Фiнiш на лепельскiм возеры

403Закончыўся сезон спаборніцтваў гэтага года ў Лепельскім аддзяленні абласной дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па веславанні на байдарках і каноэ. У гэты час на воднай гладзі ракі Ула разгортваліся ўпартыя паядынкі юных спартс-менаў, якія ў сумленнай канкурэнтнай барацьбе вызначалі, хто з іх мацнейшы, гатовы павесці за сабой сваіх сяброў-сапернікаў на дасягненне ўсё большых спартыўных вышынь.


І такія пачуцці для мяне зусім не чужыя. Так склалася, што я нарадзіўся і вырас у адной з аддаленых вёсак нашага раёна, на ўзбярэжжы прыгожага ляснога возера, таму назаўсёды ў маёй свядомасці замацавалася адчуванне вялікай асалоды ад простага знахо¬джання ў лодцы, якая шпарка рухаецца наперад па воднай гладзі, рассякае яе на дзве роўныя паловы, стварае прыгожыя хвалі, што разбягаюцца ў розныя бакі, потым паступова суцішваюцца, застаюцца дзесьці воддаль. Таму не змог пазбавіц¬ца і ад асабістай зайздрасці лепяльчаніну Аляксею Юшко, які ў гэты сапраўдны зазімак, вельмі халодны час года, з задавальненнем плыў на байдарцы па рацэ Ула. Хлопец умела карыстаўся вяслом і пакідаў пасля сябе толькі невялікія сляды-хвалі. І зусім не выпадкова яго твар асвятляла радасная ўсмешка.
— Зараз знаходжуся на двухтыднёвых вучэбных зборах у Лепелі, хаця сёлета паступіў і ўжо вучуся ў дзявятым класе абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву, бываю ў асноўным у Віцебску, дзе жыву ў інтэрнаце, — паведаміў Аляксей. — І кожны раз, калі здараецца нагода, з задавальненнем зноў прыязджаю ў Лепель, паколькі яшчэ не паспеў адвыкнуць ад родных мясцін.
— Як закончыў спартыўны сезон?
— З добрымі вынікамі. Гэта павінна дапамагчы паспяхова стартаваць у новым сезоне 2014 года. Справа ў тым, што на апошніх вялікіх спаборніцтвах года — адкрытым першынстве абласной дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ, пераадольваючы на байдарцы дыстанцыю 500 метраў, сярод сваіх равеснікаў-аднагодкаў прыйшоў на фініш трэцім, увайшоў у лік прызёраў. У першынстве ўдзельнічалі не толькі лепяльчане, але і найбольш падрыхтаваныя спартсмены з Віцебска, Магілёва, Барысава, Полацка, Оршы і Новалукомля.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: юны спартсмен-байдарачнік Аляксей Юшко.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.