Если бы можно было, с полигона не выезжали бы до самого дембеля

img_3958 191-я група артылерыі, як і шэраг іншых падраздзяленняў 19-й гвардзейскай механізаванай брыгады, прымала актыўны ўдзел у вучэннях “Захад-2017”. А зараз салдаты і афіцэры заняты рамонтам і абслугоўваннем баявой тэхнікі, пастаноўкай яе на доўгачасовае захоўванне. Вось як убачыў гэты працэс сам аўтар.

У парку баявых машын, як заўсёды, у сярэдзіне дня было даволі ажыўлена. Перад брамамі боксаў стаялі тры самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі 2С1 “Гваздзік”. Крайнюю правую салдат абліваў вадой з абмывальніка “Kercher”. Адразу ўспомніўся час уласнай службы, калі падобным чынам трэба было вымываць тэхніку пасля вяртання з палігона. З адным толькі адрозненнем — імпартнага абсталявання ў нас не было. Добра, калі працавала падача вады і струменем са шланга можна было абмыць машыну. А так — вядро з анучамі ў рукі — і наперад! Пры гэтым трэба было абавязкова вымыць і вычысціць усе поласці і злучэнні, механікі-вадзіцелі мучыліся, адчышчаючы тракі, выбіваючы з іх спрасаваны грунт, каменьчыкі.
img_3956— Як працэс ідзе? — пытаюся ў салдата з абмывальнікам.
— Супер! — з энтузіязмам адказвае. — Струмень вады настолькі моцны, што адмывае не толькі бруд, зямлю — сцякае і мазут, а месцамі нават і фарба адлятае. Здорава!
— А вас як завуць і адкуль вы?
— Яфрэйтар Максім Красноў, з Ушацкага раёна.
— Сусед! Прыемна пазнаёміцца.
— Служу механікам-вадзіцелем гэтай самаходкі. Зараз абмываю яе, а потым займуся тэхнічным абслугоўваннем.
Адзначыў пра сябе, што на грунтоўнае, дасканалае абмыванне самаходкі з дапамогай “Kercherа” спатрэбілася не больш як паўгадзіны. У ранейшыя часы на гэтыя аперацыі затрачвалася да паловы дня — вось што значыць тэхнічны прагрэс!
Навокал працавалі іншыя салдаты. Падышоў да афіцэра, папрасіў прадставіцца.
— Старшы лейтэнант Максім Войцік, камандзір першай батарэі першага дывізіёна 191-й групы артылерыі.
— Як вашы байцы праявілі сябе пад час апошніх вучэнняў?
— Выдатна. Як і заўсёды. Група пастаянна ўдзельнічае ў розных вучэннях, палявых выхадах, таму падобныя мерапрыемствы для нас — звыклая справа. Усе маюць неабходны досвед, таму праблем няма. Праўда, хацелася б, каб у падраздзяленні служыла больш кантрактнікаў.
— Чаму?
— Уявіце сабе, прыйшоў да нас малады салдат, пасля вучэбкі. Спатрэбіцца некалькі месяцаў, пакуль ён на дастатковым узроўні асвоіць спецыяльнасць, навучыцца ўпраўляцца з тэхнікай. Праз яшчэ месяцы два-тры салдат стане сапраўдным спецыялістам, майстрам сваёй справы, а тут раз — і ў запас. На яго месца прыходзіць новы баец, і ўвесь працэс навучання пачынаем з самага пачатку. А кантрактнік-прафесіянал застаецца і служыць. На сёння ў батарэі толькі адзін старшы сяржант кантрактнай службы камандзір гарматы Сяргей Мялешка. Астатнім салдатам, якія добра праявілі сябе пад час тэрміновай службы, прапаную заставацца на кантракт. Пажывём — пабачым.
Запуск рухавіка самаходнай устаноўкі, як заўсёды, быў абсалютна нечаканым, ад моцнага гуку міжволі прысеў. Магутны васьміцыліндравы рухавік упэўнена выдаваў конскія сілы моцы, каб шматтонная машына ехала роўна і плаўна. Механік-вадзіцель сеў за штурвал, каб загнаць машыну заднім ходам у бокс. Але ж са свайго месца ён ніяк не ўбачыць, што робіцца ззаду, куды ехаць. На дапамогу прыходзіць напарнік, які ідзе паперадзе і сігналамі паказвае, што рабіць, куды павярнуць, калі затармазіць. Стальная махіна плаўна, без рыўкоў і штуршкоў заязджае ў браму і займае сваё месца.
Далей вяду гаворку з двума салдатамі, сябрамі. Прадстаўляецца першы:
— Раман Барысаў, яфрэйтар, механік-вадзіцель камандна-штабной машыны (КШМ) на базе гусенічнага цягача МТЛБ. З яе ажыццяўляецца кіраванне ўсёй батарэяй.
