Падлетак паслізіўся — працягні руку дапамогі

587i91385966366Малады чалавек толькі ступае на самастойную жыццёвую сцяжынку. Усё лепшае наперадзе. І горшае таксама. — Некаторыя юнакі і дзяўчаты, падлеткі трапляюць у багну правапарушэнняў. І тады ўжо пазнавата біць трывогу. Працэс перавыхавання вельмі цяжкі і працяглы па часе. Дык вось, аналіз звестак аб стане злачыннасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх пераканаўча ўказвае на тое, што ў першым паўгоддзі праваахоўнымі і дзяржаўнымі органамі, грамадскімі фарміраваннямі Лепельшчыны праведзена пэўная работа, накіраваная на прадухіленне здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў, прапаганду законапаслухмяных паводзін і здаровага ладу жыцця ў мола­дзевым асяроддзі. Падлеткамі здзейснена тры злачынствы, што на пяць або на 62,5% менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года. Удзельная вага падлеткавай злачыннасці склала 2,9 працэнта пры сярэднеабласным паказчыку тры і рэспубліканскім — 3,8. У структуры злачыннасці асноўнымі відамі супрацьпраўных замахаў з’яўляецца іх карыслівая накіраванасць.
У сёлетнім сакавіку праверана выкананне камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама заканадаўства аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці непаўналетніх. Пры разглядзе матэрыялаў дапускаліся пэўныя парушэнні адміністрацыйна-працэсуальнага заканадаўства.
А як спрацавала на аналізуемым адрэзку часу інспекцыя па справах непаўналетніх (ІСН) раённага ад­дзела ўнутраных спраў у рамках прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, а таксама пры вядзенні працэсу па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях у іх адносінах? У належнай меры не выконваліся патрабаванні Інструкцыі аб парадку арганізацыі дзейнасці органаў унутраных спраў у пазначаным напрамку. Паводле п. 9.2. Інструкцыі пасля пастаноўкі на ўлік падлеткаў супрацоўнікі ІСН праводзяць гутаркі з бацькамі, апекунамі цi папячыцелямі. Размовы афармляліся ў выглядзе тлумачэнняў, асобам растлумачваліся палажэнні п.4 арт. 10 КПК Рэспублікі Беларусь, што з’яўлялася незаконным. Бацькі папярэджваліся: ў выпадку здзяйснення паўторнага правапарушэння будзе вырашацца пытанне аб накіраванні падлеткаў, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання, у спецыяльную ўстанову. Гэта супярэчыла патрабаванням арт.14 Закона, які прадугледжвае іншы парадак і падставы накіравання.
Дарэчы, індывідуальныя прафілактычныя мерапрыемствы па многіх справах праводзіліся няякасна, адной з асноўных форм дзейнасці падраздзялення сталі фармальныя гутаркі. Прыклады? Іх дастаткова. Скажам, за ўвесь час знаходжання непаўналетняга П. Міронавіча на ўліку ў інспекцыі з лістапада 2013 года ў сувязі з учыненнем злачынства з ім праведзена пяць прафілактычных гутарак — па адной у кожным месяцы. І на тым пастаўлена кропка.
Непаўналетні В. Шашкоў таксама быў пад наглядам у інспекцыі. “Ну, і што?” — скажа чытач. І мы пага­дзімся. Эфект адмоўны, у рэшце, атрымаўся. З-за недастатковай прафілактычнай работы і не наладжанай сістэмы мерапрыемстваў з установамі адукацыі было здзейснена адміністрацыйнае правапарушэнне. Хлопец у далейшым быў адлічаны з аграрна-тэхнічнага каледжа за непаспяховасць.
Шкада, але работнікі інспекцыі на тую пару так і не знайшлі кропак узаемадзеяння з камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама, установамі адукацыі. Адсутнічалі дакументы, якія сведчаць аб правя­дзенні сумесных мерапрыемстваў. У справе Д. Голубева не было, напрыклад, дакументаў аб пацвяр­джэнні ўчынення адміністрацыйных правапарушэнняў, як пра гэта сказана ў рапарце ўчастковага інспектара.
Другі факт. У прафілактычнай справе Д. Кузьміча, у плане індывідуальна-прафілактычнай работы адсут­нічалі адзнакі аб выкананні плана. Вось і мяркуй, увасоблены ён ў рэальнасць ці наогул проста быў прымеркаваны “для галачкі” ў справаздачы.
