«Фарбы нябёсаў»

З непаўторнымі творамі лепельскіх майстроў раённага Цэнтра рамёстваў знаёмыя не толькі жыхары Лепельшчыны, а і шматлікія прыхільнікі мастацтва з усёй рэспублікі і краін замежжа. Штогод лепельскія ўмельцы і майстры праслаўляюць наш раён у шэрагу прэстыжных творчых конкурсаў.
Сёлета майстры раённага Цэнтра рамёстваў у чарговы раз прынялі ўдзел у выставе “Горад майстроў”, якая па традыцыі праходзіць у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Беларускія народныя строі, прыгажуні-лялькі, тканыя паясы, вырабы з саломкі, гліны, габелен, каларытная вышыўка проста захапілі шматлікіх гасцей. Многія работы аматары мастацтва ахвотна набывалі на памяць.
А вось лепельская майстрыха Вольга Ганчар прыняла ўдзел у міжнародным свяце-конкурсе майстроў традыцыйнага і сучаснага мастацкага роспісу “Фарбы нябёсаў”, які праходзіў у рамках “Славянскага базару”. Кожны з удзельнікаў павінен быў прадставіцьхатнюю калекцыю — работы, падрыхтаваныя зага­дзя, а таксама тут жа зрабіць пэўны твор. З сабой Вольга прывезла шэраг непаўторных твораў, выкананых у тэхніцы “Роспіс па шкле”. Гледачоў уразілі распісаныя карціны, пано, бутэлькі… У другім жа этапе конкурсу лепельская майстрыха распісала сундук па матывах беларускага роспісу. Твор не пакі­нуў раўнадушным не толькі гасцей, а і членаў журы. Па выніках конкурсу Вольга ўзнагароджана Дыпломам у намінацыі “Роспіс па дрэве” і каштоўным падарункам.
Нашы майстры прывезлі з фестывалю шмат цёплых успамінаў, але з не меншай цеплынёй гледачы ўспомняць мілую, сінявокую Лепельшчыну, бо час­цінка яе жыве ў кожным творы.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.