— Андрэй Зубаў, радавы, механік-вадзіцель самаходнай артылерыйскай устаноўкі 2С1 “Гваздзік”.
Хлопцы ўжо амаль завяршаюць тэрміновую вайсковую службу, у лістападзе ім звальняцца ў запас. Абое былі прызваны спачатку ў 72-і аб’яднаны вучэбны цэнтр у Пячах Барысаўскага раёна, а потым былі размеркаваны ў 191-ю групу артылерыі. За час службы на Лепельшчыне яны ўжо па пяць разоў выязджалі на палігоны для ўдзелу ў розных вучэннях. Расказвае Раман Барысаў:
— У канцы жніўня мы знаходзіліся на палігоне пад Асіповічамі, праводзілі стральбу штатнымі боепрыпасамі. Толькі вярнуліся назад, заехалі эшалонам у Заслонава — нас адправілі ў боксы, перафарбавалі машыны ў камуфляж, і зноў на палігон. На гэты раз пад Барысаў, на “Захад-2017”.
— Дарэчы, пра камуфляж. З вашага досведу, наколькі гэтыя светлыя і цёмныя плямы, нанесеныя на карпусы самаходак, эфектыўныя?
— Спачатку адносіўся да гэтых “мастацтваў” скептычна, маўляў, і так машына мае колер хакі, навошта яшчэ нешта мудрагеліць? Калі трэба, на пазіцыі яшчэ можна прымаскіраваць галлём і яловымі лапкамі. Аднак гэтыя плямы сапраўды вельмі дапамагалі прымаскіраваць машыны. Я глядзеў у прыборы, дальнамеры і бусолі — каб разгледзець машыну ў камуфляжнай расфарбоўцы на фоне лесу, кустоўя, трэба было пільна, уважліва прыгледзецца. Так што атрымалася танна і разам з тым эфектыўна.
— Раней у механікі-вадзіцелі самаходак і гусенічных машын набіралі пераважна прызыўнікоў з правамі трактарыстаў, маўляў, ім будзе лягчэй асвойваць ваенную тэхніку.
— Зараз трактарыстаў у войску няшмат. Мы з Андрэем да прызыву паспелі вывучыцца толькі на аўтамабілістаў катэгорыі “В” (легкавыя машыны). Але нічога, у войску асвоілі і спецыяльнасці мехводаў. Калі ў чалавека ёсць схільнасці да авалодання тэхнікай, то ён зможа кіраваць і самаходкай.
— Чым запомніліся апошнія вучэнні?
— Самым цяжкім было адстаяць свой лагер, — нечаканымі словамі здзівіў Андрэй.
— Патлумач, калі ласка.
— Паводле задумы вучэнняў, нашымі ворагамі былі дыверсанты, бандыты і тэрарысты. Іх ролю выконвалі нашы разведчыкі. А іх тактыка — ноччу ці ў іншы зручны для іх момант напасці на нас і малымі сіламі нанесці максімальны ўрон. Вось ноччу і шасталі яны вакол нашага лагера, спрабавалі падабрацца бліжэй і кінуць гранату ці замініраваць што-небудзь. Служба была надзвычай напружанай. Днём выконвалі заданні, займалі пазіцыі, праводзілі стрэльбы, а па начах неслі каравульную службу. Мы ўсе мелі сваё штатнае ўзбраенне, аўтаматы, кулямёты, вінтоўкі, нам да іх выдавалі халастыя патроны. Як заўважалі “бандыта”, падымалі трывогу, стралялі. Бывала, што за ноч па два-тры разы спробы вылазак прыпынялі. А аднойчы “тэрарысты” напалі на нас сярод белага дня, зладзілі засаду па дарозе ад месца стаянкі да агнявых пазіцый. Давялося прымаць бой і адбіваць напад. Паспяхова адваявалі. Затое экстрыму і адрэналіну хапіла.
— Зараз вы ў сваёй часці, ежу прымаеце ў сталоўцы, спаць кладзецеся ў казарме, на койках. Тут больш камфортна, чым на палігоне…
— Тут, у часці, час цягнецца марудна, нават нудна. А там, на баявых пазіцыях, у лагеры, у перыяд пераходаў час не проста ідзе, а пралятае. Незаўважна, хутка. Азірнуцца не паспееш, як палявы выхад ужо завершаны. Ведаеце, калі б можна было, з палігона не выязджалі б да самага дэмбеля.
На здымках: сябры-мехводы Раман Барысаў і Андрэй Зубаў; асабовы састаў першай батарэі першага дывізіёна 191-й групы артылерыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.