Это природно-очаговая инфекция, которая представляет серьезную опасность как для животных, так и для человека

simptomy Практычна кожны чалавек ведае аб тым, наколькі небяспечнае захворванне шаленствам. Гэта прыродна-ачаговая інфекцыя, якая ўяўляе сур’ёзную небяспеку як для жывёл, так і для чалавека.

У Сусветны дзень барацьбы з шаленствам асаблівая ўвага ўдзяляецца наступствам гэтага захворвання ў людзей, жывёл і таму, як прадухіліць і спыніць шаленства, ведучы барацьбу з гэтай хваробай. Больш падрабязна размова на гэту тэму пойдзе ў нашым інтэрв’ю з загадчыцай аддзела эпідэміялогіі ДУ “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Наталляй Паборцавай.
— Наталля Віктараўна, што з’яўляецца крыніцай шаленства і наколькі небяспечнае гэта захворванне?
— Крыніца шаленства — дзікая жывёла, якая заразілася ў прыродным асяроддзі, а таксама хатняя, якая падверглася нападу з боку іншай хворай жывёлы — дзікай або хатняй. Ад хворых жывёл адбываецца заражэнне чалавека.
Шаленствам хварэюць практычна ўсе віды наземных млекакормячых жывёл, у першую чаргу драпежныя — сямействы сабачыя, кашачыя, куніцавыя, янотавыя і іншыя. Могуць таксама захварэць птушкі, грызуны і лятучыя мышы.
Па ацэнцы экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя гэта захворванне рэгіструецца на тэрыторыях 167 краін свету і штогод забірае жыцці 55 тысяч грамадзян — у сярэднім кожныя дзесяць хвілін памірае адзін чалавек. Больш за дзесяць мільёнаў грамадзян у свеце кожны год атрымліваюць разнастайныя пашкоджанні ад жывёл і больш за чатыры мільёны — спецыфічную антырабічную дапамогу.
— Наколькі небяспечная сітуацыя з шаленствам у нашай краіне і, у прыватнасці, у нашым раёне?
— Рэспубліка Беларусь уваходзіць у лік краін энзаатычных па шаленстве жывёл, дзе працяглы час працякае эпізаатыя шаленства прыроднага тыпу. У цяперашні час работа па прафілактыцы шаленства вядзецца ў адпаведнасці з Комплексным планам мерапрыемстваў па прафілактыцы шаленства ў Рэспубліцы Беларусь у 2016 — 2020 гадах.
У Лепельскім раёне сёлета захворванні шаленствам па-ранейшаму выяўляюцца. Адзін выпадак захворвання зарэгістраваны ў янота ў вёсцы Паддуб’е. За мінулы год зарэгістравана дзесяць выпадкаў шаленства — у шасці янотападобных сабак у вёсках Несена, Матырына, Старыя Валосавічы, Батукалава, Суша, Радунь і чатырох лісоў — у аграгарадку Чарэйшчына, вёсках Ладзеена, Фатынь і Забаенне.
За бягучы перыяд сёлета ў арганізацыі аховы здароўя за антырабічнай дапамогай звярнулася 46 чалавек, сярод якіх 29 гарадскіх жыхароў і сямнаццаць сельскіх.
Ад кантакту з дзікімі жывёламі — свіннёй, ваўчаняці, трусам, марской свінкай і аленем — пацярпела пяцёра чалавек. У горадзе ж крыніцай інфекцыі часцей за ўсё бывае безнаглядная жывёла.
Усім грамадзянам, каму было патрэбна, прызначаны адпаведны курс прафілактычных прышчэпак. Прызначэнне на антырабічныя прышчэпкі атрымала 46 пацярпелых.
— Якім жа чынам адбываецца заражэнне чалавека шаленствам?
— Пры ўкусах, абдрапванні і абсліньванні хворай жывёлай, пры траплянні сліны жывёлы на слізістыя абалонкі вачэй, носу, роту, а таксама на пашкоджаныя скураныя пакровы, пры датыканні да жывёлы або яе трупу, зняцці шкуры або разбіранні тушы хворай жывёлы.
— Наталля Віктараўна, раскажыце, калі ласка, аб мерах прафілактыкі шаленства.
— Вельмі важна своечасова рабіць прышчэпкі супраць шаленства хатнім сабакам і катам. Яны праводзяцца ў лячэбнай прафілактычнай установе “Лепельская раённая ветэрынарная станцыя” па вуліцы Савецкая, 152 (тэлефон 4-17-59).
Выгульваць хатніх жывёл трэба ў намордніку або на павадку, не дапускаць іх зносін з безнагляднымі жывёламі. Не трэба забіваць хатнюю жывёлу, якая пакусала чалавека, паколькі за ёй павінна быць устаноўлена дзесяцідзённае ветэрынарнае назіранне. Вельмі важна пазбягаць кантактаў з дзікімі жывёламі, не датыкацца да трупаў загінулых жывёл. Пры якіх-небудзь змяненнях у паводзінах хатніх жывёл, іх пакусах іншымі неабходна хутка звярнуцца да ветэрынарнага ўрача.
— Што ж рабіць у выпадку, калі жывёла пакусала чалавека?
— У першую чаргу трэба зрабіць першасную апрацоўку раны — пільна прамыць яе паверхню на працягу не менш за 15 хвілін струменем вады з мылам, апрацаваць краі раны пяціпрацэнтнай настойкай ёду, накласці стэрыльную павязку і хутка звярнуцца ў медыцынскую ўстанову. Толькі ўрач — хірург, траўматолаг — зможа ацаніць рызыку магчымага заражэння вірусам шаленства і пры неабходнасці прызначыць прышчэпачны курс.
Жыхары горада і раёна кругласутачна маюць магчымасць звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” па адрасе: г. Лепель, вул. Шпітальная, 2, або па тэлефоне 4-85-88.
Вельмі важна памятаць, што вакцынацыя — гэта адзіны сродак папярэджання смяротнага зыходу шаленства. Самавольнае лячэнне або спыненне курсу вакцынацыі можа прывесці да трагічных наступстваў.
Інтэрв’ю правяла
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.