Экстремальный фестиваль на открытом воздухе

dsc_0071Так атрымалася, што кожны, хто наведаў свята, арганізатарамі якога выступілі Валерый Асоўскі, ДТСААФ, раённы камітэт ГА “БРСМ” пры падтрымцы райвыканкама, адчуў мора пазітыўных эмоцый.

Ужо загадзя ў сацыяльных сетках пачалося абмеркаванне фестывалю, асабліва сярод моладзі. Hot Hype Lepel — такую назву ён атрымаў. І, трэба сказаць, яна адпавядала таму, што адбывалася на тэрыторыі былога аэрадрома.
Ужо падыходзячы ў прызначаны час на свята, заўважыла шмат транспартных сродкаў з розных абласцей Беларусі і нават іншых краін. Лепяльчане і госці горада спяшаліся паназіраць за хуткаснымі аўтамабілямі і матацыкламі, атрымаць асалоду ад спаборніцтваў і атмасферы, якая панавала там на працягу амаль сутак.
Як толькі трапіла на фестывальную пляцоўку, заўважыла цікавасць адпачывальнікаў да пэўнага напітку. Каля палаткі выстаўлены граматы Яўгена Раманоўца, эксперта дэгустацыйнай камісіі міжнароднага прафесійнага конкурсу він. Акрамя гэтага, у 2008 годзе ён быў прызнаны лепшым спецыялістам вінаробства, у 2013 годзе ўзнагароджаны залатым медалём за сідр яблычны газіраваны з прыгожай назвай “Арлет “Шер-Шер”. Менавіта гэты напітак Яўген Сцяпанавіч і прапаноўваў удзельнікам фестывалю.
— Гэты сідр – натуральны і карысны, зроблены па старажытным рэцэпце. Прадукт распрацаваны ў інстытуце эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук БССР пад кіраўніцтвам акадэміка Аляксандра Вечара, доктара біялагічных навук, савецкага і беларускага біяхіміка раслін, акадэміка АН БССР. Я быў яго аспірантам. Акрамя гэтага, займаўся практычным вінаводствам на прадпрыемствах, — кажа Яўген Рамановец.
А вось Дзяніс Плісаў з пейнтбольнага клуба “Бабёр” з Віцебска да нас прыехаў з пейнтболам, лазертагам і цірам. Даўно сябруе з Валерыем Асоўскім, сумесна арганізоўваюць мерапрыемствы. Пра наш Лепель кажа толькі самыя лепшыя словы.
Заўважыла на траўцы і ўпрыгожаных кветачкамі поні, на якіх маленькія лепяльчане маглі пакатацца і сфатаграфавацца. Яны да нас прыбылі з Віцебска.
Здалёк бачна вялікая колькасць матацыклаў, якія пераліваюцца на сонцы. Удзельнікі фестывалю падыходзяць да двухколавых транспартных сродкаў, цікавяцца іх магутнасцю і прыгажосцю, фатаграфуюцца. Нямала сярод байкераў і прадстаўніц прыгожага полу. Некаторыя з іх прыехалі за рулём, а не ў якасці пасажырак. Дзяўчына на спартыўным матацыкле ў нас яшчэ выклікае здзіўленне і прыцягвае ўвагу. Я нават пазайздросціла іх адвазе. У рухах адчуваецца свабода і спакой. Яны не пасуюць перад цяжкасцямі, любяць адпачываць у палатках і падарожнічаць па краінах.
“Мотапрабег, мотазаезды, і, вядома, мотасябры”, — так апісваюць фестываль аматары двухколавых транспартных сродкаў і хуткай язды. Уладальнікі байкаў цікавяцца бліскучым хромам дэталяў і гучным ровам аб’ёмных матораў розных вытворцаў. Але больш за ўсё яны рады сустрэчы з сябрамі з іншых раёнаў і абласцей і новым знаёмствам.
dsc_0103Непадалёку заўважыла палатку з цікавай вопраткай, куды ў асноўным заходзілі гаспадары матацыклаў. Як аказалася, на Лепельшчыну прыехаў інтэрнэт-магазін мотаэкіпіроўкі, дзе прадавалі касцюмы, шлемы, пальчаткі і іншыя рэчы. Касцюм без абутку, падлічыла, абыдзецца ў трыста рублёў.
Асабліва відовішчна выязджалі байкеры роўнай калонай, якая расцягнулася на вялікую адлегласць і прыцягвала ўвагу кіроўцаў. Маршрут матацыклістаў праходзіў да касцёла Святога Казіміра, дзе ксёндз Уладзімір правёў невялікую службу і асвяціў спачатку шлемы, а потым і самі транспартныя сродкі.
