Герой газетной заметки на Лепельщине

shkindzerГартаючы старыя падшыўкі “Калгаснай праўды”, у нумары за 16 ліпеня 1939 года ўвагу прыцягнула невялікая нататка з кідкай назвай “Шкіндзер і Крыцкі ашукваюць калгаснікаў”. Аўтар артыкула Р. Міхно крытыкаваў арганізацыю сенакосу ў калгасе “8 Сакавіка” Замошскага сельсавета. Згаданы ў назве Якаў Шкіндзер “брыгадзір другой брыгады двухмятроўку павялічыў на некалькі сантыметраў, ашуквае калгаснікаў пры абмеры скошанай імі плошчы”. На колькі праўдзівымі былі факты, згаданыя ў артыкуле, сёння мы ўжо не даведаемся. Але ў тыя складаныя часы нават самая бяскрыўдная крытыка магла паламаць лёс чалавека. Таму было цікава прасачыць, як склалася жыццё аднаго з герояў той даўняй публікацыі Якава Шкіндзера, імя якога патрапіла на старонкі нашай “раёнкі” ў далёкія ўжо трыццатыя гады мінулага стагоддзя.
Найперш з адшуканымі ў газеце звесткамі пазнаёміў краязнаўцу Васіля Шкіндзера, які пацвердзіў, што згаданы ў артыкуле чалавек з’яўляецца яго дзедам. Да Васіля звярнуўся не выпадкова, бо краязнаўца ў сваіх аповедах часта згадваў імя блізкага родзіча.
Усё свядомае жыццё Якаў Шкіндзер пражыў у невялікай вёсцы Вобалачча, якая да сярэдзіны 1980-х гадоў месцілася ў трохкутніку паміж значна большымі паселішчамі: Гаразянкі, Рэутполле і Валатоўкі. У Вобалачча Шкіндзер прыйшоў у прымакі з Вялікага Жэжліна ў сярэдзіне 1930-х гадоў да аўдавелай Кацярыны Плют. З артыкула мы ведаем, што ён працаваў у калгасе брыгадзірам. У калектыўную гаспадарку “8 Сакавіка” да сярэдзіны 1950-х гадоў былі аб’яднаны сялянскія гаспадаркі вёсак Вобалачча і Рэўтполле.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны Якаў пад мабілізацыю не трапіў. Адрасціўшы бараду, каб здавацца нашмат старэйшым за свае сорак год, імкнуўся лішні раз не мазоліць вочы ні партызанам, ні немцам. Але аднаго разу ўсё ж трапіў пад падазрэнне акупацыйных уладаў за парушэнне каменданцкага часу. Два тыдні правёў за кратамі ў Новых Валосавічах, адкуль арыштанта павезлі ў Свяду. Няблізкая дарога ішла праз Вобалачча. Ля сваёй сядзібы Якаў папрасіў спыніць падводу, каб развітацца з роднымі. Канваір паслухаўся — адпусціў. Заскочыўшы ў хату, праз гарышча выбраўся на падворак і кінуўся ў лес, які пачынаўся за агародамі.
У ліпені сорак чацвёртага разам з іншымі мужчынамі з навакольных вёсак Якава Шкіндзера прызвалі ў Чырвоную армію.
Васіль памятае, як дзед распавядаў пра вайну ўнукам. Тыя цікавіліся, чаму ён ваяваў усяго некалькі месяцаў, калі вайна цягнулася чатыры гады? На пытанне малых стары адказваў, што і адзін дзень, праведзены на вайне, ужо многа. Пасля першага бою ў жывых са ста чалавек добра, калі заставалася дзесяць. Якаву пашчасціла двойчы. Першы раз ён быў паранены ў галаву і два дні правёў на полі сярод забітых таварышаў. Ужо пасля, як апрытомнеў, распавядалі санітары: падыдуць, памацаюць — не здранцвеў, значыць жывы, ідуць падбіраць і хаваць забітых. Пасля месяца, праведзенага ў шпіталі, зноў вярнуўся ў строй. Другі раз не ўратаваўся ад снайперскай кулі, быў цяжка паранены ў нагу ля латвійскага горада Лібава. На гэтым вайна для Шкіндзера скончылася: пасля лячэння камісавалі і адправілі дахаты. Дзякуючы гэтаму і застаўся жывы. Медалём “За баявыя заслугі” былы франтавік-пехацінец быў узнагароджаны толькі пасля вайны — напрыканцы 1945 года.
Да самага выхаду на пенсію Якаў Шкіндзер працаваў у калгасе на розных адказных пасадах: быў загадчыкам склада, брыгадзірам. Дзякуючы гэтаму сям’я не галадала. Употайкі, але была магчымасць прынесці дадому жменю зерня і накарміць траіх дзяцей.
Колькі Васіль памятае дзеда, той ніколі не сядзеў без справы, увесь час нешта майстраваў. Здатны быў плесці кашы.
Даўно ўжо няма на гэтым свеце Якава Шкіндзера, які пражыў складанае, але цікавае і насычанае драматычнымі падзеямі жыццё. У спадчыну ад дзеда ўнукам засталіся не толькі ўспаміны, але і прыклад цягавітай і нястомнай сялянскай працы.
Няма ўжо і вёскі Вобалачча, з якой апошнія жыхары выехалі напрыканцы 1980-х гадоў. Адзінае, што нагадвае пра вёску, — старая шкіндзерава лазня. Ды яшчэ ў падшыўках старых газет можна адшукаць шмат цікавых фактаў, пра тое як тут жылі людзі.
Валерый ТУХТА,
краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.