Кантроль і прафілактыка

У летні перыяд, калі пераважае спякотнае над­вор’е, асабліва ўзрастае рызыка заражэння вост­рымі кішэчнымі інфекцыямі, узнікнення харчовых атручванняў чалавека. Прафілактыка гэтых хвароб, меры барацьбы з імі заўсёды знаходзяцца на павестцы дня работнікаў медыцыны, у прыватнасці, дзяржаўнай установы “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэ­міялогіі”.
Тэме выканання Комплекснага плана мерапрыемстваў па прафілактыцы вострых кішэчных інфекцый і харчовых атручванняў сярод насельніцтва Лепельскага раёна было прысвечана выступленне загадчыцы аддзела эпідэміялогіі ДУ “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Наталлі Паборцавай. У прыватнасці, Наталля Віктараўна адзначыла, што ў агульнай структуры інфекцыйных захворванняў па Лепельскім раёне вострыя кішэчныя інфекцыі штогод складаюць 0, 25-0, 29 працэнта і знахо­дзяцца на чацвёртым месцы пасля вострых рэспіраторных вірусных інфекцый, венерычных, скураных заразных захворванняў і гельмінтозаў. Гэта тэндэнцыя захоўваецца і на працягу сямі месяцаў бягучага года.
Сёлета за сем месяцаў адзначаецца павелічэнне па агульнай суме вострых кішэчных інфекцыйных захворванняў на 26,3 працэнта за лік росту захворванняў вострымі кішэчнымі інфекцыямі ўстаноўленай этыялогіі, выкліканымі рота- і энтара­вірусамі.
Выпадкаў захворванняў дызентэрыяй не зарэгістравана, за такі ж перыяд мінулага года ўзнік адзін выпадак дызентэрыі Флекснера.
У асноўным захворванні вострымі кішэчнымі інфекцыямі насілі спарадычны характар, за выключэннем двух выпадкаў інфекцый неўстаноўленай этыялогіі, зарэгістраваных у дзяржаўнай установе “Бароўскі яслі-сад”, а таксама двух выпадках вострых кішэчных інфекцый, выкліканых энтаравірусамі ў хатнім ачагу г.Лепеля. Па даных выпадках захворванняў праведзены санітарна-эпідэміялагічныя расследаванні з прыняццем адпаведных мер.
У 90 працэнтах выпадкаў заражэнне адбывалася ў хатніх ачагах. Распаўсюджанасць вострых кішэчных інфекцый сярод гарадскога насель­ніцтва ў 1,3 раза вышэй, чым сярод сельскага.
Рост захворванняў кішэчнымі інфекцыямі адзначаецца сярод дзяцей ва ўзросце ад нуля да трох гадоў і складае 82,7 працэнта. У структуры хворых па сацыяльных групах пераважаюць неарганізаваныя дзеці (57,8 працэнта), дзеці, якія наведваюць дашкольныя ўстановы, у 31,5 працэнта выпадкаў, а таксама работнікі, якія не адносяцца да эпідзначнага кантынгенту, у 10,5 працэнта.
Найбольш значнымі фактарамі перадачы вострых кішэчных інфекцый з’яўляюцца кантактна-бытавы шлях (41,3 працэнта), садавіна, гародніна, ягады (31 працэнт), у 5,2 працэнта выпадкаў заражэнне наступіла па прычыне ўжывання сапсаваных салатаў хатняга прыгатавання, у такой жа колькасці працэнтаў вострыя кішэчныя інфекцыі трапілі ў арганізм з-за ўжывання мясных прадуктаў, у 5,2 працэнта — іншых харчовых прадуктаў, у 12,7 працэнта выпадкаў прычыны захворвання не ўстаноўлены.
Для таго, каб прадухіліць шэраг вострых кішэчных інфекцый, работнікамі санітарна-эпідэміялагічнай службы прымаецца шэраг прафілактычных мер. З мэтай кантролю за ўзроўнем захворванняў праводзяцца аператыўны і рэтраспектыўны аналізы заражэння вострымі кішэчнымі інфекцыямі. Акрамя даных аб хваробах, аналізуюцца мікрабіялагічныя лабараторныя паказчыкі асяроддзя пражывання. Так, за сем месяцаў бягучага года як у парадку дзяржнагляду, так і па вытворчым кантролі даследавана адна тысяча 124 пробы вады водаправоднай, сярод якіх былі выяўлены чатыры нестандартных, 280 проб вады з крыніц нецэнтралізаванага водазабеспячэння, сем з якіх не адпавядаюць тэхнічным нарматыўным прававым актам. Было даследавана таксама 88 проб адкрытых вадаёмаў, сярод якіх нестандартных не выяўлена. Праведзены таксама даследаванні адной тысячы трыццаці трох проб харчовых прадуктаў, усе з якіх адпавядаюць тэхнічным нарматыўным прававым актам. Узяты 588 проб змываў на патагенную мікрафлору, сярод якіх нестандартных няма. Зроблены пробы і з трох тысяч 616 змываў з абсталявання, аб’ектаў і інвентару на эпідэмічна значных аб’ектах з выдзяленнем санітарна-паказальнай мікрафлоры — 22, сярод якіх шаснаццаць — у дашкольных установах і шэсць — у харчблоках арганізацыяй аховы здароўя. Па іх вы­ніках таксама прыняты адпаведныя меры.
