службы, так кожнае лета і працую на камбайне. Пачынаў з Дона-1500А, затым быў Дон-1500Б, гэта мадэль з больш магутным рухавіком. На «Палессі» КСЗ-1218 некалькі гадоў запар быў у ліку лідараў Чашніцкага раёна, намалочваў тысячы тон. Таму права працаваць на новым камбайне, набытым сёлета, прадаставілі мне.
– Чашніцкага раёна?
– Так, я пастаянна працую ў філіяле «Славянскага Велеса» «Зара» ў Чашніцкім раёне, але з пачатку жніва мяне накіравалі ў Баброва. Дарэчы, гэтыя землі нам ужо добра знаёмыя. Вясной мы тут працавалі на пасяўной, асабіста я – на «Кіраўцы» К-744 з культыватарам рыхтаваў глебу пад сяўбу, а цяпер вось шчырую на ўборцы збожжа.
– «Кіравец», камбайн – габарытная тэхніка, – заўважаю.
– Я заўсёды кіраваў вялікімі аўтамабілямі, – з жартам адказвае суразмоўца. – Пасля арміі працаваў у дарожнай арганізацыі на грэйдары, кожнае лета ад гэтай арганізацыі накіроўваўся ў сельгасарганізацыі для работы на камбайне. Тры гады таму звольніўся і пайшоў працаваць у філіял «Зара», затым сеў за руль «Кіраўца» і зноў – камбайна. Мой жа асабісты аўтамабіль – Citroen C4 Grand Pikasso, таксама аб’ёмны мінівэн. Я нават, прызнаюся, не ўяўляю сябе ў маленькай машыне.
Развітаўшыся з Аляксандрам, сядаю ў кабіну да Анатоля.
– Ці лёгка было запусціць камбайн пасля сезоннага захоўвання? – пытаюся ў хлебароба.
– Як гадзіннічак! – чую ў адказ. – Праверыў усюды змазку, механізмы, акумулятары, заліў паліва, ключ на старт – і паехаў!
– Якія паломкі давялося рамантаваць па выніках мінулагодняй уборачнай кампаніі?
– Памяняў некалькі пальцаў на шнэку жняяркі і касе, пагнутых пры сутыкненні з каменнем. Аднак гэта ўсё расходныя матэрыялы, іх запас ішоў у камплекце. Час ад часу падае сігнал камп’ютар, такім чынам спрацоўвае адзін з датчыкаў, але на агульную працу гэта не ўплывае. У бліжэйшы час прыедуць спецыялісты, адрамантуюць яго або заменяць.
– Цікава, дзе камбайн быў размешчаны зімой?
– На адкрытай пляцоўцы. Работнікі сэрвіснай службы яшчэ восенню запэўнілі, наколькі гэта важна. Здараліся выпадкі, калі тэхніка захоўвалася пад навесам. У ёй, як ні дзіўна, заводзіліся мышы, грызлі электраправодку, таму рэкамендавана камбайны ў зімовы сезон захоўваць на адкрытых пляцоўках.
– Які заробак атрымліваеце ў час жніва, калі не сакрэт?
– Сакрэт. Аднак скажу, што вельмі годны. Летась на ўборачнай мы атрымалі добры заробак, а сёлета, калі праца філіяла наладзілася, сталі плаціць яшчэ лепш.
У філіяле «Баброва-Агра» занятыя яшчэ тры камбайны КЗС-1818. Усе яны, у тым ліку «Ліда-1300», адпраўлены ў філіял «Зара». Аднак «Ліда-1300» пакуль што знаходзіцца на мехдвары. Каб яе адрамантаваць і наладзіць, патрабуецца як мінімум 40 тысяч рублёў. Кіраўніцтва вырашае, што будзе больш выгадным і эфектыўным: рамантаваць стары камбайн ці крыху пачакаць, сабраць грошай і набыць новы.
Пасля гутаркі з механізатарамі ў аўтара склалася цвёрдае перакананне ў тым, што дзякуючы сучаснай тэхніцы і навейшым тэхналогіям намалот у тысячу тон павінен быць не высокім паказчыкам, а нормай паўсядзённай працы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.