Далей накіроўваюся да гандлёвых кропак. Звярнула ўвагу на яркі фуд-трак, дзе можна было набыць бульбу па-бельгійску, розныя сэндвічы. Як пазней даведалася, яны лідары года HoReCa-2019 у намінацыі “Фуд-трак”. У іх і набыла смачную бульбу з соусам за пяць рублёў. Па тэрыторыі фестывалю раскіданы фудкорты з вялікім выбарам страў. Каваманы набывалі духмяны напітак і з ім ішлі назіраць за спаборніцтвамі.
Шмат забаў было і для малых. Ім былі прапанаваны папкорн, салодкая вата, розныя цацкі. Асабліва прываблівалі дзяцей яркая надзіманая горка і батут. Многія спрабавалі паспаборнічаць на машынках на пульце.
dsc_0018 dsc_0022 dsc_0098А вось старшы повар Алеся Хамутова з вайсковай часці 22313, якая дыслакуецца ў Бароўцы, прапаноўвала жадаючым духмяную салдацкую кашу і чай, якія карысталіся папулярнасцю ў адпачывальнікаў.
Як адзначыў Павел Лямцаў, мерапрыемства такога кшталту планавалі правесці даўно. І вось разам з іншымі арганізатарамі яно ўдалося. Людзей ужо з самага пачатку — вялікая колькасць, усе ў добрым настроі, выказваюць удзячнасць. Месца зручнае сваім размяшчэннем — недалёка ад горада. Крыху, праўда, падвяло надвор’е. Планавалася размясціць сцэну ў іншым месцы, але з-за вялікай вільготнасці глебы давялося мяняць планы. Хочацца адзначыць, што ДТСААФ прапанаваў гэтую пляцоўку бясплатна, а таксама магчымасць пакатацца на картах.
Увесь час на сцэне расказвалі пра мерапрыемствы, якія будуць праходзіць, а таксама весялілі адпачывальнікаў Аляксей Ляшчоў і Павел Адахоўскі. Хлопцы ні на хвіліну не сціхалі, нават чымсьці нагадалі прафесійных вядучых радыё.
Здалёк заўважыла мікрааўтобус з вялікімі бутлямі вады, якую прапаноўвалі ў спякотны дзень Сяргей Дорахаў і Ганна Будзькова, і рабілі гэта бясплатна. За гэта ім вялікі дзякуй, бо на самой справе хацелася піць, асабліва пасля смачнай салёнай ежы.
Накіроўваюся на моцны музычны гук. Спачатку падумалася, што ўдалечыні працуе яшчэ адна сцэна. Аднак памылілася. На фестывалі праходзіў IV этап IV адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па аўтагуку і цюнінгу.
Прыцягнуў увагу гукавы аўтамабіль, укамплектаваны ад SWAT_CARAUDIO, гатовы здзіўляць прысутных выбухной хваляй кілаватаў гуку. Комплексная, сучасная сістэма аўтагуку на колах, магутнае спалучэнне дэцыбел і стыльнага дызайну аўтамабіля — усё гэта прываблівала ўвагу прысутных. За плячыма — велізарная колькасць фестываляў і выступленняў, гарадоў і краін.
Вячаслаў Надтачэй з Гомеля прадстаўляе федэрацыю аўтагукавога спорту EMMA-Belarus, займаецца любімай справай ужо 22 гады. Лепель уразіў яго сваёй прыгажосцю і гасціннасцю.
Вялікая колькасць удзельнікаў, некаторыя аўто могуць прымаць удзел у розных намінацыях: якасць гучання, гучнасць звонку і ўнутры транспартнага сродку, цюнінг і іншыя характарыстыкі.
Выбрала самы яркі аўтамабіль з вялікай колькасцю калонак, гаспадаром якога з’яўляецца Яўген Воранаў. Прыехаў з расійскага горада Кемерава. Адлегласць здзівіла больш за ўсё — чатыры з паловай тысячы кіламетраў. Васямнаццаць гадоў удзельнічае ў гэтым спаборніцтве.
— У кожнага мужчыны павінна быць хобі. Я вельмі люблю музыку, таму выбраў такі занятак у вольны час.
— Калі не сакрэт, чым займаецеся прафесійна?
— Эвакуацыяй аўто.
На яго транспартным сродку больш за 130 дынамікаў, 23 узмацняльнікі. Усё рабіў сам, толькі заказваў у атэлье абшыўку на сядзенні. А яшчэ гэтая машына можа рабіць дымавы эфект. Пакуль ехаў у Лепель, спыняўся ў Навасібірску, Чэлябінску. Наперадзе — Варонеж, Крым. Паўтара месяца падарожнічае Яўген, увесь водпуск у дарозе — і ад гэтага атрымлівае задавальненне.
Спытала, ці здараюцца цікавыя выпадкі.
