Фарсіраванне воднай перашкоды

За некалькі кіламетраў на захад ад вёскі Рожна, на шашы Мінск — Віцебск, каля моста цераз раку Бярэзіну ў 1975 годзе быў устаноўлены помнік: камень-валун, на які прымацавана мармуровая дошка з надпісам-інфармацыяй. Справа ў тым, што менавіта ў гэтым месцы 30 чэрвеня 1944 года пры навядзенні пераправы цераз раку Бярэзіна вызначыўся гвардыі радавы сапёрнага батальёна Віктар Кладзіеў. Ура­джэнец вёскі Астапаўка Новааскольскага раёна Белгарадскай вобласці, які з 1941 года ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у ходзе выканання работ па зладкаванні пераправы нашых войскаў на правы бераг ракі быў паранены, але працягваў знаходзіцца на полі бою, выконваць свае абавязкі, асабістым прыкладам натхняў байцоў на выкананне баявога задання. На жаль, Віктар Сцяпанавіч загінуў у гэты ж дзень пры налёце варожай авіяцыі. За здзейснены подзвіг Віктару Кла­дзіеву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пахаваны патрыёт Айчыны ў цэнтры вёскі Крайцы ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, дзе знайшлі свой вечны спачын 37 воінаў 1-га стралковага корпуса 43-ай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту і байцоў партызанскіх злучэнняў, якія былі забітыя ў чэрвені 1944 года ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1962 годзе на брацкай магіле быў пастаўлены помнік — скульптура воіна.
— 28 чэрвеня 1944 года перадавыя часці нашай арміі падышлі блізка да Бярэзіны, — успамінаў аб падзеях тых векапомных дзён Маршал Савецкага Саюза Мікалай Крылоў, які ў чэрвені 1944 года камандаваў 5-ай гвардзейскай танкавай арміяй 1-га Прыбалтыйскага фронту. — Правафланговая 7-ая гвардзейская мех­брыгада 3-га гвардзейскага Сталінградскага мехкорпуса, праследуючы часці 201-ай нямецкай ахоўнай дывізіі, гнала іх у балота ля возера Плаўна, дзе з поў­начы, з боку Мядзвёдаўкі і Зацяклясся ім наносілі адчувальныя ўдары атрады 1-ай Смаленскай партызанскай брыгады пад камандаваннем У.І. Целішчэўскага.
Стаяла незвычайна цяжкая задача — фарсіраваць раку Бярэзіну, шырока пакрытую непраходнымі лясамі, багністымі балотамі.
На Бягомльскім напрамку наступала 277-ая стралковая дывізія. Батальён пад камандаваннем капітана І.П. Луева выйшаў да Бярэзіны, аднак быў спынены агнём праціўніка з боку Кальніка, Бабцаў і на поў­дзень ад моста. Тут нашы воіны напаткалі разведчыкаў аднаго з атрадаў партызанскай брыгады “Жалязняк”, якія былі накіраваны камандаваннем для сустрэчы часцей Чырвонай арміі.
4-ая стралковая рота 850-га стралковага палка, якой камандаваў старшы лейтэнант Шчукін, дзве гадзіны вяла бой за шасэйны мост, але захапіць яго так і не змагла.
Рэшткі Лепельскага гарнізона і іншых нямецкіх часцей, якія адышлі, а таксама 720-ы пяхотны і 391-ы ахоўны палкі абаранялі Кальнік, Бабцы і астравок на поўдзень ад шасэ. Стала зразумела, што ў гэтай, з багністымі балотамі мясцовасці, у раёне шасэйнага моста Бярэзіну фарсіраваць не ўдасца, і трэба гэтыя месцы абысці з дапамогай партызан, ударыць з фланга і тылу. Камандзір 177-ай стралковай дывізіі загадаў 854-му стралковаму палку наступаць уздоўж шашы Мінск — Віцебск і актыўнымі дзеяннямі скоўваць праціў­ніка, а 850-му палку — рухацца за два-тры кіламетры на поўнач ад шасэ, прайсці па балотах да Бярэзіны і там фарсіраваць яе галоўнымі сіламі.
У тую ж раніцу партызанскімі сцежкамі, патанаючы па калена ў балотнай жыжцы, 850-ы полк накіраваўся ў абход нямецкай абароны. На гэтым напрамку Бярэзіна мае чатыры забалочаныя пратокі, кожная каля 30 метраў. Усю зброю, боепрыпасы, абмун­дзіраванне байцы неслі на сабе, аж да самых лёгкіх пераплавачных сродкаў. Апусціўся змрок, калі стралковыя роты ціха фарсіравалі Бярэзіну, быццам гром сярод яснага неба ўдарылі па ворагу. За батальёнам І.П. Луева пераправіліся астатнія воінскія злучэнні палка.
Партызаны брыгады “Жалязняк” на поўнач ад возера Палік захапілі пераправу цераз Бярэзіну, да падыходу часцей 35-ай танкавай брыгады генерала А.А. Асланава хутка навялі два масты, па якіх пераправі­ліся 35-ая танкавая брыгада, а таксама 8-ая і 9-ая гвардзейскія механізаваныя брыгады 3-га Сталінградскага мехкорпуса.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.