І яшчэ важны складнік прафілактычнага патэнцыялу. Маю на ўвазе высвятленне ўзаемаадносін паміж членамі сям’і і ступені адмоўнага ўздзеяння на дзяцей, форм баўлення вольнага часу. Гэта тэарэтычны пасыл. Падмацуем прыкладам. У час праверкі не ўдалося адшукаць у справе таго ж Д.Голубева даных аб матэрыяльным становішчы сям’і, унутрысямейных стасунках. Звестак аб месцы працы, магчымай судзімасці бацькоў падуліковых А. Маеўскага і Д.Кузьміча таксама не аказалася. Указана толькі, што бацькі ў разводзе.
Інспектарамі належным чынам не вызначаліся сяброўскія сувязі падлеткаў. Справа К. Васіленкі наогул не ўтрымлівала матэрыялаў пра асоб, з якімі ён падтрымліваў сяброўскія стасункі. Паўсядзённыя кантакты непаўналетніх вывучаліся павярхоўна. Высвятляўся толькі адзін знаёмы, характар уплыву якога на падуліковых, зыходзячы з прафілактычнай справы, заўсёды быў станоўчы. У чым менавіта праяўляўся такі фактар уплыву, так і засталося, вобразна кажучы, тайнай за сямю пячаткамі. А непаўнагадовы А. Барашка падтрымліваў сяброўскія зносіны з раней судзімымі Д.У. Гурко і Р.Г. Марковічам. Даныя аб гэтых кантактах у прафілактычнай справе адсутнічалі. Адпаведна, пэўных прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне непажаданых стасункаў, не праводзілася.
Адной з яркіх праяў фармальнага падыходу да індывідуальнай прафілактыкі безнагляднасцi, беспры­тульнасцi і правапарушэнняў непаўналетніх з’яўлялася тое, што супрацоўнікамі ІСН Лепельскага РАУС не ажыццяўляўся належны кантроль за арганізацыяй у пазавучэбны час вольнага часу і часовай працоўнай занятасці падлеткаў, а таксама занятасці пад час летніх канікулаў.
Аб неэфектыўнасці прафілактычнага патэнцыялу сведчыць той факт, што з 71 падуліковага 28 асоб або 39,4 працэнта парушалі правілы дарожнага руху, у тым ліку 17 або 24 працэнты — у сувязі з правапарушэннем, прадугледжаным арт. 18.23 КаАП Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым самі падлеткі, іх бацькі характарызаваліся па месцы жыхарства, вучобы і працы, у асноўным, са станоўчага боку.
На пасяджэнні каардынацыЙнай нарады па барацьбе са злачыннасцю невыпадкова разгледжана пытанне аб прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, выкананні заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі. Па выніках разгляду было прынята адпаведнае рашэнне. У рэшце рэшт прынятыя захады дазволілі па выніках першага паўгоддзя некалькі стабілізаваць аператыўнае становішча са злачыннасцю непаўналетніх.
У рэчышчы нашай тэмы заканамерна ўзнікае пытанне аб асноўных відах правапарушэнняў. Сакрэта ніякага няма і не можа быць. Гэта правапарушэнні, прадугле­джаныя арт. 17.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, — распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў або піва ў грамадскім месцы, з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап’янення. У працэнтных адносінах гэта палова ўсіх супрацьпраўных праяў. У першым паўгоддзі 2014 года ў адносінах непаўналетніх супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў складзена 26 пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні. У цяперашні час на ўліку стаіць 55 чалавек, з іх за ўжыванне спіртных напояў — 13.
У першым паўгоддзі пракуратурай раёна праведзена чатыры праверкі выканання заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі. Па іх выніках унесена тры прадстаўленні, вынесена дзесяць прадпісанняў, прынесена два пратэсты. Адзінаццаць асоб афі­цыйна папярэджаны аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства, чатыры — прыцягнуты да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці. Пракурорскімі работнікамі праведзена 13 лекцый, выступленняў у моладзевых аўдыторыях, прафілактычных гутарак ва ўстановах адукацыі горада з тлумачэннямі непаўналетнім і іх законным прадстаўнікам адказнасці за супрацьпраўныя паводзіны. Праверана таксама выкананне заканадаўства аб абароне жыллёвых правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Устаноўлена, што маюць месца парушэнні пры абследаванні жылых памяшканняў гэтых катэгорый грамадзян.
Сённяшнія падлеткі — заўтрашнія будаўнікі моцнай і квітнеючай краіны. Таму ў моладзевым асяродку варта працаваць творча і эфектыўна, прафілактычны патэнцыял павінен прыносіць чакаемы станоўчы вынік.
Алег НЕСЦЯРОНАК,
пракурор раёна,
старшы саветнік юстыцыі.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.