У выпадку пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі распрацоўваюцца аператыўныя планы мерапрыемстваў. У раёне вызначаны эпідэмічна значныя аб’екты, якія былі ацэнены па групах эпідпрыналежнасці. Распрацаваны альтэрнатыўныя карты забеспячэння прадуктамі харчавання і водазабеспячэннем насельніцтва Лепельскага раёна.
Спецыялістамі эпідэміялагічнай службы вядуцца каардынацыя і кантроль работы немедыцынскіх ведамстваў і служб, арганізацый аховы здароўя па прафілактыцы вострых кішэчных інфекцый.
Па Лепельскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі выдадзены загад “Аб умацаванні мерапрыемстваў па прафілактыцы вострых кішэчных інфекцый” . Гэтым загадам зацверджаны склад санітарна-проціэпідэмічных брыгад па рэагаванні на ўзнікненне эпідускладненняў, схема апавяшчэння саставу аператыўных са­нітарна-проціэпідэмічных брыгад у працоўны і непрацоўны час, а таксама функцыянальныя абавязкі АСПБ.
Аддзелам эпідэміялогіі па кожным выпадку зарэгістраванага інфекцыйнага захворвання вядзецца эпідэміялагічнае расследаванне з прыняццем рашэнняў па арганізацыі проціэпідэмічных мерапрыемстваў. Па кожным выпадку ўзнікнення вострай кішэчнай інфекцыі, звязанага са знаходжаннем у арганізаваным калектыве, ужываннем прадуктаў харчавання, выпушчаных або рэалізаваных на прадпрыемствах гандлю і харчавання, вя­дзецца санітарна-эпідэміялагічнае абследаванне да­дзеных аб’­ектаў. З 2012 года па цяперашні час праведзена шэсць абследаванняў па эпідэміялагічных паказчыках. У выніку былі аштрафаваны чатыры загадчыцы дзіцячых дашкольных устаноў на суму адзін мільён 890 тысяч рублёў, а таксама трое работнікаў грамадскага харчавання на суму адзін мільён 820 тысяч. Падрыхтавана шэсць прадпісанняў аб ухіленні парушэнняў, сем інфармацый у ведамствы і тры хадайніцтвы аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці.
Лепельскім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі праводзяцца планавыя і пазапланавыя абследаванні эпідэмічна значных аб’ектаў. На працягу 2012 года планава і пазапланава было праведзена 123 абследаванні суб’ектаў гаспадарання і 226 маніторынгаў. За выяўленыя парушэнні аштрафавана 326 асоб на суму 96 мільёнаў 500 тысяч рублёў. За мінулы год праведзены 181 праверка і 348 маніторынгаў, складзена 222 пратаколы на суму 136 мільёнаў 300 тысяч рублёў. За сем месяцаў бягучага года адбылося 119 праверак, 422 маніторынгі, у выніку якіх складзена 130 пратаколаў аб адміністрацыйным парушэнні на суму 92 мільёны 355 тысяч рублёў. Штогод вядзецца праверка арганізацый аховы здароўя па своечасовасці і паўнаце дыягностыкі вострых кішэчных інфекцый, гатоўнасці работы пры пагаршэнні эпідэміялагічнай сітуацыі. Вынікі гэтай работы разглядаюцца на пасяджэннях медыка-санітарных Саветаў.
У Лепельскім раёне распрацаваны Комплексны план мерапрыемстваў па прафілактыцы вострых кішэчных захворванняў, вірусных гепатытаў і папярэджанні харчовых атручванняў сярод насельніцтва Лепельскага раёна на 2011 — 2015 гады. На пачатак бягучага года праведзены карэкціроўка і аналіз выканання плана. Зроблена таксама ацэнка эпідэміялагічнай надзейнасці аб’ектаў нагляду і стану водазабеспячэння насельніцтва Лепельскага раёна.
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.