— Так, бывае рознае. Часам на святлафоры кіроўца з суседняга транспартнага сродку выходзіць, падумаўшы, што хтосьці яму заехаў у аўто, — кажа Яўген.
Пакуль тут ідзе сумная для мяне работа — суддзі аглядаюць кожны транспартны сродак і штосьці пазначаюць на паперы. Накіроўваюся на самую далёкую пляцоўку, дзе гудуць маторы.
Поўным ходам ідзе дрэг-рэйсінг ад арганізатараў R2R (Racing 2 Region). Гэта гонка на паскарэнне, якая праводзіцца на прамой трасе. Асаблівую папулярнасць набыла ў ЗША, дзе праводзіцца ўжо больш за паўстагоддзя. Хуткасныя аўто спаборнічаюць, каб вызначыць самага лепшага. Звычайна траса мае даўжыню 402 метры. Улічваючы ўмовы дадзенай тэрыторыі, вырашылі скараціць да 201 метра.
Ігар Пятроў і Валянцін Маносаў з Віцебска, суддзі першай катэгорыі беларускай аўтамабільнай федэрацыі, на гэтым мерапрыемстве вырашалі, хто мацнейшы і хутчэйшы. Каманда R2R створана ў 2014 годзе, часта арганізоўвае спаборніцтвы ў Беларусі.
Пасля кваліфікацыйнага заезду суддзі вызначылі, хто з кім будзе змагацца. Некаторыя аўто рабілі па некалькі спроб, каб атрымаць лепшы час. А далей па алімпійскай сістэме пачаліся гонкі: машына з лепшым часам змагалася з аўто, якое паказала горшы час. І вось тут сярод балельшчыкаў пачалося абмеркаванне рухавікоў. Некаторыя нават пачалі спрачацца, якая мадэль лепей. Для сябе вызначыла, што ў гэтым спаборніцтве ні ад мадэлі, ні ад году выпуску не залежыць перамога. Прысутнічала на працягу ўсёй гонкі і сама не заўважыла, як стала каментаваць заезды. Напэўна, такая панавала атмасфера на пляцоўцы.
Пакуль ішла гонка, многія аўта- і мотааматары рэгістраваліся на свабодны заезд. Кожны меў магчымасць праверыць сваё аўто на трываласць. І жадаючых назбіралася нямала.
Як адзначыў Валянцін Маносаў: “Тэхніка не заўсёды можа вытрымаць такія здзекі, як спаборніцтвы па дрэг-рэйсінгу!” Так у некаторых заездах і атрымалася: моцныя аўтамабілі не даходзілі да фінішу.
Некалькі разоў здараўся і фальстарт — няправільна ўзяты старт, калі ўдзельнік пачаў рух раней пададзенай каманды. Асабліва крыўдна, калі бачыш, што транспартны сродак мог паказаць добры вынік.
Давялося пагутарыць з пераможцам дрэг-рэйсінгу — Юрыем Ковалем і яго механікам Ягорам Панчанкам. Хлопцы прыехалі да нас з Мінска, каб паказаць майстэрства. Subaru-Impreza 1997 года выпуску, аўто Юрыя, прызнана самым хуткім у гэтых спаборніцтвах.
У транспартным сродку заменена практычна ўсё. Не надта разумею ў тэхніцы, але лічбы вялікія і для мяне. Першапачаткова магутнасць рухавіка складала 250 конскіх сіл, цяпер — 900. На колах — 740. Аўтааматары адразу ўявяць сабе моц гэтага аўто. Як адзначылі спартсмены, у аўтатранспарт укладзена каля 15 тысяч долараў, каб ён стаў такім хуткім.
Спачатку Юрый займаўся мотакросам, з цягам часу перасеў на аўто. З тэхнікай сябруе з дзяцінства. У мінулым годзе ездзілі на падобны фестываль у Літву. Уражанні ад лепельскага краю самыя добрыя, адзначаюць гасцінны прыём і вялікую цікавасць мясцовага насельніцтва да хуткаснай тэхнікі.
На пытанне, ці часта спыняе ДАІ, адказалі, што больш з мэтай пацікавіцца пра характарыстыкі машыны.
А вось бліжэй да вечара аматары жывой музыкі сабралася тут, каб атрымаць асалоду ад выступленняў любімых артыстаў. На працягу ўсяго мерапрыемства ў паветры панавалі прыязнасць і добры настрой. З запалам весяліліся ўдзельнікі фестывалю да самай раніцы. Асабліва гучныя воклічы разносіліся па наваколлі ў час салюту і фаершоу.
Музыка аб’ядноўвае, але галоўнае, на мой погляд, людзі і новыя сустрэчы. Ад прысутных пачула толькі добрыя водгукі і падзяку арганізатарам мерапрыемства за створанае сапраўднае свята.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.