Шары ляглі ў цэль

231Наведаў спаборніцтвы па пейнтболе — вялікую сцэнарную гульню “Салодкае слова — Перамога”. Сёлета вырашыў не ўдзельнічаць непасрэдна ў місіях. Хапі­ла ўспамінаў пра леташнія сінякі і гузы, якія чухаліся яшчэ ты­дзень, таму проста прайшоў па гульнёвай пляцоўцы, пагутарыў з людзьмі.
Сустрэў новых і таму вельмі цікавых суразмоўцаў — Леаніда і яго жонку Любоў з Масквы.
— Мы з Любай ужо даволі доўга, больш за дзесяць гадоў, ездзім па розных пейнтбольных гульнях. Бывалі ва ўсіх вялікіх гарадах еўрапейскай часткі Расіі, удзельнічалі ў турнірах у Фінляндыі. Таму можам параўнаць узровень арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў.
— Чым жа, на вашу думку, вызначаецца ўзровень пейнтбола ў Беларусі?
— У пераважнай большасці ў вас пейнтбол застыў на аматарскім узроўні. Няма руху наперад. Патлумачу, каб было зразумелым. У Беларусі пейнтбольныя клубы, тактычныя каманды арганізуюцца, выступаюць па тры — пяць гадоў, а потым паступова распадаюцца, бо ў каманды збіраюцца людзі прыблізна аднаго ўзросту, з адной сяброўскай кампаніі. З цягам часу ўдзельнікі гульняў перарастаюць гэта захапленне, у многіх з’яўляюцца новыя.
— А як жа ў Расіі? 233
— У Расіі пейнтбольная справа — гэта не захапленне, а бізнэс, які дае стабільны прыбытак, вядома, калі ім пастаянна займацца. Напрыклад, у Ніжнім Ноўгарадзе ёсць невялікая фірма, якая займаецца арганізацыяй святаў, карпаратываў, у тым ліку і правядзеннем пейнтбольных баёў. У іх напрацаваныя традыцыі, правілы, кожны элемент адшліфаваны.
— А якія недахопы вам патрапіліся на вока сёння?
— Першы і, на маю думку, самы прыкры — непунктуальнасць. Калі было заяўлена, што першая місія пачнецца а адзінаццатай гадзіне дня, то і трэба было пачынаць. А ў астатнім — на добрым узроўні: выдатная пляцоўка з перашкодамі, зброя, прадуманыя місіі.
— Бачу, вы апрануты не зусім па-пейнт­больнаму, у форму старшыны Савецкай арміі ўзору 1940 — 1960 гадоў…
— Гэта навадзел. Акрамя іншага я захапляюся рэканструкцыяй формы часоў Другой сусветнай вайны, таму набыў камплект. У Маскве зараз няма з гэтым ніякіх праблем, вытворчасць навадзелаў па старых узорах, лякалах, можна сказаць, пастаўлена на канвеер. Сёння паўдзельнічаў у некалькіх місіях, стаміўся, таму ад фінальнага бою адмовіўся. Каб усё ж такі не выпадаць з агульнага стылю мілітары, пераапрануўся ў старшыну.
Па традыцыі арганізатараў турні­ру, удзельнікаў лепельскай тактычнай каманды “Joker-pro” падтрымалі вайскоўцы з 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, якая дыслакуецца ў Заслонаве. Камандаванне выдзеліла палявую кухню для гатавання смачнай салдацкай кашы. Байцы разведроты брыгады наладзілі паказальныя выступленні.
* * *
Яшчэ адной “фішкай” сёлетняй пейнт­больнай бітвы стала з’яўленне на полі бою грознай баявой тэхнікі — танка. Аднак танк той уяўляў сабой усяго толькі старэнькі “Запарожац”, на які зверху прыладзілі фанерную вежу з драўляным ствалом. Экіпаж “машыны баявой” раз’язджаў па ­адзінай дарозе і праз байніцы агнём маркераў (пейнтбольных стрэльбаў) падтрымліваў сваіх байцоў у самых складаных сітуацыях.
IMG_0368Знаёмая дзяўчына Кацярына хаця і не вызначаецца бойкасцю характару, усё ж вырашыла на свае вочы паглядзець, што гэта за забава такая — пейнтбол.
— Адразу ўзяць у рукі маркер і хадзіць у атакі я не адважылася. На гульні прысутнічалі некалькі фатографаў, таму напрасілася да іх у кампанію. Мне выдалі ахоўную маску і строга загадалі не здымаць яе да таго часу, пакуль не пакіну гульнёвую зону. Як толькі пачаўся бой, мне падалося, што ўсе шары скіраваны толькі на мяне, некалькі разоў нават патрапілі па нагах. Таму я адразу вырашыла трымацца бліжэй да суддзі, за яго спіной. Суддзі насілі такую яркую форму, каб байцы здалёк заўважалі іх і не стралялі ў той бок. А яшчэ яны мелі пластыкавыя шчыты, каб прыкрывацца ад выпадковых шароў. Такім чынам я пабывала ў дзвюх місіях, да канца дня мяне не хапі­ла.
— Ну, і як уражанні?
— Незабыўныя. Адразу праніклася духам бою, вайны, калі дзеля перамогі байцы выкладаюцца з апошніх сіл. Уразіла, як на сваіх базах байцы падалі ў знямозе, не маючы сіл на чарговы рывок у бок пазіцый праціўніка.
Усяго ў вялікай сцэнарнай гульні “Салодкае слова — Перамога” прынялі ўдзел больш за дзве сотні байцоў. Яшчэ амаль столькі ж балельшчыкаў і гледачоў размяшчаліся на стаянцы, агляднай пляцоўцы. Усіх трэба было забяспечыць харчаваннем, выдзеліць месцы для начлегу, наладзіць побыт, прадугледзець, каб не здарылася інцыдэнтаў. Лепельская тактычная каманда “Joker-pro” справілася з задачай на вышэйшым узроўні.
Пасля выканання ўсіх місій суддзі параіліся і ўзнагародзілі лепшых. Было ўручана 20 медалёў у некалькіх катэгорыях. Каментуе кіраўнік “Joker-pro” Валерый Асоўскі:
— На некаторых турнірах арганізатары, каб задобрыць усіх, набываюць і ўручаюць шмат медалёў, такім чынам зніжаючы, нівелюючы іх вартасць, аўтарытэтнасць. На нашым турніры медалёў будзе ўручацца няшмат, таму ўладальнікі іх асабліва цэняць.
Па добрай традыцыі імпрэза завяршылася рок-канцэртам пад адкрытым небам.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: судзейская брыгада; момант гульні.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.